Устойлiвы эканамiчны рост – неабходнасць часу

Общество

Эканоміка – ключ ад нашага дабрабыту. Гэта аксіёма мнагакратна падкрэслівалася і на чарговым пасяджэнні райвыканкама 26 лютага, калі абмяркоўваліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2015 год. Дададзім, што на гэты раз выканаўчая ўлада праводзіла, як гэта практыкавалася і раней, сваё пасяджэнне сумесна з сесіяй раённага Савета дэпутатаў.

Выкананне асноўных прагнозных паказчыкаў, аналіз дасягнутых здабыткаў і існуючых праблем, іншыя аспекты развіцця нашага раёна склалі змест даклада намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Віктаравіча Бразоўскага. Былі названы дзясяткі станоўчых фактаў, якія сведчаць пра стабільны, устойлівы тэмп развіцця рэгіёну, адзначаліся і ўпушчэнні ў рабоце.


201603012
У зале ў той дзень прысутнічалі не толькі члены райвыканкама, кіраўнікі структурных падраздзяленняў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, але і старшыні гарпассельвыканкамаў, ідэолагі, а таксама асобы, уключаныя ў рэзерв кадраў раёна. Гэта і ёсць той кадравы патэнцыял, на які ўскладзены маштабныя задачы па рэалізацыі эканамічных, сацыяльных і іншых задач развіцця рэгіёну. Менавіта кіраўнікі рознага ўзроўню ў першую чаргу і нясуць адказнасць за стабільнасць сітуацыі ў пэўным калектыве, за дастойную заработную плату сваіх падначаленых, за тое, каб з месяца ў месяц назіралася дынаміка развіцця прадпрыемства, арганізацыі.


На жаль, не ўсе кіраўнікі сёння ў поўнай меры спраўляюцца з ускладзенымі на іх абавязкамі па забеспячэнні прагнозных паказчыкаў, не ўсе дэманструюць уменне працаваць эфектыўна ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Аб гэтым не раз у час пасяджэння райвыканкама гаварыў і кіраўнік раённай вертыкалі ўлады Уладзімір Антонавіч Наумовіч. Ён адрасаваў аб’ектыўную крытыку сектару эканомікі райвыканкама, які павінен быць фарпостам у выпрацоўцы стратэгічнай лініі развіцця раёна. Сур’ёзныя прэтэнзіі былі прад’яўлены і да некаторых сельгаспрадпрыемстваў. У прыватнасці, ТАА “Тарасава”, якім кіруе Р. А. Міхалевіч. Яму ўказана на недастатковы ўзровень вытворчасці валавой прадукцыі ў гаспадарцы, зніжэнне вытворчасці буйной рагатай жывёлы, іншыя недахопы ў эканоміцы. Мінулы год выдаўся спрыяльным для раслінаводства, корманарыхтоўкі.

201603014І невыпадкова, што пры гаспадарчым падыходзе многія сельгаспрадпрыемствы паказалі зайздросныя вытворчыя вынікі. Але нямала, на жаль, і аўтсайдараў. Было адзначана, што, толькі дзякуючы строгай тэхналагічнай дысцыпліне, граматнаму падыходу кіраўнікоў да выканання эканамічных задач, у нашым раёне летась намалацілі 98 тысяч тон ураджаю зерневых культур. Забяспечана і досыць важкая прыбаўка хлеба – 14 тысяч тон. Для ўстойлівага развіцця жывёлагадоўлі была сфарміравана і добрая кармавая база – назапашана 23 цэнтнеры кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы. Сабраны неблагі ўраджай бульбы, буракоў і іншых культур. Сёння гэтыя здабыткі акупляюцца нядрэннымі паказчыкамі ў вытворчасці валавой прадукцыі СВК. У некаторых гаспадарках дояць па 8-10 літраў малака на карову. Разам з тым асобныя маюць толькі скупыя тры літры. Уладзімір Антонавіч выказаў сваю незадаволенасць такім фактам: многія кіраўнікі прадпрыемстваў аграрнага і прамысловага сектара маюць значную запазычанасць за электраэнергію, газ, падначаленыя ім калектывы мінусуюць па некаторых прагнозных паказчыках, і тым не менш, як гэта ні парадаксальна, заработная плата ў такіх кіраўнікоў па-ранейшаму высокая. А гэтыя складальнікі эканомікі, згадзіцеся, павінны быць збалансаванымі. Недапушчальна, калі назіраецца значны разрыў у зарплаце кіраўнікоў і падначаленых.

“У нас залатыя, старанныя людзі! Ёсць нямала сапраўдных прафесіяналаў! Толькі ім патрэбна забяспечыць усе ўмовы для эфектыўнай штодзённай працы. А гэта ўжо прамая задача кіраўнікоў”, – рэзюмаваў У. А. Наумовіч. У прыклад былі прыведзены прозвішчы многіх радавых працаўнікоў, спецыялістаў, кіраўнікоў, якіх без перабольшання можна назваць гонарам і славай Валожыншчыны. Гэта і даярка КСУП “Манькаўшчына-2014” Таццяна Баляславаўна Зенька, роўнай якой па надоях малака няма ў нашым раёне. Лепшы камбайнер 2-тысячнік з КСУП “Пяршаі-2014” Анатоль Іванавіч Жамоздзік, які разам са сваім памочнікам у роднай гаспадарцы сёлета ўбраў амаль 40 працэнтаў збожжавых палеткаў. На яго плечы лёг і ўвесь цяжар, звязаны з уборкай буракоў.

20160301526 лютага чарговае пасяджэнне райвыканкама супала з урачыстым ушанаваннем лепшых работнікаў усіх сфер раёна па выніках 2015 года. Таму шчырыя словы прызнання лепшым з лепшых, якія гучалі з вуснаў старшыні райвыканкама, былі вельмі дарэчы. Ужо каторы год не страчвае сваіх лідарскіх пазіцый Валожынскі філіял ДП “Мінаблпаліва”, якім кіруе Міхаіл Ігнатавіч Радына. Па выніках мінулага года падначалены яму калектыў зноў стаў пераможцам у Мінскай вобласці. З году ў год ён трымае пальму першынства сярод калег сталічнай вобласці. З рук старшыні райвыканкама Міхаіл Ігнатавіч – тытулаваны заслужанай славай кіраўнік – атрымаў высокія ўзнагароды. Прынята рашэнне райвыканкама аб занясенні гэтага прадпрыемства на раённую Дошку гонару па выніках 2015 вытворчага года.

Старшыня райвыканкама ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў Ганаровыя граматы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта за плённую добрасумленную працу, прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё сталічнай вобласці Канстанціну Пятровічу Бобрыку – вадзіцелю філіяла ДП «Мінаблпаліва»; Іосіфу Іванавічу Карэйву – аператару па адкорме буйной рагатай жывёлы фермы «Коцеўшчына» ААТ «Багданаўскае»; Ірыне Уладзіміраўне Уланчык – настаўніцы матэматыкі гімназіі № 1 г. Валожына. Падзякі старшыні аблвыканкама аб’яўлены Генадзію Іванавічу Бібіку – вадзіцелю КСУП «Сівіца»; Андрэю Уладзіміравічу Васілеўскаму – намесніку начальніка цэха па вытворчасці ААТ «Валожынская райаграпрамтэхніка»; Алене Фёдараўне Кадырка – загадчыцы Сакаўшчынскага фельчарска-акушэрскага пункта.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта Ганаровыя дыпломы пераможцаў атрымалі ў той дзень кіраўнікі лепшых прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў па выніках 2015 года, а таксама пераможцы ў індывідуальным спаборніцтве ў адпаведных намінацыях.

Высокія ўзнагароды, словы прызнання за плённую працу былі для іншых стымулам паправіць сітуацыю, адчувальна падцягнуць паказчыкі. Безумоўна, калі правільна выпрацаваць стратэгію, калі штодзённа, штомесячна скрупулёзна аналізаваць стан спраў у калектыве, шукаць рэзервы росту, то станоўчы вынік абавязкова будзе. І гэта даказаў дырэктар ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” Р. У. Вайніцкі, падначаленае прадпрыемства якога пераадолела адставанне і паспяхова завяршыла мінулы вытворчы год, выканаўшы прагнозны паказчык па вытворчасці прамысловай прадукцыі.

Сёння многія прадпрыемствы, на жаль, маюць стратную эканоміку. Але кіраўнікі не сядзяць склаўшы рукі, а стараюцца кардынальна змяніць сітуацыю да лепшага. Так, напрыклад, дырэктару ААТ “Валожынскі льнокамбінат” А. А. Бобрыку ўдалося амаль 8-мільярдныя страты скараціць амаль у два разы. А гэта ўжо вялікі плюс.

201603013Падкрэслівалася, што важна больш эфектыўна працаваць раённай спажыўкааперацыі, неабходна прыкметна падцягнуцца будаўнічай галіне, ёсць праблемы ў транспартнай, камунальнай сферы і ў іншых сферах. Былі выказаны прэтэнзіі да службы аховы здароўя, сацыяльнай абароны насельніцтва і іншых суб’ектаў. Ухвальная, высокая ацэнка была дадзена сістэме адукацыі раёна, яе кіраўніку Н. А. Чарнышовай.

У сваім выступленні старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч спыніўся і на асноўных палажэннях нядаўна прынятага Указа № 78 Прэзідэнта “Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь”. У гэтым праграмным дакуменце кіраўніка дзяржавы, у прыватнасці, сфармуляваны палажэнні па ініцыятыўнай, эфектыўнай рабоце кіраўнікоў прадпрыемстваў, задачы па прыняцці вертыкаллю ўлады рашучых і сістэмных мер. З улікам гэтага стратэгічнага дакумента і прынялі рашэнне райвыканкама, скіраванае на тое, каб урокі 2015 года прынеслі добрыя здабыткі ў бягучым годзе.

Ірына ПАШКЕВІЧ

Фота Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий