Вялiкая заслуга – бацькамi звацца

Общество

Ці часта мы, жанчыны, задумваемся аб сваім прызначэнні на зямлі? А між тым, па словах гераіні замалёўкі, калі жанчына гэта асэнсуе і зразумее, яна стане па-сапраўднаму шчаслівай. Наталля Мікалаеўна ГУРЫНА – шматдзетная маці. У яе сям’і выхоўваюцца шасцёра дзяцей: 5 дачок і сын. Тры дзяўчынкі – удачароныя. І цяпер яны з вялікім гонарам называюць сваё прозвішча: “Мы – Гурыны!”

 

У Ракаве, дзе жыве іх дружная сям’я, мяне сустрэла абаяльная жанчына бальзакаўскага ўзросту, запрасіла сесці ў свой “Пежо” і дадала: “Мы жывём зусім блізка ад цэнтра, але ў нас дзве вуліцы Паўночныя. Каб не зблудзілі, я вас падвязу”. Так патрапіла ў іх сучасны трохпавярховы дом, у якім ужо з парога адчувалася атмасфера нейкай незвычайнай для вялікай сям’і заспакоенасці, размеранага ладу жыцця, парадку і чысціні.

У дзвярах, саромеючыся, нас сустрэлі дзве дзяўчынкі: старэйшая, гадоў 15-і, трымала на руках меншую, але тая, убачыўшы матулю, адразу кінулася ёй насустрач і, мякка і пяшчотна, абняла ручкамі за шыю. Наталля Мікалаеўна ўсміхнулася і хітравата зазначыла: “Гэта наша самая маленькая і ўсімі любімая пястуха – Насценька, ёй пяць гадоў”. Мы селі на канапу ў гасцінай, і гаспадыня пачала свой аповед.

– Першая дачушка Эльвіра, якой летась ужо было 20 гадоў, вучыцца на 3-м курсе ў медуніверсітэце на ўрача-педыятра. Другім нарадзіўся сынок Піліп: ён атрымлівае ў сталіцы спецыяльнасць аўтаслесара, яму споўніцца летам 18 гадоў. Сярэдняя Дзіна вучыцца ў 10-м класе. У гэтым жа класе вучыцца і Наташа, якая цяпер таксама ўжо Гурына. Яе сястрычцы Кацюшы 13 гадоў. У нас яшчэ была прыёмная дачушка Валя: пастаянна прыязджае на канікулы, бо вучыцца ў каледжы ў Мінску на мастачку, ёй 21 год.

Пачалося ўсё ў 2005 годзе. Сястра Ніна першай з нашай вялікай сям’і – дзевяці братоў і сясцёр – узяла на выхаванне дзяўчынку. Мой муж паддаўся яе парыву і прапанаваў нам таксама атуліць клопатам і ўвагай абяздоленае дзіця. Я была не супраць. Якраз тады нам патэлефанавалі з райцэнтра жанчыны, якія самі з’яўляліся прыёмнымі матулямі, і папрасілі знайсці ў Ракаве прыёмных бацькоў для адной дзяўчынкі. Патлумачылі проста: “Ёй патрэбна мама”. На той час Кацюшцы было толькі 2,5 годзіка. Мы яе ні разу не бачылі, а калі забралі да сябе дадому, яна пастаянна плакала. Пасля высветлілася, што ў яе яшчэ ёсць дзве сястрычкі: адной 5 гадоў, а другой – 12. Наташа ў нас засталася, а да старэйшай, на жаль, не ўдалося знайсці падыход.

Перыяд адаптацыі быў няпросты як для дзяцей, так і для нас. Дзесьці каля года было вельмі складана. Цяпер, калі ўзгадваю той час, мне здаецца, што гэта было не са мной. Пасля паступова ўсё наладзілася, і праз два гады мы ўзялі яшчэ адну дзяўчынку, 12-гадовую: гэта была родная сястрычка хлопчыка, якога выхоўвалі мае бацькі. Мама запрасіла яе ў госці. Адзін раз, калі яна гуляла разам з усімі дзецьмі, мне чамусьці так стала яе шкада, а тут яшчэ муж, нібы адчуваючы мой унутраны стан душы, падышоў і сказаў: “Давай забяром да сябе, як-небудзь справімся”.

Азіраючыся назад, магу з упэўненасцю сказаць: я бязмерна шчаслівая, што тады не зламалася. Самае складанае ў выхаванні – не праводзіць мяжу паміж роднымі і прыёмнымі дзецьмі, пастарацца патлумачыць іх паводзіны, стаць на іх месца і зразумець, што яны адчуваюць у той ці іншай сітуацыі. А ўдачарылі іх таму, што гэтых дзяцей у любы час маглі ад нас забраць, бо мы – толькі прыёмныя бацькі. За гады ж настолькі прыкіпелі да іх душой і не маглі нават сабе ўявіць расставанне. Таму разам з мужам прынялі рашэнне, аб якім, дарэчы, ні разу не пашкадавалі. Ну а Насценька ў нас з’явілася чатыры гады таму.

Безумоўна, прайсці выпрабаванні і складанасці я б не змагла, каб не адчувала падтрымкі мужа Паўла. Ён мужчына з залатым характарам і залатымі рукамі. Дом пабудаваў сам – ад пачатку і да канца, усё рабіў з вялікім стараннем і любоўю. А для дзяцей ён і ўвогуле бясспрэчны аўтарытэт: у яго мяккі, памяркоўны характар, ні разу не чула, каб ён на каго павысіў голас.

Нас многа чаму навучыла жыццё: сям’ю яднае ўзаемаразуменне і ўзаемапавага, дараванне чужых памылак, у сям’і намнога важней думаць аб іншых, чым пра сябе. Па характары я эмацыянальная, запальчывая. Але, дзякуючы дзецям, змяніўся мой характар, погляды, паводзіны. З гадамі выпрацоўваецца цярпенне, стрыманасць, пакорлівасць, разуменне, што трэба быць мудрэйшай. Дзесьці неабходна прамаўчаць, хаця раней любіла даказваць сваю правату.

Жанчына павінна быць у сям’і “устроительницей” дома. Мы збіраемся з сяброўкамі за кубачкам чаю, размаўляем, абмяркоўваем хвалюючыя пытанні. Хтосьці будзе хваліцца новай сукенкай, хтосьці – прычоскай, але ўсіх іх цікавіць адно: ці падабаецца гэта мужу. Асабіста я прыйшла да высновы: мужу патрэбны не новыя сукенкі і прычоскі, а шчаслівыя вочы сваёй каханай.

Хочацца, каб жанчыны зразумелі, для чаго яны жывуць на зямлі. Думаю, што не ўсе гэта разумеюць да канца. Хочацца, каб сваё прызначэнне выканалі, тады будуць шчаслівыя. Шчасце ж прыходзіць ад упэўненасці, што ты камусьці патрэбен, даеш нейкі зарад у жыцці – ад гэтага нават крылы вырастаюць. Шчасце трэба будаваць самім, а не толькі жадаць яго. Гэта вялікая ўнутраная праца над сабой, ад якой мяняецца ўсё навокал. Часам нам хочацца свет змяніць пад сябе, а варта зразумець, што свет зменіцца, калі ты сам станеш іншым.

…Вельмі часта, як і многія жанчыны-маці, Наталля Мікалаеўна задаецца пытаннем: ці правільна яна выхоўвае сваіх дзяцей, ці ўсяму навучыла? Але адказ прагучаў у словах дачушкі Кацюшы: “Мама, я, калі вырасту, хачу быць ва ўсім падобнай да цябе”. Пагадзіцеся, што гэта самая вялікая падзяка за мацярынскую навуку.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

 



Добавить комментарий