Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728       nshtejner@mail.ru

Духоўна-асветніцкі семінар “Дзень праваслаўнай кнігі-2016” прайшоў на базе Дорскай сярэдняй школы. У яго рабоце бралі ўдзел настаўнікі і вучні, а таксама іх бацькі. Такія духоўныя чытанні праводзяцца тут трэці год запар. Адкрыў семінар святар Павел Францішчык, кандыдат багаслоўя, настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Доры Ракаўскага благачыння. Тэма яго выступлення – “Кніга Жыцця – Святая Біблія. Яе актуальнасць. Цікавыя факты”.

Паведамленне пра Сабор беларускіх святых падрыхтавала дырэктар школы Вера Іосіфаўна Суша. Пра свяціцеляў зямлі беларускай расказаў педагог школы Сяргей Уладзіміравіч Ачтоў. “Праведная Сафія, княгіня Слуцкая” – пра гэта распавядала вучаніца 11 класа Таццяна Лазянік. “Скарбніца для душы” – тэма выступлення настаўніцы гісторыі, выкладчыцы Закона Божага ў сярэдніх класах Ганны Аляксандраўны Усавай. “М. В. Гогаль і праваслаўе: цяжкі пошук шляху да Бога” – пра гэта расказала педагог Галіна Іванаўна Рымша. Рэгент царкоўнага хору, галоўная сястра сястрынства Святлана Іванаўна Сямёнава паведаміла прысутным пра праваслаўнае сястрынства міласэрнасці ў гонар блажэннай Валянціны Мінскай прыходу храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Доры.

Спецыялісты СПЦ, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённай бальніцы бралі ўдзел у семінары “Ранняе мацярынства і звязаныя з ім праблемы сексуальнага характару”, які стаў чарговым этапам праекта “Непаўналетнія і маладыя адзінокія маці”, што дзейнічае ў нашым раёне. Навучанне праводзілі прадстаўнікі Міжнароднай грамадскай дабрачыннай арганізацыі “Цэнтр падтрымкі сям’і “Матуля”.

Спецыялісты азнаёміліся са статыстычнымі данымі аб колькасці цяжарных і абортаў сярод непаўналетніх і маладых жанчын да 23-х гадоў, прааналізавалі прычыны ранняй цяжарнасці. Вывучылі заканадаўчыя акты рэспублікі, якія рэгулююць пытанні сям’і і мацярынства. Быў створаны псіхалагічны партрэт непаўналетняй маці, асаблівасці працякання цяжарнасці і яе ўспрыманне ў раннім узросце. Атрыманыя веды дапамогуць ім у канкрэтнай рабоце з такой катэгорыяй маладых жанчын, аказанні ім рэальнай падтрымкі і дапамогі.

Пачынаючы з 2012 года, у нашай рэспубліцы інваліды I групы атрымліваюць дзяржаўную адрасную дапамогу ў выглядзе грашовай дапамогі для пакрыцця затрат на набыццё падгузнікаў. Яны маюць магчымасць чатыры разы на год атрымліваць дапамогу ў памеры 1,5 бюджэта пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і на гэтыя сродкі набываць падгузнікі

За два месяцы бягучага года ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама звярнуліся 70 інвалідаў першай групы. Ім аказана адрасная дапамога на суму 156,1 мільёна рублёў.

Да 5 сакавіка ў раённым краязнаўчым музеі доўжыцца выстава габелена і батыка лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Ніны Пілюзінай.

За гэты час у музеі арганізавана пабывалі вучні СШ № 1 райцэнтра, аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дзіцячай школы мастацтваў, наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей і маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, жыхары і госці горада. Асаблівую цікавасць работы вядомага майстра выклікалі ў тых, хто сам займаецца гэтым відам творчасці.

У Івянецкім гарпасялковым Доме культуры адбыўся канцэрт народнага ансамбля народнай песні “Гаманіна”, у складзе якога выступаюць студэнты, выпускнікі і супрацоўнікі БДУІР.

На канцэрце пабывалі работнікі “Івкона”, жылкамунгаса, мясцовай сярэдняй школы, жыхары пасёлка, якія любяць народную песню. Білеты набылі нават жыхары суседняй вёскі Рочавічы Стаўбцоўскага раёна, якія стараюцца не прапускаць канцэрты ў Івянцы.

У спартыўнай зале гімназіі прайшоў раённы турнір па міні-футболе сярод хлопчыкаў 2006-2007 гадоў нараджэння. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 5 каманд.

Перамагла каманда гімназіі (капітан Ягор Казлоў), другое і трэцяе месцы занялі каманды Івянецкай СШ (капітан Нікадзім Жалток) і ДЮСШ-2, сфарміраваная з вучняў гімназіі і СШ № 1 (капітан вучань СШ № 1 Улад Пятроўскі). Каманды адзначаны дыпломамі, а ігракі – медалямі.



Добавить комментарий