Общество

У Івянецкай сярэдняй школе вучацца 670 дзяцей. Заняткі распісаны ў дзве змены. З раніцы да вечара праца кіпіць не толькі ў класах, але і на кухні. Каб смачна і сытна накарміць немалую колькасць вучняў, поварам даводзіцца працаваць у рэжыме цэйтноту. 

Алена Аляксандраўна ПЯСЕЦКАЯ, Ірына Іосіфаўна ЛАПУЦКАЯ і Аксана Барысаўна КАРАЧУН – тры повары школьнай сталовай – паспяваюць прыгатаваць сняданак на 215 чалавек. Пасля час брацца за абеды. Іх у школе некалькі: на 180 дзяцей, на 150-160 і 110-120 вучняў. Сталовая разлічана на 200 пасадачных месцаў. Затым сваёй чаргі чакаюць полуднікі. Меню разнастайнае: салаты, запяканкі, супы, тушанае мяса, рыба, кашы, сокі, фрукты. Параканвекцыйная печ дазваляе выключыць смажанне, атрымліваючы здаровыя стравы.

Падтрымліваць належны санітарны стан у памяшканні поварам дапамагаюць дзве кухонныя рабочыя Святлана Іванаўна Лапуцкая і Вольга Іванаўна Міхновіч.

Кулінарная адукацыя ёсць толькі ў А. А. Пясецкай. Яна ў свой час скончыла Мінскае вучылішча № 221 па спецыяльнасці пекар-кандытар. А вось яе калегі, каб уладкавацца на вакантнае месца повара ў школьнай сталовай, спасцігалі мастацтва кулінарыі на кароткатэрміновых спецыяльных курсах, дзе атрымалі поварскі разрад.

Аднак разрад – толькі фармальнасць. Усе тры жанчыны – і без таго ўмелыя кухаркі, дбайныя гаспадыні. Валодаюць мноствам сакрэтаў гастранамічнага свету. Кожны дзень свае сем’і балуюць апетытнымі стравамі, а часам і кулінарнымі шэдэўрамі.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий