Таленавiтыя юныя творцы

Общество

Падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачамі дзяцей”. Гэты творчы конкурс праводзіўся не ў першы раз. І штогод ён адкрывае новыя імёны таленавітых дзяцей.

Удасканальваецца майстэрства і ранейшых пераможцаў. Розныя грані мужнай прафесіі выратавальніка паказваюць дзеці ў сваіх творах, знаходзяць новыя фарбы і вобразы ў работах дэкаратыўна-прыкладнога характару. Агляд-конкурс праводзіўся ў сямі намінацыях.

“Казка пра бога” Дар’і Цяжкевіч, якая прадстаўляла цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна, прызнана лепшай у намінацыі “Казка”. Другое месца журы прысудзіла “Гісторыі аднаго каралеўства” вучаніцы СШ № 2 райцэнтра Міраславы Альшэўскай, трэцяе – “Прыгодам Іскрынкі”, якія нафантазіраваў вучань Гародзькаўскага ВПК Аляксей Шаўлюк.

У намінацыі “Верш” першае месца прысуджана прадстаўніку Вішнеўскага ВПК Уладзіславу Байсову за верш “Простыя правілы”. Другога месца ўдастоены вершаваны твор “Агонь – наш сябра…” Кацярыны Леўчык з СШ № 2. Трэцяе месца падзялілі вершы “Мая мара” Юліі Рубан з Вішнеўскай СШ і “Дзеці, запалкі – не цацкі!” Любові Русакевіч з гімназіі № 1.

У намінацыі “Мадэль пажарнай тэхнікі” лепшай была прызнана работа “Тэхніка на службе ў выратавальнікаў” Арцёма Чупрыса з Сівіцкай базавай школы. Другое месца заняла падзелка “Наш крылаты памочнік” Сяргея Садоўскага з СШ № 2 райцэнтра.

У намінацыі “Скульптура малой формы” не было роўных выхаванцам Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі: работа “Дракон-агонь” Іллі Шугаева была прызнана лепшай, трэцяе месца заваявала скульптура “Пажарны” Дар’і Скрыпкі. Другога месца ўдастоены твор “Пажарны” Крысціны Вярбіцкай з Пугачоўскай СШ.

У намінацыі “Падзелка” ўсе тры прызавыя месцы дасталіся зноў жа выхаванцам Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Першае месца заваявала ваза “Агонь” Арцёма Рудовіча. Другое і трэцяе месцы прысуджаны вазам пад назвамі “Юны пажарны” і “Запас бяды не чыніць”, аўтары якіх Дзмітрый і Аляксандр Капусты. У гэтай намінацыі прысуджаны таксама пахвальныя лісты. Іх удастоены работы “Не гуляй з агнём” Ксеніі Дубіцкай і “Жар-птушка” Бажэны Ключнік (Івянецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі), а таксама “Пажарны-дабраволец – гучыць горда” Валерыя Бібіка з Сівіцкай БШ.

Пахвальны ліст у намінацыі “Плакат” уручаны Ангеліне Гардзевіч з Багданаўскай СШ за плакат “Феерверкі і хлапушкі – небяспечныя цацкі”.

Найбольш прызёраў вызначана ў намінацыі “Малюнак”. Першае месца журы прысудзіла “Анёлу-выратавальніку” Веранікі Юдэнка з Суднікаўскай сярэдняй школы. Два другія месцы – малюнкам “Жыццё бясцэнна” Вікторыі Шкель з гэтай жа навучальнай установы і “Выратаванне сябра” Аляксандра Капусты з Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Трэція месцы занялі работы “У барацьбе з агнём” Марыі Петрушкевіч з Ракаўскай СШ і “Мацней нітак стальных і агня арганізацыя выратавальнікаў мая” Таццяны Бяззубенка з Івянецкай СШ. Пахвальных лістоў удастоены работы “Феерверкі і хлапушкі – небяспечныя цацкі” Іллі Сушко з Сакаўшчынскай СШ і “Я б у выратавальнікі пайшоў, хай мяне навучаць” Кацярыны Бацян з СШ № 2 райцэнтра.

Дваццаць вучняў, якія занялі 1-3 месцы, узнагароджаны дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а таксама 6 удзельнікаў конкурсу адзначаны пахвальнымі лістамі.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий