Бацькаў пасаг

Культура

Пятрусь Такушэвіч з Яршэвічаў чатыры гады не бачыў дзяцей і жонкі, з таго часу, як пайшоў у 1941-м ваяваць. Доўга не меў ад іх звестак, сніў ледзь не кожную ноч, часам не мог стрымаць слёз, калі ўяўлялася, што яго Марыя, сыны Кастусь і Лёня, малая Ніначка, якая нарадзілася ў 1939-м, пакутуюць ці наогул даўно ляжаць дзе-небудзь забітыя…

Толькі перад самай Перамогай прыйшоў у Германію сціплы трохвугольнік, у якім сусед, пад дыктоўку Марыі, пісаў, што “дома ўсе жывыя і здаровыя, чаго і яму жадаюць”. Пятрусь тады цэлы дзень хадзіў ад шчасця як п’яны. Сеў адпісваць адказ і не мог падабраць слоў: хацелася сказаць пра радасць, якая перапаўняе сэрца, пра тое, як моцна любіць іх усіх і не можа дачакацца, калі, нарэшце, убачыць родную старонку, прытуліць да грудзей жонку, пагладзіць бялявыя галовы дзетак.

Яго баявыя таварышы таксама мроілі аб дэмабілізацыі, а некаторыя ўжо тут, у Германіі, рыхтаваліся да мірнага жыцця на Бацькаўшчыне. Можна было і Пятру чаго прыхапіць з Нямеччыны: прыгожы посуд, розныя металічныя прылады працы, якія згадзіліся б дома. Толькі хіба на чужым дабры разбагацееш? Не зайздросным быў ён чалавекам, ды і бацькі прывучылі не квапіцца на дармаўшчыну, а здабываць усё ўласным мазалём.

Нічога не вёз у рэчмяшку Пётр Такушэвіч з вайны, але меў пры сабе, трымаў каля самага сэрца адрэз крэпдэшыну: на нябесным блакіце (ну, зусім пад колер жончыных вачэй!) маленькія жоўтыя букецікі. Сукенак з такой прыгожай тканіны ў Яршэвічах яшчэ ніхто не насіў. Яго Марыя Арсеньеўна будзе першай. Выйдуць яны поруч удваіх у царкву, маладыя, прыбраныя, шчаслівыя…

Амаль бязважкая тканіна за гімнасцёркай і не адчувалася, але сагравала душу, дапамагала ўяўляць блізкую сустрэчу.

Да дому заставалася кіламетраў трыццаць, калі дэмабілізаваных, бяззбройных салдат абстраляла з лесу група бандытаў. Хто ведае, можа сціплы багаж вайскоўцаў іх зацікавіў, а можа дзейнічалі проста ад лютасці і помсцілі ўсім, каго бачылі. Бандыты забралі ў салдатаў усё, што тыя пры сабе мелі, і зноў павярнулі ў лес.

Пётр Такушэвіч, бледны, цяжка дыхаючы, расшпіліў на грудзях гімнасцёрку і папрасіў таварыша праверыць, ці спэцкаўся ў кроў падарунак. Слізкі адрэз крэпдэшыну споўз, бы ратуючыся ад стрэлаў, з грудзей на спіну. Апошняе, што пабачыў Пётр на гэтым свеце, была блакітная, бы вочы любай жонкі, тканіна ў разлучнага, жоўтага колеру кветкі.

У той жа дзень адрэз нямецкага шоўку дайшоў да сваёй адрасаткі – Марыі Арсеньеўны Такушэвіч. З яе блакітных вачэй на блакіт крэпдэшыну падалі горкія, салёныя лёзы, утвараючы вакол залацістых кветак вянок…

Не раз Марыя парывалася прадаць адрэз або абмяняць яго на хлеб, ды ў апошні момант перадумвала. Калі падрасла Ніна, пашылі ёй крэпдэшынавую сукенку. Дзяўчына прыбралася, паехала з сяброўкамі ў Валожын. Там нейкая пажылая незнаёмая жанчына аж языком зацохкала: “Але ж ты, дзяўчынка, і прыбралася хораша! Хто ж табе такую сукеначку справіў?”

Ніна разгубілася і ціхенька вымавіла: “Тата…”

– Вось жа добры ў цябе татка. Шчаслівая… А мае дочкі сіротамі растуць…

Ніна выйшла замуж, выгадавала з мужам Іосіфам траіх цудоўных дачок, дачакалася ўнукаў, але так і не пазбавілася болю ад таго, што ніколі не бачыла свайго бацькі, які ваяваў, дачакаўся Перамогі і загінуў маладым амаль на парозе роднага дому, з прыгожым падарункам для жонкі.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий