Справа параднасцi пад’езда

Общество

    Яшчэ адзін цяжкі “воз”, а іменна – уборку пад’ездаў, рашылі зрушыць з месца камунальнікі. Справа гэта, бясспрэчна, патрэбная як з пункту гледжання гігіены, так і эстэтыкі.

Не так даўно ў райцэнтры былі ўведзены дзве адзінкі работніц па ўборцы пад’ездаў. Вядома, на 204 пад’езды малавата, але раз у месяц прыступкі ў шматпавярхоўках венік бачылі. Цяпер жа плануецца арганізаваць яшчэ і вільготную ўборку. Першая задача, якую неабходна рашыць, – вызначыцца, жыльцы якіх дамоў гатовы плаціць за такую паслугу, другая – дзе прыбіральшчыцам набіраць ваду, бо далёка не ўсе падвалы абсталяваны водаправоднымі кранамі. Ёсць і такая праблема, як вялікая колькасць неадрамантаваных акон у пад’ездах, мыць іх трэба, а рабіць гэта складана.

Спатрэбяцца і дадатковыя працоўныя рукі. Плануецца, што штат прыбіральшчыц павялічыцца да пяці адзінак. Эканамісты РУП “Валожынскі жылкамунгас” падвялі і падлікі “чалавека-гадзін”, разлічваючы суму аплаты, якая будзе залежыць ад агульнай плошчы кватэры. За адзін квадратны метр агульнай плошчы кватэры пры “сухой” уборцы тарыф склаў 91,27 рубля, а пры вільготнай – 327 рублёў. Пры такім раскладзе пад’езды за месяц будуць двойчы памытыя і чатыры разы падмецены.

Інжынер інжынерна-эксплуатацыйнага ўчастка жылкамунгаса Л. В. Войтава вывучала меркаванні грамадзян наконт новаўвядзення. Так, жыльцы дома № 18 па вуліцы Партызанскай райцэнтра катэгарычна адмовіліся ад паслуг прыбіральшчыц і запэўнілі, што самі забяспечаць чысціню і парадак. Гэта іх права, іх зэканомленыя грошы. А ці справяцца грамадзяне з абяцаннем, пакажа кантроль.

Першапачатковыя апытанні паказалі, што станоўча ставяцца да платнай уборкі якраз тыя жыльцы, хто сам не лянуецца браць у рукі венік і анучу. А такіх, як паказвае практыка, нашмат менш.

З увядзеннем новай паслугі больш жорсткія меры ўздзеяння чакаюць гаспадароў катоў і сабак. Не сакрэт, што некаторыя хатнія гадаванцы жывуць у пад’ездах, падвалах, дзе кормяцца, выводзяць патомства і, вядома ж, гадзяць. Ад жывёл-“нелегалаў” месцы грамадскага карыстання неабходна вызваліць.

У хуткім часе ў кожным шматкватэрным доме пройдуць сходы, на якіх высветліцца, ці жадаюць людзі, каб іх пад’езды прыбіраліся сіламі камунальнікаў. Толькі пры стопрацэнтнай падтрымцы прыбіральшчыцу замацуюць за домам.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий