Галасавалі за стабільнасць і росквіт краіны

Официально

19 снежня стала знакавай падзеяй у гісторыі нашай краіны. Бо выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – гэта найважнейшая сацыяльна-палітычная кампанія, да якой прыцягнута ўвага не толькі нашых грамадзян, але і сусветнай супольнасці.

Гэта абгрунтавана тым, што наша Беларусь размешчана ў цэнтры Еўропы, а значыць, на скрыжаванні геапалітычных, культурных, эканамічных сувязей. Гэтымі і іншымі прычынамі тлумачыцца прысутнасць у дзень выбараў у нашай краіне, і ў Валожынскім раёне ў тым ліку, прадстаўнікоў АБСЕ, назіральнікаў ад краін СНД і іншых афіцыйных асоб. У прыватнасці, у нашым раёне на многіх выбарчых участках пабывалі назіральнікі ад СНД Алег Міхайлавіч Талкачоў і Васілій Міхайлавіч Дума, якія прадстаўлялі Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі, а таксама Віктар Іванавіч Талкачоў – дэпутат Палаты прадстаўнікоў краіны. Зазначым, што ніякіх заўваг з іх боку да арганізацыі і ходу ў нашым раёне выбарчага працэсу не было.

Вядома, для журналістаў “Працоўнай славы” і для нашых калег з рэспубліканскіх і абласных сродкаў масавай інфармацыі нядзеля 19 снежня была рабочым днём. З творчай камандзіроўкай мы аб’ехалі ледзь не ўвесь раён. Удакладняць жа ў выпадковых прахожых, дзе ж канкрэтна размешчаны той ці іншы выбарчы ўчастак, не прыходзілася. І без падказкі было зразумела, куды накіроўвацца: туды, куды трымаюць крок па-святочнаму прыбраныя людзі. Людзі ішлі па аднаму, дружнымі сямейнымі парамі, многія разам з малалетнімі дзецьмі. Такая актыўнасць не магла не радаваць! Мы не першы раз асвятляем выбарчыя кампаніі рознага ўзроўню. Заўважым шчыра, што такой вялікай актыўнасці не прыпомнім.

На працягу ўсяго дня спяшаліся людзі на выбарчыя ўчасткі, каб аддаць свой голас за самага дастойнага кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Многія жыхары раёна завіталі на галасаванне роўна ў 8 гадзін, як толькі распачалі сваю работу ўчасткі. А некаторыя прыйшлі за 10-15 хвілін да афіцыйнага пачатку выбараў, каб апярэдзіць усіх і атрымаць ад гэтага патрыятычнае пачуццё задавальнення, што ты першы, што для цябе галасаванне – вельмі важная палітычная кампанія.

260 маладых людзей раёна галасавалі ўпершыню. На кожным участку такіх выбаршчыкаў урачыста ўшаноўвалі: набылі для іх памятныя сувеніры, кожнаму быў уручаны і падарунак ад раённай арганізацыі БРСМ.

Строгае і разам з тым па-святочнаму выразнае афармленне выбарчых участкаў стварала прыўзняты настрой. Да таго ж свае радасныя фарбы ў гэты нядзельны дзень унеслі і прафесіянальныя культработнікі раёна: некалькі творчых дэсантаў з устаноў культуры накіраваліся ў населеныя пункты, дзе парадавалі гледачоў канцэртнымі выступленнямі. У творчым марафоне ўдзельнічалі і самадзейныя калектывы школ раёна.

Уразіла, калі мы ўбачылі, як па бялюткай снежнай сцежцы разам са сваімі выхавацелямі дабіраліся дзеці на інвалідных калясках, а некаторыя з прычыны хваробы самі ступалі няўпэўненымі крокамі да Пральніцкай школы, каб разам з мясцовымі школьнікамі паказаць на выбарчым участку № 30 такі цудоўны святочны канцэрт. Многія вяскоўцы з вялікім задавальненнем паглядзелі іх выступленне і тым самым падарылі сабе прыемныя хвіліны, змаглі добра адпачыць пасля працоўных будняў.

Для некаторых выбаршчыкаў 19 снежня было двайным святам, бо ў гэты дзень яны адзначалі свой дзень нараджэння. Сярод такіх шчасліўчыкаў у Пяршаях, напрыклад, аказаліся Наталля Георгіеўна Маркоўская, Наталля Аляксееўна Скрундзь. Старшыня выбарчай камісіі, размешчанай па Ленінскім участку № 2 ???? горада Валожына, Сяргей Мікалаевіч Мікеня свой дзень нараджэння таксама сустрэў на рабочым месцы. Кожнаму з віноўнікаў урачыстасці былі ўдзелены знакі ўвагі, сказаны добразычлівыя словы віншавання.

Мяркуючы па вялікай актыўнасці ўдзельнікаў галасавання, можна сцвярджаць, што нашы жыхары маюць высокую грамадзянскую самасвядомасць, што яны шчыра перажываюць за будучы лёс сваёй краіны. Бо яе далейшы шлях развіцця ў многім, калі не ў асноўным, залежыць ад таго, хто будзе кіраваць нашай Беларуссю ў бліжэйшыя пяць гадоў. Думаецца, сённяшняя рэчаіснасць, стабільнасць у грамадстве, дынаміка ў развіцці эканомікі былі найлепшымі аргументамі ў разважаннях людзей, якія 19 снежня аказаліся перад выбарам, за каго ж з 10 кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта краіны, варта аддаць свой голас…

У гэту выбарчую кампанію неяк надзвычай спакойна праходзіла папярэдняе галасаванне. Ды і сродкі масавай інфармацыі зрэдку асвятлілі гэты працэс галасавання. А значыць, не было і актыўнай, скажам так, “рэкламы” датэрміновага галасавання. Але і гэта абставіна не паўплывала на актыўнасць выбаршчыкаў: набраўся вялікі працэнт тых, хто прагаласаваў у перыяд з 14 па 18 снежня. У цэлым раёне гэты паказчык складае 20 працэнтаў.

У нядзелю на выбарчых участках працавалі выязныя камісіі, якія з урнамі і бюлетэнямі па папярэдніх заяўках выязджалі да патэнцыяльных выбаршчыкаў прама на дом. Асноўная і галоўная прычына – стан здароўя тых, хто пажадаў галасаваць. Але ўсё роўна знайшліся такія патрыёты, інакш іх і не назавеш, якія з цяжкасцю апёршыся на паслужлівыя кіёчкі, бо артрыт нясцерпна даймае ногі, самі прыйшлі на выбарчыя ўчасткі. Менавіта такую сямейную пару мы і сустрэлі на парозе Івянецкага дома культуры, дзе размяшчаўся дзяржынскі выбарчы ўчастак №.29. Муж і жонка Марыя Феліксаўна і Іван Іосіфавіч Мінюткі вырашылі прагаласаваць менавіта ва ўрачыстай абстаноўцы, каб гэты адметны дзень у гісторыі нашай краіны ім запомніўся надоўга.

Вялікі наплыў людзей на ўчасткі для галасавання назіраўся ў першай палавіне дня, многія традыцыйна прысутнічалі на набажэнствах у праваслаўных і каталіцкіх храмах, а пасля заканчэння службаў усе, хто яшчэ не прагаласаваў, адразу накіраваліся на свае ўчасткі. Гэта была другая пасляабедзенная хваля актыўнасці насельніцтва. Свой грамадзянскі абавязак 19 снежня стараліся выканаць і людзі, якія па нейкіх прычынах знаходзіліся не па месцы прапіскі, а на дачах, у гасцях, далёкіх паездках. Таму яны вырашылі галасаваць па месцы іх часовага прабывання. Гэта дадало клопатаў участковым камісіям. Прыйшлося аператыўна звязвацца з камісіямі іншых рэгіёнаў, удакладняць спісы, уладжваць іншыя, як кажуць, фармальнасці, каб даць права ўсім жадаючым выканаць сваё канстытуцыйнае права – удзельнічаць у выбарах Прэзідэнта краіны.

У час выбараў у нашым раёне можна было сустрэць і спецыялістаў, якія праводзілі экзіт-пол. Асноўная мэта гэтага мерапрыемства – метадам апытання па пэўнай схеме вывучэння грамадскай думкі адразу пасля да завяршэння афіцыйнага галасавання спрагназіраваць папярэднія вынікі выбараў. У прыватнасці, у нашым раёне на выхадзе з Пяршайскага выбарчага ўчастка працавалі двое маладых людзей, якія прадстаўлялі “ТМS-Україна”.

У нашым раёне ўсе выбарчыя кампанія праходзяць, як правіла, заўсёды арганізавана і зладжана. І сёлетняя па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прайшла таксама на вельмі высокім арганізацыйным узроўні і пры вялікай актыўнасці грамадзян. Кампанія, можна сказаць, завершана. Грамадзяне зрабілі свой выбар у імя росквіту роднай дзяржавы, у імя заўтрашняга дня, а яго мы ўжо прывыклі бачыць стабільным, уладкаваным і стваральным.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота Сяргея САДОЎСКАГА.



Добавить комментарий