Кубачак кавы “У францішканаў”

Общество

Адкрыццём кавярні сёння нікога не здзівіш. Гэтыя ўстановы грамадскага харчавання і прыватнай прыналежнасці актыўна заваёўваюць рынак паслуг. Але адна з такіх устаноў у Івянцы ўсё ж выклікае здзіўленне. Бо яна асаблівая. Утульная кавярня “У францішканаў” размешчана на тэрыторыі касцёла Святога Міхала Арханёла (белага касцёла) і кляштара францішканаў.

201602293Не так часта пры храме сустрэнеш аналагічны ўтульны куточак, дзе можна камфортна адпачыць, падсілкавацца. Паўтара года таму гасцінна запрасіла кавярня сваіх першых наведвальнікаў. З густам аформлены інтэр’ер гэтай установы мае і духоўна-рэлігійны аспект: на галоўнай сцяне змешчаны барэльеф святога Францыска Асізскага – патрона манахаў, якія працуюць пры івянецкім храме. Ініцыятарам адкрыцця кавярні стаў айцец Лех Баханэк. Рэалізацыі задуманага паспрыялі спонсарская дапамога і падтрымка з боку шматлікіх парафіян.

201602292У абедзеннай зале адначасова могуць размясціцца да 40 наведвальнікаў. Усіх ветліва абслугоўвае Ірына Антонаўна Паплаўская. У меню – піца, чабурэкі, бліны, кактэйлі, гарачы шакалад, сокі, розныя віды кавы, духмяны чай і інш.

Інтэр’ер установы аформлены з густам. Тут і дэкаратыўныя кветкі, плазменны тэлеэкран, аўдыякуток, гульнявыя церамкі для дзяцей, клетка з папугаямі і канарэйкамі… У кафэ з задавальненнем зазіраюць не толькі парафіяне і іх дзеці, але іншыя івянчане і госці мястэчка. Яно запатрабавана ў дні правядзення традыцыйнай Міждыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі, а таксама «Музычнай майстэрні», калі ў Івянцы збіраюцца маладыя людзі з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы. Гэта і месца сустрэч скаўтаў.

201602294Мясцовыя юныя жыхары, безумоўна, таксама стараюцца пабываць “У францішканаў”. Тут святкуюць хлопчыкі і дзяўчынкі свае Дні нараджэння,  спраўляюць выпускныя пасля заканчэння дзіцячага сада, сюды наведваюцца паломнікі і турысты, якія цікавяцца гісторыяй старажытных храмаў…

У прасторным двары храма абсталяваны гульнявыя і спартыўная зоны адпачынку. Невыпадкова тут заўсёды нямала падлеткаў, маладых мамаў з дзецьмі. Адпачыўшы на свежым паветры, многія затым з задавальненнем праводзяць некалькі хвілін ва ўтульнай кавярні.

Ірына ПАШКЕВІЧ,

 фота аўтара



Добавить комментарий