Агляд падзей

Культура

У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА сакавIк 1971 ГОДА

ЖАНЧЫНА ЗА РУЛЁМ… ТРАКТАРА

Трактарыстка калгаса “Чырвоны сцяг” С. Мікулевіч расказвае пра сваю любоў да нялёгкай, але пачэснай прафесіі сельскага механізатара:

“Дваццаць гадоў мінула… У 1953 годзе пасля заканчэння курсаў трактарыстаў у Ашмянах села за трактар, праклала першую самастойную баразну. Калгас тады толькі станавіўся на ногі. Год ішоў за годам. І зраднілася я са сваёй работай. Арала калгасныя гоні, засявала іх, убірала ўраджай. Дзеля хлебаробскай справы не шкадавала ні сіл, ні часу. Наколькі дарагой мне стала прафесія механізатара, асабліва зразумела тады, калі па жыццёвых абставінах на нейкі час прыйшлося расстацца з ёю. А летась не вытрымала: папрасілася зноў у механізатары. Цяпер працуем удваіх з мужам Феафанам Уладзіміравічам на трактары Т-74. Удваіх у сярэднім зарабляем па 120 рублёў.

Як радасна бачыць у ліку перадавікоў маладых механізатараў Аляксандра Дзянісіка, Эдуарда Макея, Міхаіла Сабалеўскага. Заўтрашні дзень вёсак у многім залежыць ад нашай змены. І вы, дзяўчаты, смялей падавайце руку тэхніцы. Не пашкадуеце!..”

 

 

 

ДЗЕНЬ ЗА ДНЁМ

Трэці год пасля службы ў Савецкай Арміі працуе ў калгасе “Бальшавік” шафёрам Аляксей Безушчонак. Аўтамашына ў яго старая, але заўсёды гатова ў рэйс. Шафёр паспяхова выконвае заданні, з’яўляецца пераможцам у індывідуальным сацыялістычным спаборніцтве. За добрасумленныя адносіны да справы і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калгаса прафсаюзны камітэт уручыў А. Безушчонку бясплатную пуцёўку ў Дом адпачынку.

    Плённа працуе калектыў Валожынскага раёна электрычных сетак. Па выніках сацыялістычнага спаборніцтва за апошні квартал леташняга года ён утрымлівае другое месца. Грашовыя прэміі за лепшыя паказчыкі ў рабоце атрымалі электраманцёры Уладзімір Ждановіч, Мяфодзій Шакун, электраманцёр-шафёр Уладзімір Рэут.

    Драматычны гурток ужо некалькі гадоў дзейнічае ў Гародзькаўскай сярэдняй школе. Нядаўна яго члены паставілі п’есу М. Чарота “Мікітаў лапаць”. З гэтым спектаклем яны выступілі перад хлебаробамі калгаса імя Чапаева.

    У брыгадзе вёскі Капусціна, якую ўзначальвае член КПСС Д. І. Гімпель, хлебаробы прадалі дзяржаве больш як 200 кг масла. Больш чым па сем кілаграмаў масла прадалі калгаснікі Яўгенія Фёдараўна Шакун, Лідзія Якаўлеўна Жук, Аляксандр Фёдаравіч Карабан, пенсіянер Пётр Міхайлавіч Жук.

    Два дні ў райцэнтры праходзілі спаборніцтвы моладзі прызыўнога ўзросту па праграме XII раённай спартакіяды. Юнакі памераліся сіламі на лыжні і ў стральбе. У спаборніцтвах удзельнічалі прызыўнікі 19 сельсаветаў. Першае месца ў гонцы на 5 км заняў Віктар Поклад. Яго вынік 21 хвіліна 06 секунд. На другім месцы – Ф. Трасцянка. Абодва спартсмены зборнай каманды г. п. Івянец. Трэцім быў Уладзімір Рынкевіч, прадстаўнік каманды Узбалацкага сельсавета.

    У трэцім квартале бягучага года будуць здадзены ў эксплуатацыю новы будынак СШ № 1 на 640 месцаў і кінатэатр у Валожыне.

 

 

 

ДАГЛЯДАЮЦЬ ЖЫВЁЛУ

ПА-ГАСПАДАРСКУ

Надаіць ад кожнай фуражнай каровы па 3350 кілаграмаў малака – такія высокія абавязацельствы ўзялі на год партыйнага з’езда даяркі калгаса “Верны шлях”. Гэта на 343 кілаграмы больш за леташнія надоі.

