Паштовы “shop” i iншыя дастаўкi

Общество

Пошта была і застаецца самай запатрабаванай службай у насельніцтва: тут можна адправіць бандэроль ці пасылку, паштовы перавод, аформіць падпіску на любімае выданне, аплаціць паслугі і нават набыць самы хадавы, як кажуць у народзе, тавар. Але мабільны век дыктуе свае ўмовы.

    Патрэбы кліентаў мяняюцца, і пошта таксама павінна мяняцца, каб адпавядаць запытам людзей. Таму паштавікі развіваюць новыя паслугі. Больш падрабязна пра ўсе новаўвядзенні мы пагутарылі з начальнікам раённага вузла паштовай сувязі Марынай Аляксандраўнай ІОДА:

– Пачну з альтэрнатыўнай паслугі каталожнага гандлю, досыць распаўсюджанай у спажывецкім асяроддзі як Е-Дастаўка. Гэта своеасаблівы паштовы інтэрнэт-магазін беларускіх тавараў: на сайце белпошты ён пазначаны, як shop.belpost.by. Вобразна кажучы, чалавек, седзячы дома на канапе, можа заказаць любы тавар айчынных вытворцаў – ад складанай бытавой тэхнікі, адзення, абутку да гаспадарчых прылад  – і на працягу 5 сутак (буйнагабарытны тавар – да 10 сутак) пошта даставіць яго спажыўцу. Звярну ўвагу, што заказ будзе аформлены напрамую са склада вытворцы, таму і каштаваць рэч будзе значна танней.

Да разраду нетрадыцыйных для пошты адносіцца і нядаўна ўведзеная паслуга ААІС – доступ да дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў праз узаемадзеянне з агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмай. З дапамогай яе любы жыхар Беларусі можа атрымаць інфармацыю аб нерухомай маёмасці, якая на яго аформлена: напрыклад, дом, зямельны ўчастак, недабудаваны закансерваваны будынак, ізаляванае памяшканне. Паслуга ў большасці будзе карысная тым, каму даводзіцца запаўняць дэкларацыю аб даходах.

Значна пашырылі і колішнія паслугі. Напрыклад, вам неабходна тэрмінова перадаць дакументы; забыліся штосьці важнае дома ці ў сяброў; хочаце адправіць падарунак родным і блізкім? Дапаможа паштовае адпраўленне “Па шляху” («По пути») і паслуга «Паштовы кур’ер». Тут хачу патлумачыць, што пяць разоў на тыдзень паштовая машына едзе па вызначаным маршруце ў аддзяленне сувязі. Такіх маршрутаў у нас восем. І калі чалавек пражывае ў населеным пункце, праз які едзе машына, пасылка будзе дастаўлена на дом ці забрана з дома і адпраўлена ў любое аддзяленне сувязі Мінскай вобласці. Дарэчы, пунктам атрымання і адпраўкі паслугі «Па шляху» ў горадзе Мінску з’яўляецца паштовае аддзяленне па вуліцы Вакзальнай, 22.

Паслуга “Паштовы кур’ер” цяпер даступная не толькі для юрыдычных асоб, але і для фізічных. Яна прадугледжвае абслугоўванне на даму. Не наведваючы аддзяленне пошты, а па тэлефоне можна заказаць машыну: прыедзе работнік, забярэ для адпраўкі цяжкую пасылку ці проста карэспандэнцыю і адправіць за вас.

Пры адпраўленні пісьмовай карэспандэнцыі 1-м класам пісьмо дастаўляецца ў паўтара раза хутчэй і вага карэспандэнцыі можа быць да 100 грамаў, прытым як простае пісьмо не павінна перавышаць 20 грамаў. Паштовае адпраўленне заказной карэспандэнцыі з адзнакай “Камфорт” прадугледжвае SMS-паведамленне аб уручэнні. Атрымаць адпраўленне можна па любым адрасе і ў зручны час, а  ў сталіцы ёсць вячэрняя дастаўка з 19 да 21 гадзіны. Набыла развіццё ЕМS – паскораная пошта: бясплатная экспрэс-дастаўка дакументаў і тавараў па прынцыпе “ад дзвярэй да дзвярэй” у любую кропку Беларусі і свету.

Хачу нагадаць і пра плацежна-даведачны тэрмінал, які ўстаноўлены ў 1-м гарадскім і Івянецкім аддзяленнях паштовай сувязі. Дзякуючы гэтай сучаснай тэхніцы, можна аплаціць любыя паслугі без чэргаў і камісій як грашамі, так і банкаўскай плацежнай карткай. Дарэчы, у хуткім часе плануем устанавіць плацежна-даведачны тэрмінал у Ракаўскім універсаме. Галоўнае для работнікаў пошты – дайсці да кожнага чалавека і зэканоміць яго час.

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *