Сапраўдны сышчык

Закон и порядок

У большасці выпадкаў чалавек сам выбірае будучую прафесію і вызначае далейшы шлях па жыцці. Але, па словах старшага оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку РАУС Арцёма Пятровіча ГУЛЬБЫ, так сталася, што прафесія сама выбрала яго і за гады працы стала сэнсам жыцця.

За плячамі быў педагагічны ўніверсітэт і служба ў арміі. Ён толькі дэмабілізаваўся з Узброеных Сіл і зайшоў да знаёмага, які працаваў у праваахоўных органах. У размове той прапанаваў паспрабаваць сябе ў якасці міліцыянера, пазнаёміў з Артурам Гургялоівічам Махмудавым, які ўзначальваў аддзел крымінальнага вышуку. Падключыліся іншыя рабяты з аддзела і так зацікавілі-заінтрыгавалі, што адмовіцца не змог.

Пачынаў інспектарам у інспекцыі па справах непаўналетніх, пасля ў службе па выяўленні злачынстваў па лініі наркакантролю, цяпер працуе старшым оперупаўнаважаным у крымінальным вышуку. Але асноўны накірунак дзейнасці застаўся ранейшым – барацьба з наркаманіяй. Участак работы адзін з самых складаных у міліцыі, бо пра такія злачынствы ніхто ніколі не гаворыць. Напрыклад, калі ў чалавека што-небудзь укралі, ён прыходзіць з заявай аб крадзяжы, і аператыўнікі працуюць па факце злачынства. Асяроддзе ж наркаманаў досыць скрытае, яны вельмі патаемныя людзі. Да таго ж у невялікім горадзе многія добра ведаюць супрацоўнікаў райаддзела і тое, якімі справамі яны займаюцца. Гэта значна ўскладняе выяўленне і раскрыццё такіх злачынстваў.

Аднак летась А. П. Гульба ўсё-ткі ўдалося выйсці на след злачынцаў, якія займаліся распаўсюджваннем псіхатропных рэчываў. Імі аказаліся жыхары раёна. Збыт самых сучасных і асабліва небяспечных наркотыкаў быў пастаўлены на паток: тавар пастаўляўся ў так званы “хатні” магазін бесперапынна, і ў любы час сутак па досыць прымальнай цане можна было набыць неабходную дозу. Паслугамі такой несанкцыянаванай гандлёвай кропкі карысталіся маладыя людзі. Цяпер справа па затрыманні збытчыкаў псіхатропных рэчываў разглядаецца ў судзе і, згодна з законам, ім пагражае досыць сур’ёзнае пакаранне – ад 8 да 13 гадоў зняволення.

Па словах Арцёма Пятровіча, аднаму дасягнуць значных вынікаў немагчыма, дапамагаюць у рабоце калегі, а таксама звычайныя людзі, нераўнадушныя да ўсяго, што адбываецца навокал. Калі раскрываюцца падобныя злачынствы, і вінаватыя нясуць пакаранне, оперупаўнаважаны атрымлівае маральнае задавальненне, што зла на свеце становіцца менш.

З гадамі, безумоўна, прыходзяць і вопыт, і пачуццё, якім валодае сапраўдны сышчык. Самыя важныя асновы маралі заклалі бацькі, за што вельмі ўдзячны. Прыкладам у рабоце сталі былыя супрацоўнікі райаддзела, прафесіяналы праваахоўных органаў – А. А. Зянько, А. Г. Махмудаў, В. Р. Якутовіч. Ён з гонарам працягвае іх традыцыі, а таксама вучыцца і ў маладога папаўнення – новыя погляды і падыходы толькі на карысць агульнай справе. Ну а дома кансультантам і памочнікам з’яўляецца жонка Аксана: яна не толькі надзейны тыл, але і прафесіянальны дэтэктыў, працуе ў раённым аддзеле Следчага камітэта.

У сям’і падрастае маленькі сынок. Ён ходзіць у дзіцячы сад і пакуль не ўсведамляе, наколькі важную, пачэсную і няпростую работу выбралі сабе бацькі. Прыйдзе час, і ён будзе імі ганарыцца, а можа, і працягне сямейную дынастыю, бо бацька з маці, без перабольшвання, з’яўляюцца прыкладам ва ўсім. А гэта самая галоўная навука ў жыцці.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

 

 



Добавить комментарий