Прыцягальныя iскрынкi

Общество

Бібліятэкара цэнтральнай раённай бібліятэкі Настассю ПАХОЛКА многія валожынцы памятаюць як вядучую канцэртных праграм: эфектная, яркая, на сцэне адчувае сябе, як рыба ў вадзе. Але гэта вонкавы бок. У душы, як прызнаецца Насця, перад кожным выхадам на публіку бушуе хваляванне.

 

Сцэнічным дэбютам для яе стала канферэнцыя педагагічных работнікаў раёна. Загадчыца аддзела аматарскай творчасці Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Іна Шыбут тады проста сказала: “Насця, ідзі, спрабуй!” І яна пайшла… Страшна было да дрыжыкаў. З часам спраўляцца з напалам эмоцый навучылася, але ўсё адно на кожны канцэрт ішла, як на экзамен. Не абышлося і без кур’ёзаў. Неяк выступала на адкрытай пляцоўцы. Пачаў накрапваць дождж. У перапынках перад выхадамі хуталася ў спартыўную куртку. Выходзіць аб’яўляць чарговы нумар, а гледачы ўсміхаюцца, беларускі кампазітар Эдуард Зарыцкі, які сядзеў у першым радзе, аж расцвіў. “Вось, думаю, мяне сёння прымаюць! Як ніколі”, – успамінае Насця. А гэта аказалася рэакцыяй на куртку, якую вядучая забылася зняць…

Настасся (тады яшчэ Ярац) нарадзілася і вырасла ў Ракаве. Яе маці і дзядуля былі актыўнымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці. Дзяўчына паважала іх захапленне. У школе трохі зайздросціла аднакласнікам, якім даручалі чытаць вершы перад аўдыторыяй ці спяваць песні. Але прымераць на сябе ролю артысткі не рашалася. У яе быў свой сакрэт: бацька пашыў з кардону і паперы кнігу, куды яна запісвала прыдуманыя казкі, вершы, апавяданні. І ўсё ж імкненне далучыцца да сцэны не адпускала. Пасля школы дзяўчына спрабуе паступіць у Інстытут культуры. Калі даведалася, што недабрала балаў, рашыла “перакваліфікавацца” ў бібліятэкара і паступіла ў каледж.

У Валожын прыехала маладым спецыялістам, атрымала месца ў інтэрнаце. Тут пазнаёмілася з будучым мужам, які жыў у суседняй кватэры. Выйшла замуж, нарадзіла сына Данілу. Калі хлопчыку споўнілася тры гады, вярнулася на работу, але хутка адчула, што сямейныя абавязкі і абавязкі культработніка спалучаць складана: Новы год сустракае не дома, у выхадныя – канцэрты і камандзіроўкі. Тут і ацаніла перавагу прафесіі бібліятэкара, вярнулася да стэлажоў з кнігамі і фармуляраў. Пра юнацкую мару пакарыць Інстытут культуры яна ўсё ж не забылася і сёлета збіраецца паступаць на завочнае аддзяленне.

У яе абавязкова атрымаецца. Настассю цэняць у калектыве як граматнага, перспектыўнага калегу. Яна імкнецца ўнесці нешта новае і крэатыўнае ў бібліятэчную дзейнасць, шмат чытае, працуе над сабой. Насця вельмі пазітыўны чалавек, яе не палохаюць цяжкасці, новаўвядзенні. Яна выдатна ладзіць з людзьмі, умее заразіць іх сваім аптымізмам.

Алена ЗБІРЭНКА,
фота аўтара

 



Добавить комментарий