Сваё слова працаўніцы малочнатаварных ферм падмацоўваюць канкрэтнымі справамі. Яны працуюць зладжана, па-гаспадарску даглядаюць жывёлу, строга сочаць за захаваннем рацыёну кармлення дойнага статка. І як вынік, у гэтыя дні сутачныя надоі складаюць па 8-9 кілаграмаў малака ад каровы, а за два месяцы яго атрымана ў сярэднім па 420 кілаграмаў.

Лепшых поспехаў у сацыялістычным спаборніцтве дабілася даярка Алена Міхайлаўна Дзярыба. На яе рахунку 506 кілаграмаў малака ад кожнай каровы. 492 кілаграмы – столькі надаіла Людміла Васільеўна Сузановіч, па 482 кг – у Веры Станіславаўны Прыстром і Марыі Станіславаўны Курдун.

 

 

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Машынна-трактарны парк калгасаў і саўгасаў зараз налічвае 760 трактароў, 280 зернеўборачных камбайнаў, 485 грузавых аўтамабіляў.

    Толькі за чатыры апошнія гады ў раёне ўзведзена 1360 індывідуальных і 100 дамоў за сродкі грамадскіх фондаў. Радыёфікавана 658 кватэр.

    Ураджайнасць зерневых вырасла з 11,5 цэнтнера ў 1965 годзе да 18,1 цэнтнера ў 1970 годзе, бульбы адпаведна са 118 да 136 цэнтнераў.

Звання “Выдатнік савецкага гандлю” ўдастоены А. М. Філіповіч, Н. А. Жукоўская, А. І. Патаповіч, А. Паташ, Я. І. Чэнадо. На іх раўняюцца ўсе кааператары раёна.

    Калектыў чыгуначнай станцыі Валожын ганарыцца сваімі перадавікамі-стрэлачнікамі Пятром Васільевічам Шаўлюком, Іосіфам Міхайлавічам Хомічам, Васілём Вікенцьевічам Сіўцом, дзяжурнымі па станцыі Міхаілам Васільевічам Дземешам, Крысцінай Паўлаўнай Гарасюк і інш.

    Усесаюзная канферэнцыя, прысвечаная стану і перспектывам механізацыі ўборкі лёну, адбылася на заводзе Бежацксельмаш Калінінскай вобласці. У ёй удзельнічалі галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама Л. П. Хмель і галоўны аграном калгаса імя Леніна Ф. Ф. Кулак. Атрыманыя на канферэнцыі рэкамендацыі выкарыстоўваюцца ў практычнай дзейнасці льнаводаў.

    Ссяліліся з хутароў і справілі наваселле ў перспектыўных населеных пунктах 347 сем’яў.

    У распараджэнні Валожынскай аўтабазы № 14 ёсць 30 аўтобусаў. Для паслуг працоўных дзейнічаюць 24 маршруты. За 1970 год перавезена 2 мільёны 156 тысяч пасажыраў.

    У пачатку мінулай пяцігодкі на кожную тысячу насельніцтва прыпадала па 723 экзэмпляры перыядычных выданняў. Сёлета гэта лічба павялічылася да 1027 экзэмпляраў.

    Вырас попыт на тавары культурнага ўжытку. Толькі ў мінулым годзе прададзена 518 халадзільнікаў, 755 тэлевізараў, 239 матацыклаў.

 

 

 

 

ГАРАЧЫ ЛЁД

У раёне ўпершыню праходзілі спаборніцтвы па канькабежным спорце паміж вучнямі сярэдніх школ. Аматары гэтага віду спорту сабраліся памерацца сіламі ў вёсцы Сакаўшчына.

У камандным заліку лепш за іншых выступілі спартсмены сярэдняй школы № 1 г. Валожына, на другім месцы – вучні другой сярэдняй школы, трэцяе – належыць ракаўскім рабятам, чацвёртае – дасталося івянецкім школьнікам.

Асабістыя месцы ўдзельнікаў размеркаваліся ў наступным парадку: Ала Ключынская (СШ № 2), Наташа Бялова і Ірына Сівая (СШ № 1). Сярод юнакоў самым хуткім аказаўся Васіль Чупрыс з Ракаўскай СШ. Не намнога адстаў ад яго Генадзь Латышаў з СШ № 1  г. Валожына. На трэцім месцы – Ф. Трасцянка з Івянца.

 

 

 

 

ВЫНІКІ сацыялістычнага спаборніцтва па нарыхтоўцы арганічных угнаенняў падвёў галоўны аграном упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама Я. І. Войтаў. Пераможцам спаборніцтва – брыгадзірам паляводчых брыгад з калгасаў “Праўда”, “Верны шлях” і саўгаса “Ракаўскі” Г. І. Голубу, А. І. Рэуту, П. П. Грамовічу – уручаны каштоўныя падарункі.

    КНІГА стала надзейным спадарожнікам у жыцці івянчан. Рабочыя і інжынерна-тэхнічныя работнікі прамысловых прадпрыемстваў, служачыя арганізацый і ўстаноў пасёлка – пастаянныя чытачы Івянецкай пасялковай бібліятэкі. Часта тут можна бачыць Яніну Мікіцкую з кансервавага завода, маладога рабочага Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі Віктара Вараксу, пенсіянераў І. А. Кулак і М. А. Кулак, супрацоўніцу аптэкі Стафанію Нядзведзкую і інш.

    ВЕЧАР, прысвечаны 100-годдзю Парыжскай камуны, адбыўся ў СШ № 1 г. Валожына. Пад гукі “Марсельезы” адкрыццё ўрачыстасці на французскай і рускай мовах абвясцілі дзесяцікласнікі Ірына Казакевіч і Аляксандр Сівы. Затым з дакладам выступіў вучань дзявятага класа Васіль Пац.

    ЗАНЯТКІ ўніверсітэта культуры пры РДК былі прысвечаны творчасці кампазітара П. І. Чайкоўскага. У тэматычным канцэрце ўдзельнічалі артысты Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

    ТРЭЦЯЕ месца на абласных зімовых спаборніцтвах школьнікаў па спартыўным арыентаванні заняла каманда нашага раёна, прайграўшы ўсяго адно ачко барысаўчанам. На першым месцы – спартсмены з Нясвіжа. Гонар нашага раёна адстойвалі пяць вучняў Валожынскай СШ № 1 – Валерый Відрук, Канстанцін Таўгень, Аня Галоўская, Наташа Бялова, Генадзь Латышаў, а таксама Таня Журкевіч з СШ № 2. Спаборніцтвы прайшлі ў ваколіцах Заслаўя. Сюды з’ехаліся 14 мацнейшых каманд гарадоў і раёнаў Міншчыны, чатыры каманды з горада Каўнаса Літоўскай ССР.

  САМААБСЛУГОЎВАННЕ – на такі прагрэсіўны метад гандлю ў раёне за мінулую пяцігодку перайшлі пяцьдзясят шэсць магазінаў.

 

 

СТАЛI ДОНАРАМI

Ажыўлена і шматлюдна было ў Забрэжскай участковай бальніцы ў дзень збору донарскай крыві. Калгаснікі, служачыя, рабочыя (больш як 50 чалавек) прыйшлі здаць бясплатна сваю кроў.

Некаторыя з іх ужо шмат гадоў з’яўляюцца актыўнымі донарамі. Гэта – настаўнік Гародзькаўскай дзесяцігодкі В. М. Груша, калгаснік калгаса імя Куйбышава М. А. Жамойдзін, калгаснік калгаса “Краіна Саветаў” В. В. Станкевіч, работнік бальніцы Л. І. Гасціловіч, дырэктар Чабайскай васьмігодкі І. І. Далінкевіч і інш.

Сёлета многія ўпершыню сталі донарамі. Сярод іх старшыня выканкама сельскага Савета дэпутатаў працоўных А. А. Грыбоўскі, настаўнік Гародзькаўскай СШ Л. Н. Унучак, загадчык клуба Д. П. Кулак, шафёр калгаса В. І. Садоўскі.

 

 

 

РАМАНТУЮЦЬ ЯКАСНА

I СВОЕЧАСОВА

Стаўшы на працоўную вахту ў гонар XXIV з’езда КПСС, механізатары саўгаса “Ракаўскі” змагаюцца за тое, каб своечасова і якасна адрамантаваць сельскагаспадарчыя машыны і інвентар.

І яны дабіваюцца добрых поспехаў. У гаспадарцы ўжо адрамантавана  17 трактароў з запланаваных 19, у тым ліку 11 машын – сіламі саўгасных механізатараў.

У паспяховым рамонце тэхнікі вялікая заслуга слесара Міхаіла Ярмошкі, каваля Браніслава Залатара, трактарыстаў Іосіфа Вашкевіча, Пятра Нарушэвіча, загадчыка майстэрні Анатоля Капусты і інш. Камуніст Казімір Ждановіч і камсамолец Валерый Мацкевіч адрамантавалі два камбайны.

Дзякуючы самаадданай працы механізатараў, трактарная брыгада “Ракаў” да 6 сакавіка закончыла рамонт сельгасмашын і прычапнога інвентару.

Добрую ініцыятыву праявіў брыгадзір гэтай брыгады Эдуард Эдмундавіч Андрыеўскі. Ён сканструяваў на базе лушчыльніка ЛБО-5 комплексны агрэгат па ўнясенні ў глебу аміячнай вады.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ

 

 



Добавить комментарий