Звярынец за шафай

Культура

Калі для якога дзіцяці матэматыка – “цёмны лес”, яго часам суцяшаюць словамі “нічога, абы грошы лічыць умеў…”.

Цяпер жа, калі чакаецца дэнамінацыя, нават для некаторых дыпламаваных фінансістаў палічыць грошы, а тым больш перавесці плацяжы ў новую рэальнасць акажацца нялёгкай справай: вырасла цэлае пакаленне, якое не ведае, што такое капейкі і колькі іх у адным рублі…

Гадоў дваццаць пяць назад нашы кашалькі напаміналі фотаальбом з выявамі розных прадстаўнікоў фаўны: зайцы, вавёркі, бабры, ласі ды мядзведзі. Звярынец той намаляваны быў адмыслова, што не скажаш пра лічбы: іх патрэбна было памнажаць на дзесяць. Трымаеш купюру з мядзведзем наміналам пяцьдзясят рублёў, а на самай справе ты – шчаслівы ўладальнік сумы ў пяцьсот “зайчыкаў”. Праўда, многа было грошай ці мала, абмяняць іх на нейкі неабходны тавар удавалася не заўсёды – паліцы магазінаў прапановамі не радавалі, а калі што і з’яўлялася, то трэба яшчэ і купоны мець. Былі яны і на цукар, і на бакалею, на тытунь. Бялізну ці абутак часам па прадпрыемствах і арганізацыях размяркоўвалі, а там ужо латарэю ладзілі.

Прыкладна ў тыя ж часы пачаў зараджацца прыватны гандаль. Ларкі з’яўляліся, як грыбы пасля дажджу. Асартымент прапаноўваўся амаль ва ўсіх аднолькавы: жавальныя гумкі, шакаладныя батончыкі “Снікерс” і “Марс”, замежныя цыгарэты ды іншая дробязь. Каляровыя вітрыны, як магнітам, прыцягвалі дзяцей, не адагнаць было!

…Кацярынцы мама і тата давалі грошы толькі раз на тыдзень, але ж салодкую жвачку хацелася мець кожны дзень. Калі супраціўляцца жаданню не стала ніякай моцы, дзяўчынка выцягнула адну паперку з мамінага кашалька.

– Дваццаць пяць рублёў! Хопіць якраз на дзве гумкі, мне і Сярожку! А то ён мяне і ўчора, і заўчора частаваў! – абрадавалася малая.

У запаветнае акенца Каця працягнула ружовую купюру з ласём і ветліва папрасіла дзве жуйкі “Том і Джэры” з наклейкамі. Прадаўшчыца паклала на прылавак жоўта-чырвоныя кубікі і пачала адлічваць рэшту. У руках замільгалі рознакаляровыя паперкі, і хутка цэлы стос “зайцаў” і “вавёрак” ляжаў перад Кацяй. Дзяўчынка здранцвела: як замест адной паперкі яна пакладзе ў мамін кашалёк гэты тоўсты пачак? Заціснуўшы ў кулачку грошы, яна кінулася раіцца з Сярожкам, што рабіць: не хочацца і сямейны бюджэт падрываць, і ў крадзяжы прызнавацца. Сябар выйсце падказаў хутка: закінь грошы за шафу і забудзь.

На наступны дзень ужо Сярожка папасвіўся ў маміным кашальку. Купіў адзін на дваіх з сяброўкай Кацяй “Снікерс”, схапіў цукерку і накіраваўся дадому, як прадаўшчыца супыніла яго:

– Хлопчык, а рэшта?

– Не трэба! – адказаў Сярожка, памятаючы, колькі праблем мела ўчора Каця.

Не ведаў ён толькі, што прадаўшчыца добра знаёма з яго маці. Ёй яна і вярнула рэшту. Дома Сярожку чакала непрыемная размова, яму на некаторы час было забаронена выходзіць гуляць на вуліцу. Каб хоць неяк падняць настрой сябру, Кацярынка наведвала яго. Яны жавалі па чарзе адну гумку і гулялі на прыстаўцы ў “Супербратоў Марыо”.

Купюры, якія Каця схавала за шафу, праз год адшукалі бацькі, калі пераклейвалі ў пакоі шпалеры. Але на той час “зайчык” ужо паспеў абясцэніцца…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий