Адданы сваёй прафесii

Культура

    У працоўнай кніжцы Віктара Уладзіміравіча Поклада ўсяго адзін запіс. Ужо 23 гады ён працуе вадзіцелем спецыялізаванай хлебнай машыны ў райспажыўтаварыстве. Увесь гэты час на добрым рахунку ў кіраўніцтва, яго характарызуюць як надзейнага і адказнага работніка. Пры любых форс-мажорных абставінах на гэтага чалавека можна разлічваць.

Нарадзіўся Віктар Уладзіміравіч у вёсцы Янушкавічы Пяршайскага сельсавета. Пасля заканчэння 11-і класаў Пяршайскай сярэдняй школы пайшоў вучыцца на шафёра ў Валожынскае ПТУ. Адразу пасля курсаў яго прызвалі ў армію. Службу праходзіў у войсках Ваенна-паветраных сіл у Баранавічах. Паколькі ў маладога чалавека былі правы, то стаў вадзіцелем цягача, у абавязкі ўваходзіла транспарціроўка самалётаў.

Прыйшоўшы з арміі, распачаў працу ў райспажыўтаварыстве. Выбранай справе адданы і па сённяшні дзень. Работу сваю В. У. Поклад вельмі любіць, таму не звяртае ўвагі на такія недарэчнасці, як паломкі, рамонты ў дарозе. Гаворыць, што праца на хлебнай машыне прыносіць задавальненне, стала для яго галоўным захапленнем. У рэдкія хвіліны адпачынку Віктар Уладзіміравіч любіць паглядзець па тэлевізары добры жыццёвы фільм. Для падтрымання здароўя займаецца спортам. Не мае дрэнных звычак.

Патрабуе ўвагі і асабісты дом. Мужчына з сям’ёй жыве ў Вішневе. Жонка працуе прадаўцом у адным з мясцовых магазінаў. У нашага героя трое сыноў. Двое ўжо дарослыя, яны атрымалі адукацыю і выбралі працу па густу. З жонкай выхоўваюць малодшага сына, які цяпер вучыцца ў восьмым класе.

Працоўны дзень у вадзіцеля хлебнай машыны пачынаецца ў пяць гадзін раніцы. У гэты час ужо трэба быць на хлебазаводзе. Загрузіўшы такую неабходную прадукцыю, машыны райспажыўтаварыства раз’язджаюцца па сваіх маршрутах. Спачатку Віктар Уладзіміравіч развозіць свежы хлеб па 13-і гандлёвых кропках райцэнтра. Затым вадзіцель абслугоўвае Багданаўскую зону. Гэта 14 магазінаў, пачынаючы са Шчаўканаў і заканчваючы Вайганамі. І ў кожным населеным пункце пакупнікам хочацца набыць свежы, яшчэ цёплы хлеб, таму нельга выбівацца з графіка. За рэйс В. У. Поклад перавозіць прыблізна тону хлеба. Прыходзіцца папрацаваць і грузчыкам, хочацца дапамагчы жанчынам-прадаўцам. Здараецца ездзіць па іншых маршрутах, што нашаму герою даспадобы, бо ён любіць паглядзець на незнаёмыя краявіды, пазнаёміцца з новымі людзьмі. Заканчваецца працоўны дзень у чатыры-пяць гадзін вечара.

18 гадоў назад Віктар Уладзіміравіч атрымаў новую машыну. З таго часу са сваім ГАЗ-3307 неразлучны. Лічыць, што машына павінна быць у адных руках, глядзіць за ёй, як за дзіцем. Адгулы бярэ, толькі калі прымушаюць сямейныя абставіны, а так працуе без выхадных. На ім ляжыць адказнасць за тое, калі ў магазіны трапяць свежыя хлебабулачныя вырабы.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *