Выберам птушку раёна!

Общество

Грамадская арганізація «Ахова птушак Бацькаўшчыны» пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза-Праграма развіцця ААН пачынае рэалізацыю ініцыятывы «Прыродны сімвал раёна (птушка) як каталізатар развіцця экатурызму на Валожыншчыне».

На сённяшні дзень у Беларусі толькі два раёны маюць прыродныя сімвалы. У Слуцкім – салавей, нядаўна там адкрыты Музей салаўя. Знак Міёрскага краю — журавель, штогод там праходзіць фэст «Жураўлі і журавіны». Выбар птушкі-сімвала Валожынскага раёна – гэта толькі пачатак праграмы, якая прадоўжыцца да жніўня.

Пасля таго, як птушку выберуць, у райцэнтры з’явіцца яе скульптура, а таксама графіці новага сімвала раёна ў Валожыне і Івянцы, а для аматараў актыўнага адпачынку ўздоўж вела- і воднага маршрутаў — інфармацыйныя шчыты. Гэта павінна спрыяць развіццю такога па-экалагічнаму дружалюбнага хобі, як бердвочынг. Жыхары раёна змогуць праводзіць акцыі, шукаць новыя месцы рассялення і распавядаць турыстам пра птушак раёна.

Праграма па выбары птушкі дасць сур’ёзны імпульс экатурызму раёна. На майстар-класах гідаў навучаць «прыродным» экскурсіям, а ўладальнікам аграсядзіб раскажуць пра тое, якія крылатыя суседзі зазіраюць да іх на ўчастак. Акрамя таго, рамеснікі атрымаюць навыкі вырабу ўнікальных сувеніраў.

За мінулы год у раёне пабывала каля 13 тысяч гасцей, але турыстычны патэнцыял Валожыншчыны значна шырэйшы. Менеджар праекта Карына Салавей заўважыла, што рэгіён вельмі спрыяльны для адпачынку – з унікальнай прыродай і добразычлівымі людзьмі. Але ў той жа час яму не хапае сваёй «іскрынкі», якой можа стаць птушка-сімвал. Гэта дапаможа выгаднаму пазіцыянаванню рэгіёна на турыстычным рынку.

На званне сімвала могуць прэтэндаваць адразу некалькі птушак, бо з біялагічнага пункту гледжання раён унікальны. Менавіта тут ёсць буйнейшыя ў краіне папуляцыі зімародка, чорнага бусла і малога падворліка, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. І гэта толькі некалькі прэтэндэнтаў на знак Валожыншчыны. Поўны спіс узгоднены на круглым стале з мясцовымі актывістамі 18 лютага, а вясной на сайце АПБ выбраць падыходзячую птушку зможа любы мясцовы жыхар. Запрашаем усіх актыўных і неабыякавых людзей далучыцца да рэалізацыі ініцыятывы!

Для таго, каб прыняць удзел, звяжыцеся, калі ласка, з намі па электроннай пошце salavei@ptushki.org.

Марыя Грыц,

спецыяліст ініцыятывы

«Прыродны знак раёна (птушка) як каталізатар развіцця

экатурызму на Валожыншчыне»



Добавить комментарий