Аб павышэннi пенсiйнага ўзросту

Официально

У Беларусі прапануецца разгледзець магчымасць паэтапнага павышэння пенсійнага ўзросту з 1 студзеня 2017 года. Аб гэтым ішла размова на нарадзе Прэзідэнта Беларусі па пытаннях развіцця пенсійнай сістэмы, перадае карэспандэнт БЕЛТА. 

Як расказала журналістам па выніках нарады міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна, канчатковае рашэнне па гэтым пытанні будзе прынята пасля шырокага абмеркавання.

«Я звяртаю ўвагу на тое, што гэта прапанова. Гэта першае абмеркаванне ў такім шырокім складзе на ўзроўні Прэзідэнта. Таму кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што абавязкова павінна быць улічана меркаванне грамадства, вельмі важна зваротная сувязь з боку людзей, — сказала міністр. — Толькі пасля гэтага будзе прымацца канчатковае рашэнне».

Мар’яна Шчоткіна адзначыла, што будучае пяцігоддзе будзе даволі жорсткім у дэмаграфічным плане, паколькі ў пенсійны ўзрост уваходзіць вялікая колькасць асоб, пры гэтым вельмі мала тых, хто дасягае працаздольнага ўзросту. Паводле яе слоў, калі ў 2001 годзе суадносіны пенсіі і заработнай платы складалі 45 працэнтаў, то ў 2015 годзе было ўжо 41,7 працэнта. «Наша нацыянальная бяспека не дапускае сітуацыі, пры якой гэтыя суадносіны апусціліся б ніжэй за 40 працэнтаў. Добра б, каб павялічыліся», — сказала міністр.

«Пенсіі ў салідарнай сістэме залежаць ад таго, колькі грамадзян працуе. Інакш кажучы, працаздольныя ўтрымліваюць непрацаздольных, — прадоўжыла Мар’яна Шчоткіна. — Калі ў нас назіраецца цяпер 61 пенсіянер на 100 працуючых, то ў 2020 годзе гэтыя суадносіны будуць ужо 66 да 100, калі нічога не прымаць, то ў 2030 годзе — 78 пенсіянераў на 100 працуючых. Гавовы мы да гэтага, гатовы мы змяншаць пенсіі? Не. Гатовы мы павялічваць тарыфы ў Фонд сацыяльнай абароны? Не. Гатовы кардынальна змяняць сістэму? Таксама абмяркоўвалася».

Размова ішла і аб тым, што дэмаграфічныя працэсы, што назіраюцца ва ўсім свеце, датычацца і Беларусі. Пенсійны ўзрост павышаюць ва ўсіх краінах Еўропы. Пенсійны з улікам чаканай працягласці жыцця, развіцця эканомікі, іншых фактараў узрост у 55 гадоў для жанчын і ў 60 гадоў для мужчын на постсавецкай прасторы захаваўся толькі ў Беларусі, Расіі і Узбекістане. «Але сярэдні памер пенсіі павінен расці, а для гэтага неабходна вытрымліваць суадносіны паміж працаздольнымі і непрацаздольнымі грамадзянамі», — адзначыла Мар’яна Шчоткіна.

 У Беларусі дзейнічае трохузроўневая пенсійная сістэма. У краіне існуе выплата датэрміновых пенсій, прафесійнае пенсійнае страхаванне. У многіх дзяржавах яны адменены. «Але ў нас гэта захоўваецца, наймальнікі часткова фінансуюць гэтыя пенсіі, мы іх вывелі за агульную сістэму, і таму інстытут датэрміновых пенсій захаваецца. Захаваецца і дэльта ў выпадку павышэння пенсійнага ўзросту», — сказала міністр.

Шмат увагі на нарадзе ўдзялялася развіццю добраахвотнага пенсійнага страхавання. «Размова ішла аб развіцці фінансавых страхавых кампаній, аб тым, каб была магчымасць за кошт чыстага прыбытку прадпрыемстваў і за кошт саміх работнікаў самастойна прымаць рашэнні аб дадатковых пенсіях. Сёння гэта ёсць, але павінна быць большае развіццё, інакш кажучы павінны быць больш прывабныя ўмовы», — лічыць Мар’яна Шчоткіна.

Яна падкрэсліла, што ў краіне захоўваюцца выплаты працуючым пенсіянерам.

Паводле слоў міністра, варыянты эканамічна падлічаны, у тым ліку з прыцягненнем вучоных.

Першы варыянт прадугледжвае выхад на пенсію жанчын у 60 гадоў і мужчын у 65. Мар’яна Шчоткіна адзначыла, што гэта самы эканамічна прымальны варыянт, паколькі дае добрыя паказчыкі.

«Прааналізаваўшы дэмаграфічныя працэсы, прапанаваны варыянт выхаду на пенсію жанчын у 60 гадоў, мужчын — у 63 гады. Тут за аснову бралася перш за ўсё тое, што сёння сярэдняя працягласць жыцця жанчын складае 78,4 года, а атрыманне пенсіі — больш як 20 гадоў пасля выхаду на пенсію, — адзначыла міністр. — Нядаўна гаварылася аб тым, што гендарная роўнасць павінна ўлічвацца і ў дасягненні пенсійнага ўзросту».

«Але ўзнікае пытанне: ці можам мы сёння не ўзяць пад увагу сацыяльны аспект, нагрузку на жанчын? Ці павінна быць розніца паміж выхадам на пенсію ў мужчын і жанчын? Якая нагрузка на жанчын у дамашняй гаспадарцы? Ці дасягнулі мы сёння таго ўзроўню гендарнай роўнасці?» — прадоўжыла Мар’яна Шчоткіна.

Зыходзячы з гэтага, трэці варыянт прадугледжвае ўвядзенне пенсійнага ўзросту з 58 гадоў для жанчын і з 63 — для мужчын.

Што датычыцца тэмпу, з якім плануецца павялічваць пенсійны ўзрост, то найбольш аптымальным з’яўляецца з крокам паўгода. «Мы ўжо ўпусцілі момант, калі можна было рухацца па адным або тры месяцы. Калі мы хочам захаваць стабільнасць у дзяржаве, то сёння самы невялікі тэмп, які мы можам сабе дазволіць, — гэта 6 месяцаў. Ёсць і іншыя прапановы: 8 месяцаў, 1 год. Але 1 год — гэта вельмі жорсткі варыянт», — сказала міністр.

Па матэрыялах БелТА



Добавить комментарий