Птушку-сiмвал будзем выбiраць з пяцi кандыдатаў

Больш за 20 чалавек прынялі ўдзел у круглым стале, які прайшоў у Валожыне ў рамках рэалізацыі ініцыятывы “Прыродны сімвал раёна (птушка) як каталізатар развіцця экатурызму на Валожыншчыне”. Час рэалізацыі дадзенага праекта – з лютага па ліпень бягучага года.

ДЛЯ ДАВЕДКІ: у Злучаных Штатах Амерыкі кожны з 50-і штатаў мае сваю птушку-сімвал. Такі сімвал ёсць у шэрага краін свету, напрыклад, у дзяржавы Ізраіль гэта ўдод, у Вялікабрытаніі – заранка. У Беларусі пакуль што толькі два раёны, Слуцкі і Міёрскі, маюць сваю птушку-сімвал. У першага гэта – салавей, другога – журавель.

Круглы стол быў ініцыіраваны для ўзгаднення спісу птушак-кандыдатаў на сімвал раёна. У ім бралі ўдзел непасрэдныя арганізатары гэтай ініцыятывы і мясцовыя актывісты з ліку зацікаўленых асоб з прыродаахоўных арганізацый, настаўнікаў біялогіі некаторых школ раёна, гаспадароў аграсядзіб, прадстаўнікоў грамадскасці, якія часцей за ўсё маюць зносіны з турыстамі, што наведваюць наш раён, у прыватнасці, раённага краязнаўчага музея.

Асноўную ролю ў вылучэнні птушкі-сімвала раёна ўзялі на сябе прадстаўнікі грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Ва ўступным слове менеджар ініцыятывы К. Салавей расказала прысутным пра шматгранную дзейнасць гэтай арганізацыі.

Спецыяліст па захаванні відаў П. Пінчук прэзентаваў птушак-кандыдатаў, абгрунтоўваючы іх сувязь з Валожыншчынай. Была падрыхтавана відэапрэзентацыя птушак і падрабязны расказ пра іх асаблівасці. Прыводзіліся цікавыя факты, легенды. На ролю сімвала раёна былі вылучаны зімародак, чорны бусел, філін, змеяед, малы падворлік, беласпінны дзяцел і вальдшнэп.

Кожны з прысутных мог выказаць свае меркаванні і вылучыць свайго кандыдата. Такім чынам у спісе дадаткова апынуліся глушэц і цецярук, за іх выказаўся дырэктар заказніка “Налібоцкі”. У асноўным усе птушкі звязаны з Налібоцкай пушчай і толькі зімародка можна назіраць на ўсёй тэрыторыі раёна.

Пасля кожнаму ўдзельніку круглага стала было дадзена права выбару трох птушак са спісу. З тых, што набралі большасць галасоў, вылучылі пяць. Менавіта з іх будуць выбіраць жыхары раёна птушку-сімвал. Бясспрэчным лідарам стаў зімародак: прыгожая птушка з чырвонай грудкай і ярка-сінім, можна сказаць, блакітным “фракам”. Другое месца па колькасці галасоў заняў чорны дзяцел. У выбарах будуць удзельнічаць таксама філін, малы падворлік і глушэц.

На жаль, маю ўласную прапанову, каб зрабіць птушкай-сімвалам спяваючага дразда, узяўшы, як “фішку”, ужо даволі раскручаны брэнд – эстрадную групу “Дразды”, таксама непасрэдна звязаную з нашым раёнам, прысутныя не падтрымалі… Мне здавалася гэта відавочным і не патрабавалася шукаць нешта іншае. Тым больш, што такія птушкі водзяцца ў нашых лясах.

Дзякуючы птушцы-сімвалу, можна прыцягнуць увагу не толькі да захоўвання месцаў пражывання птушак, але і павялічыць прыток турыстаў у раён. Для гэтага давядзецца папрацаваць мастакам, каб зрабіць прыгожы адбітак на розных значках, магнітах, сувенірнай прадукцыі, што вельмі папулярны ў турыстаў. У бліжэйшай перспектыве – размяшчэнне графіці на самых высокіх будынках у Валожыне і Івянцы. Дарэчы, чытачы газеты таксама маюць магчымасць прапанаваць месцы для графіці і ўстаноўкі скульптуры птушкі.

Наталля ШТЭЙНЕР

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars