Бухгалтар у пагонах

Общество

Вольга Георгіеўна ЛЕЎЧЫК – начальнік фінансавай службы Валожынскай воінскай часці. Менавіта гэта абаяльная жанчына і яе падначаленыя сочаць за правільным расходаваннем бюджэтных сродкаў, выдаткаваных на ўтрыманне брыгады.

 

Такая адказнасць даўно стала звыклай, як і неабходнасць насіць пагоны, падпарадкоўвацца армейскаму статуту. Ці марыла яна аб такім жыцці? Адназначна, не. Пасля заканчэння школы паступіла ў педуніверсітэт, зрабіла спробу стаць выкладчыкам фізікі і інфарматыкі. Перашкодзілі перыпетыі асабістага жыцця. Нявеста, жонка, маладая маці… Гэты ланцужок раскруціўся вельмі хутка. Вучобу прыйшлося адкласці на потым. Праўда, зроблены перапынак спрыяў поўнаму пераасэнсаванню планаў на прафесійную будучыню. Неабходнасць планаваць бюджэт маладой сям’і прывяла да думкі: “А чаму б не вывучыцца на бухгалтара?” Матэматычныя здольнасці, якімі вызначалася яшчэ з пачатковых класаў, дапамаглі не проста асвоіць складаную прафесію, але і запаліць у душы сапраўдную цікавасць да загадкавага свету “дэбетаў і крэдытаў”. Не адразу змагла малады спецыяліст працаўладкавацца па спецыяльнасці.

У 2004 годзе яна атрымала прапанову ад часці перакваліфікавацца ў тэлефаністку. Прыняць прысягу, апрануць форму, стаць у строй… Гэта і палохала, і прыцягвала маладую жанчыну. Падтрымаў бацька. Сам афіцэр запасу, ён усё жыццё стараўся падаваць дачцэ прыклад працаздольнасці, дакладнасці ва ўсім, жыццёвай стойкасці і ўмення дабівацца пастаўленай мэты. Не застаўся ў баку і муж, які нават у самыя цяжкія хвіліны быў і застаецца (зараз ужо разам з дзвюма дочкамі) яе моцным тылам.

Несучы службу тэлефаністкі, яна не пераставала марыць аб рэалізацыі сябе як бухгалтара. Толькі праз 5 гадоў давялося стаць памочнікам, а пазней старшым памочнікам начальніка фінансавай часці. З гадамі некалькі разоў мяняліся пагоны на яе плячах. Зараз яна старшы лейтэнант. Але думаецца, гэта далёка не вяршыня яе кар’еры. Хаця старэйшая дачка ўжо студэнтка-другакурсніца ВНУ, маці яшчэ спадзяецца таксама пасядзець “за партай”, марыць удасканаліць кваліфікацыю.

Вольга прызнаецца, што служба ў яе не з простых, гатова запэўніць усіх, хто дзівіцца з яе лёсу: “Жыццё жанчыны ў ваеннай форме не так ужо і моцна адрозніваецца ад жыцця тых, хто ходзіць на працу ў сукенках і туфлях на абцасах. Трошкі больш дысцыпліны, цярпення, жадання – і ты выдатная сяброўка жыцця, матуля, гаспадыня”. А наконт жаноцкасці… Старшы лейтэнант Леўчык упэўнена, што ў адрозненне ад цывільных, ваенныя жанчыны проста не маюць выбару: быць ім прыгожымі ці не. Побач столькі абаяльных, спартыўных, з сапраўднай ваеннай выпраўкай мужчын.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

 



Добавить комментарий