З любоўю i прызнаннем…

Официально

Душэўную асалоду, задаволенасць, радасць, цудоўны настрой, усведамленне вялікай сваёй значнасці ў сусвеце і грамадстве атрымалі жанчыны, якія былі запрошаны на ўрачыстае мерапрыемства, што прайшло ў раённым Цэнтры культуры напярэдадні свята 8 Сакавіка.

Такія сустрэчы для раённай арганізацыі РГА “Беларускі саюз жанчын” ужо сталі традыцыйнымі. Каторы год запар старшыня З. М. Дубіна збірае разам самых заслужаных і паважаных жанчын Валожыншчыны: ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ветэранаў працы, кіраўнікоў, старшынь грамадскіх аб’яднанняў, працаўніц, шматдзетных і прыёмных матуль, сямейных дынастый, каб выказаць ім словы ўдзячнасці і прызнання, пашаны і павагі за іх вялікі ўклад у развіццё раёна.

Як зазначыла ў віншавальным слове Зоя Мікалаеўна, членамі раённай арганізацыі з’яўляюцца 305 жанчын, якія забяспечваюць дастойную падтрымку мацярынства і дзяцінства. У прыватнасці, напярэдадні свята тры шматдзетныя матулі раёна былі ўзнагароджаны ордэнам Маці, 10 прадстаўніц цудоўнай паловы раёна ўвайшлі ў энцыклапедыю “Хто ёсць хто ў Беларусі”, а кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК, член Саюза пісьменнікаў Беларусі В. Ф. Гіруць-Русакевіч атрымала перамогу ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Жанчына года” ў намінацыі “За ўклад у развіццё духоўнасці і культуры”.

На сустрэчы цёплыя словы ўсім прысутным у зале адрасавалі намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Л. В. Садоўскі, кіраўнік спраў райвыканкама А. М. Уланчык, старшыня Валожынскага сельвыканкама Д. К. Карачун, галоўны ўрач Валожынскай цэнтральнай раённай бальніцы Я. А. Мянцюк, намеснік рэдактара раённай газеты С. Б. Садоўскі.

Ну а музычныя нумары, па-майстэрску і душэўна падрыхтаваныя салістамі РЦК і самадзейнымі артыстамі раёна, падарылі атмасферу ўзнёсласці і замілавання, надалі зарад бадзёрасці і пазітыву.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *