Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728       nshtejner@mail.ru

Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 г. Валожына Вольга Шаргародская ў гэтыя дні (з 26 студзеня па 16 сакавіка) знаходзіцца ў Злучаных Штатах Амерыкі па праграме павышэння прафесійнага майстэрства для настаўнікаў сярэдніх школ.

Наша краіна ўпершыню далучылася да гэтай праграмы, якая здзяйсняецца пры падтрымцы Аддзела адукацыйных праграм Дзярждэпартамента ЗША і Савета па міжнародных даследаваннях і абменах. Адбор праводзіўся на конкурснай аснове. Першапачаткова патрабавалася адважыцца і падаць заяўку, запоўніць анкету, адказаць на пытанні аб прафесіянальнай дзейнасці і прыкласці распрацоўкі ўласных урокаў. Затым быў другі этап – субяседванне на англійскай мове з прадстаўніком амерыканскага пасольства ў Беларусі, якое валожынская настаўніца з гонарам вытрымала, і экзамен на веданне мовы. У дадзеным вясеннім заездзе прымаюць удзел 77 настаўнікаў па розных прадметах з 37 краін, сярод іх трое беларусаў. Спачатку ўсе сабраліся ў Вашынгтоне для знаёмства, а пасля раз’ехаліся па чатырох універсітэтах. Вольга трапіла ў групу ўніверсітэта ва Уінтропе, штат Паўднёвая Караліна. На працягу шасці тыдняў праводзяцца спецкурсы па прадметах, педагогіцы, практыка ў сярэдніх школах. Акрамя гэтага, настаўнікі знаёмяцца з гісторыяй і культурай ЗША, наведваюць музеі, для іх арганізуюцца экскурсіі і сустрэчы.

 

 

 

1 сакавіка тэлеканал “Мир” прэзентаваў новую праграму “Агульны інтарэс” — пра аптымістаў і рэалістаў. Шукалі іх па Беларусі і іншых краінах Садружнасці. Адзін з сюжэтаў быў прысвечаны жыхарцы вёскі Дубіна Тамары Уладзіміраўне Калядзе. Дарэчы, яна адзіная размаўляла па-беларуску.

Тамару Каляду ведаюць далёка за межамі нашага раёна. Яна сапраўдная “мясцовая аптымістка”: удзельніца народнага гурта народнага гумару “Дубінскія фанабэры”, адна з ініцыятараў правядзення свята гумару ў Дубіне, якое стала традыцыйным. А яшчэ — стваральніца аб’яднання “Бацькаўшчына”, музея сялянскага побыту ў доме былога настаўніка Васіля Рагяля, дзе сабраны не толькі старадаўнія рэчы з народнага побыту, але і збіраюцца мясцовыя жанчыны-захавальніцы народных традыцый, песень, танцаў, гумару. І гэта пры тым, што жыццё не песціла саму жанчыну. На яе вяку было шмат нялёгкіх выпрабаванняў, перамагчы якія Тамара здолела толькі дзякуючы прыроднаму аптымізму і падтрымцы вяскоўцаў.

 

 

У сувязі з 60-годдзем з дня нараджэння вышэйшай узнагароды Саюза пісьменнікаў Беларусі нагруднага знака-медаля “За вялікі ўклад у літаратуру” ўдастоены метадыст народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” пры РЦК Міхась Курыла.

М. Курыла з 1998 года з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў, на яго рахунку тры кнігі паэзіі, удзел у паэтычных зборніках. На нарадзе творчага Саюза граматай абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі за значны асабісты ўклад у дзіцячую літаратуру, плённую працу ў народным літаратурна-мастацкім аб’яднанні “Рунь” узнагароджана кіраўнік аб’яднання Валянціна Гіруць-Русакевіч.

 

 

З 26 па 28 лютага ў Мінскім Палацы спорту працавала 5-я Міжнародная спецыялізаваная выстава-продаж “Маё вяселле”. Свой “прадукт” дэманстравалі афарміцелі, фатографы, вядучыя ўрачыстасцей, цырульнікі, візажысты.

Сваю “Дэкор-студыю” на выставе прадстаўляла індывідуальны прадпрымальнік з Валожына Святлана Бубневіч. Да выставы яна падрыхтавала маляўнічы буклет, лістоўкі. Некалькі гадоў таму педагог па адукацыі С. Бубневіч узялася за новую для сябе справу: святочнае афармленне залаў да вяселляў і іншых урачыстасцей. З цягам часу да прыгожага аздаблення залаў дабавіліся і ўпрыгажэнне аўтамабіляў, выязных рэгістрацый і многія іншыя нюансы. Каля 20 бясплатных запрашальных білетаў на выставу Святлана Бубневіч уручыла сваім сябрам. А там раздала больш за 1,5 тысячы лістовак і візітак. Акрамя ўражанняў, набыла цікавыя знаёмствы, новыя заказы.

 

 

 

10 каманд прынялі ўдзел у першынстве Мінскай вобласці па баскетболе сярод юнакоў 2003-2004 гадоў нараджэння, якое праходзіла ў Маладзечне.

Зборная нашага раёна, у склад якой уваходзілі вучні гімназіі, заняла трэцяе месца, прапусціўшы наперад каманды Нясвіжскага і Лагойскага раёнаў. У зборную вобласці ўключаны вучні 7 “Б” класа – капітан каманды Ігнат Шаргародскі, Яўген Шакун і Максім Баркоўскі. Яны прымуць удзел у першынстве рэспублікі, што адбудзецца 9-13 сакавіка ў Магілёве.

 



Добавить комментарий