Дзеля шчасця жанчыны

Общество

Як толькі перагортваецца апошні зімовы лісток календара, грамадства (асабліва мужчын) пачынае турбаваць падрыхтоўка да першага вясенняга свята – Дня жанчын. Не застаюцца ўбаку ад гэтага мерапрыемства аддзелы райвыканкама і грамадскія арганізацыі.

Традыцыйна большую частку нагрузкі бяруць на сябе ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аддзел адукацыі, спорту і турызму, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённая арганізацыя ГА “Беларускі саюз жанчын”, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і ўстановы аховы здароўя.

Віншаванні напярэдадні 8 сакавіка абавязкова атрымаюць усе матулі, чые сыны і дочкі наведваюць дашкольныя дзіцячыя ўстановы. Так, у дзіцячым садзе № 3 г. Валожына “Пралеска” 3-4 сакавіка прайшлі аж 6 ранішнікаў, падрыхтаваных музычным кіраўніком Жаннай Феліксаўнай Мянцюк, выхавальнікамі і выхаванцамі. Назвы ўрачыстасцей гавораць самі за сябе: “Мама – сонейка маё”, “Кветкі мамам”, “Гэта ўсё мамам” і іншыя.

Не засталіся па-за ўвагай і самыя паважаныя ў грамадстве жанчыны – шматдзетныя маці. Зараз у раёне налічваецца 458 сямей, дзе падрастаюць трое і больш дзетак, 79 жанчын за свой мацярынскі подзвіг узнагароджаны ордэнам Маці. Сёння іх рады папоўнілі яшчэ тры шматдзетныя маці: Вольга Феліксаўна Барэйка з Запур’я, Вольга Антонаўна Каспяровіч з Івянца і Аляксандра Сяргееўна Разумейка з Валожына. Іх з радасцю будуць вітаць на галоўнай раённай урачыстасці 5 сакавіка ў РЦК. Праграма, падрыхтаваная спецыяльна да Дня жанчын называецца “З любоўю, пяшчотай, прызнаннем”.

Як ні шкада гэта канстатаваць, але далёка не ўсе заслужаныя жанчыны змогуць пабываць на “Агеньчыках”, канцэртах, дабрачынных акцыях. Дома пачула словы віншавання і атрымала падарунак ад раённага аддзялення ГА “Беларускі саюз жанчын” Алімпіяда Мікалаеўна Рамаховіч з вёскі Сарокі Яршэвіцкага сельсавета. Прычына паважаная – першага ліпеня яна  рыхтуецца адзначыць стагадовы юбілей. Многія з тых, хто перажыў вайну, ваяваў або змагаўся за перамогу ў тыле, у сілу ўзросту і здароўя рэдка наведваюць масавыя мерапрыемствы. Але і яны не адчуваюць сябе забытымі, бо да іх наведваюцца прадстаўнікі ўлады, сацыяльнай службы, дзеці і моладзь.

А вось жыхаркі райцэнтра, малалетнія вязні Вялікай Айчыннай вайны Антаніна Іванаўна Арцем’ева, Ева Васільеўна Барадака, Аляксандра Афанасьеўна Шамрай і Надзея Іванаўна Каваленка са Шчаўканаў паабяцалі, што  абавязкова прыйдуць на ўрачыстасць, прымеркаваную да Дня жанчын.

У супрацоўнікаў сацыяльнай службы напярэдадні жаночага свята абавязкаў і клопатаў прыбаўляецца: хочацца атуліць увагай сваіх падапечных, кожнай уручыць падарунак. Псіхолаг Алена Віктараўна Жданюк задумала правесці ў Вішневе выязное пасяджэнне клуба “Выбар”. Жанчыны змогуць пабываць на майстар-класе, даведацца пра сакрэты прыгажосці і прывабнасці, а таксама  атрымаць псіхалагічныя парады і кансультацыі. Загадчыца аддзялення дзённага прабывання інвалідаў Ларыса Уладзіміраўна Шчарбачэвіч і яе калегі паклікалі сваіх выхавальніц, іх матуль на канцэрт і салодкі стол, каб 8 сакавіка запомнілася пяшчотай і ласкай. Не засталіся без пачастункаў і падарункаў жанчыны, якія наведваюць аддзяленне для пажылых людзей. Загадчыца Ірына Валер’еўна Кавяза ўмее падабраць ключы нават да самага самотнага сэрца і адагрэць яго.

І, вядома ж, у гэтыя дні будзе шмат музычных віншаванняў. Культработнікі раёна спадзяюцца, што святочны рэпертуар задаволіць самых патрабавальных слухачоў. Сярод тых, хто рупіцца на культурнай ніве, ёсць жанчыны, якія спалучаюць сямейныя абавязкі з паспяховай прафесіянальнай дзейнасцю і актыўнай грамадскай пазіцыяй. Партрэт дырэктара Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў Юліі Мякінкі сёлета будзе размешчаны на раённай Дошцы гонару, кіраўнік літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валянціна Гіруць-Русакевіч прайшла абласны этап конкурсу “Жанчына года”, а шматдзетная маці, кіраўнік заслужанага фальклорнага гурта “Гасцінец” Лізавета Пятроўская была адзначана спецыяльнай стыпендыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Так што жанчыны нашага раёна – сапраўдны скарб, які трэба берагчы, ушаноўваць, атуляць пяшчотай і ласкай не толькі на свята, але і штодня.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий