У падарунак – тэлевізар і верталёты, поўныя цукерак…

Официально

На пераднавагодняе мерапрыемства, падрыхтаванае навучэнцамі і педагагічным калектывам Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната, наведаліся шаноўныя госці з раёна, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і інш. Прыбылі не з пустымі рукамі, іх аўтамабілі поўніліся падарункамі…

Старую добрую навагоднюю казку выхаванцы зрабілі яшчэ больш душэўнай і цёплай. Дзед Мароз і Снягурка не скупіліся на кампліменты і салодкія прызы ў канцы кожнага нумара, а зала грымела апладысментамі…

Радасным акордам на свяце стала, вядома ж, уручэнне падарункаў. З віншаваннямі выступілі намеснік дырэктара Дэпартамента гуманітарнай дзейнасці Упраўлення спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Леанід Чаўко, намеснік начальніка навукова-даследчага інстытута пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый МНС Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Сянько, старшыня фонду “Дотык да жыцця” Ларыса Івашкевіч, начальнік упраўлення ваенна-патрыятычнага выхавання Міжнародных міратворчых сіл Андрэй Тапаз, кіраўнік Валожынскага аддзялення ААБ “Белаграпрамбанк” Таццяна Ціганіна, прадстаўніца дабрачыннага фонду “Сям’я дзіцяці” холдынгу “Белсувязьэнергазберажэнне” Галіна Юшкевіч. А пасля ў маленькіх руках апынуліся і самі падарункі – навагоднія наборы, цацкі, цукерачныя наборы ў выглядзе папяровых верталётаў і – адзін на ўсіх – тэлевізар. Ролю ж фінальнай ноты адыграў вялікі агульны салодкі стол.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *