РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

  

У Лядовым палацы ў Маладзечне напярэдадні Дня міліцыі і Дня жанчын прайшла сустрэча кіраўніцтва УУС Мінскага аблвыканкама з жонкамі, бацькамі і дзецьмі супрацоўнікаў міліцыі, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў.

Ад нашага раёна на сустрэчы прысутнічала Антаніна Уладзіміраўна Трацэўская, якая была вельмі ўсхвалявана і ўдзячна за памяць пра мужа Іосіфа Трацэўскага. Падчас сустрэчы жанчынам былі ўручаны букеты ружаў, прысутныя атрымалі таксама падарункі і грашовую дапамогу. Пасля святочнага абеду ўрачыстасць працягвалася ў Палацы культуры, дзе сабраліся супрацоўнікі міліцыі з усіх раёнаў Міншчыны. У канцэртнай праграме выступалі Аляксей Хлястоў, Аляксандр Саладуха, група “Цяні-Талкай”, наш зямляк Аляксандр Сабалеўскі і лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці Маладзечанскага раёна.

 

Івянецкі музей традыцыйнай культуры прапануе новую праграму “Інтэрактыўная пляцоўка “Пазнай свет керамікі”. Яна павінна зацікавіць установы адукацыі не толькі нашага раёна, дапаможа больш змястоўна правесці адзін з дзён вясенніх канікулаў.

Удзельнікі пачнуць знаёмства з івянецкай керамікай у майстэрні, дзе ганчар правядзе майстар-клас па вырабе элементарнага керамічнага посуду. Наведвальнікі змогуць сваімі рукамі выляпіць цуда-птушку і забраць падзелку з сабой. Знаёмства з экспазіцыяй “Івянецкая кераміка. Традыцыі і сучаснасць” завершыцца праглядам мультымедыйнай прэзентацыі “Славутыя майстры Івянца”. Мэта праграмы – больш глыбокае знаёмства з мясцовымі рамёствамі, далучэнне да багатай культурнай спадчыны роднага краю. Аднымі з першых апрабавалі новую праграму івянецкія школьнікі.

 

“Рукапісы не гараць” – такое мерапрыемства ладзілі супрацоўнікі раённай бібліятэкі да 120-годдзя першага народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы і запрасілі ў літаратурную гасцёўню дзесяцікласнікаў сярэдняй школы № 1 райцэнтра. Вядучыя А. Ф. Сугака і С. М. Ацесленка пазнаёмілі школьнікаў з няпростым жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка, удзельніка чатырох войнаў.

Кандрат Крапіва пражыў доўгае жыццё – амаль 95 гадоў. Некаторыя яго байкі, як, напрыклад, “Дыпламаваны Баран”, актуальныя і сёння. У біяграфіі юбіляра ёсць радок, звязаны з нашым раёнам. Роўна адзін сезон, у 1914 годзе, ён настаўнічаў у вёсцы Мішаны Пяршайскай воласці. Байкі і сатырычныя вершы чыталі школьнікі Раман Журкевіч, Аляксей Станкевіч, іншыя. Была падрыхтавана кніжная выстава “Геній беларускай драматургіі”.

 

Збор камандзіраў антынаркатычных атрадаў прайшоў ва ўпраўленні адукацыі Мінскага аблвыканкама. У яго рабоце прынялі ўдзел работнік пракуратуры Мінскай вобласці В. С. Пашкевіч і прадстаўнік Следчага камітэта па наркакантролі В. В. Ліпоўка.

Справаздачы аб сваёй рабоце прадстаўлялі 4 установы адукацыі вобласці, у тым ліку і Валожынскі прафесіянальны сельскагаспадарчы ліцэй. На зборы прысутнічалі намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце І. С. Жытарук і камандзір антынаркатычнага атрада другакурснік Дзмітрый Загорскі.

 

У гімназіі № 1 прайшло асабістае першынство Валожынскага раёна па настольным тэнісе сярод юнакоў і дзяўчат 1999 года нараджэння і маладзейшых.

Лепшым тэнісістам раёна названы вучань СШ № 1 Іван Макар, другое і трэцяе месцы занялі гімназіст Васілій Трус і вучань Ракаўскай СШ Эдвін Клемантовіч. У дзяўчат лепшай была гімназістка Вікторыя Барахоўская. Другое і трэцяе месцы заваявалі прадстаўніцы Ракаўскай СШ Анастасія Патоцкая і Вераніка Дзянісік.

 

З 1 па 18 сакавіка праходзіць прафілактычная акцыя “Дзень бяспекі. Увага ўсім!”, прысвечаная Сусветнаму дню грамадзянскай абароны.

1 сакавіка ва ўсіх установах адукацыі раёна прайшлі тэматычныя ўрокі бяспекі і адпрацоўка планаў эвакуацыі. З 9 па 18 сакавіка праходзіць другі этап акцыі. Выратавальнікі прымаюць удзел у бацькоўскіх сходах. Дасрослым раскажуць аб асноўных прычынах пажараў, дзеяннях па сігнале “Увага ўсім!”, напомняць аб захаванні дзецьмі правіл бяспекі падчас школьных канікулаў, якія пачнуцца неўзабаве.



Добавить комментарий