Жыццё, паяднанае з музыкай

Официально

Кожны з нас заўсёды сам будуе свой лёс. У сталыя гады, калі чалавек азіраецца назад, хочацца ўбачыць, што жыццё было хоць і цяжкім, але напоўненым значнымі падзеямі, дасягненнямі, не было дарэмна пражытых дзён, а праца – плённай і добрасумленнай.

Сёння хочацца ўзгадаць чалавека, якому з вышыні 70-гадовага ўзросту будзе цікава і прыемна перагортваць старонкі свайго жыцця. Гэта былы дырэктар, а зараз настаўнік па класе балалайкі Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў Казімір Аляксандравіч БІБІК. Яго працоўны стаж налічвае больш за 50 гадоў, і ўсе яны прысвечаны музыцы, працы ў музычнай школе.

Яшчэ ў дзяцінстве хлопчык сам употай ад бацькоў навучыўся іграць на гармоніку, купленым для старэйшага брата. Якім жа было іх здзіўленне, калі аднойчы на свята маленькі Казімір узяў гармонік у рукі і зайграў вясёлую польку. Так музыка ўвайшла ў яго жыццё. Потым была вучоба ў Маладзечанскім музычным вучылішчы, якое К. А. Бібік закончыў па класе балалайкі ў 1965 г., а ў 1976 г. – па класе баяна. Дзякуючы вялікай працаздольнасці і прагнасці да ведаў, у 1988 г. ён паступіў вучыцца ў Мінскі інстытут культуры на завочную форму навучання, які паспяхова скончыў у 1993 г. па спецыяльнасці кіраўнік аркестра народных інструментаў.

У Івянецкай дзіцячай школе мастацтваў Казімір Аляксандравіч Бібік працуе з 1969 г. выкладчыкам па класе балалайкі. Са снежня 1988 г. па жнівень 2009 г. займае пасаду дырэктара і працягвае настаўніцкую дзейнасць.

Гонар кожнага настаўніка – яго вучні. Тут Казіміру Аляксандравічу ёсць чым ганарыцца. 12 яго вучняў закончылі сярэднія навучальныя ўстановы культуры і мастацтва, чацвёра – з’яўляюцца выпускнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Віталій Карпанаў – удзельнік усім нам вядомага гурта “Дразды”. У 2015 г. вучні Казіміра Аляксандравіча Уладзіслаў Чуйко і Максім Строк занялі трэцяе месца ў першым адкрытым рэгіянальным конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя К. І. Паплаўскага.

К. А. Бібік ніколі не спыняецца на дасягнутым, у яго заўсёды шмат творчых ідэй, для рэалізацыі якіх ён прыкладае шмат сіл і намаганняў. Сябры і калегі ведаюць яго як цудоўнага, спагадлівага, добразычлівага чалавека. Вялікае пачуццё гумару дапамагае яму знаходзіць выйсце ў самых няпростых жыццёвых сітуацыях.

З нагоды 70-гадовага юбілею калектыў Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў жадае свайму паважанаму супрацоўніку Казіміру Аляксандравічу Бібіку невычэрпнай энергіі, поспехаў у працы, таленавітых і ўдзячных вучняў. Хай жыццё дорыць шмат радасных і цікавых падзей, людскога цяпла і дабрыні, светлых і сонечных дзён. Моцнага здароўя Вам на доўгія гады.

Таццяна ШЫДЛОЎСКАЯ,

дырэктар Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў



Добавить комментарий