Перамагло… сяброўства!

Спорт

Нядаўна ў сельскагаспадарчым прафесіянальным ліцэі прайшла спартландыя, арганізаваная пры ўдзеле райкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і воінскай часці 30695, а таксама раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. 

Спартыўныя спаборніцтвы ладзіліся паміж ліцэістамі-БРСМаўцамі ва ўзросце ад 16 да 20 гадоў і маладымі вайскоўцамі. Перад камандамі, у склад кожнай з якіх уваходзілі 10 чалавек (прычым як ліцэістаў, так і салдат), першапачатковай задачай стала абранне назваў. Пасля ўрачыстага адкрыцця, пастраення і ўзняцця Сцяга камандзіры аб’явілі іх судзейскай калегіі і прысутным балельшчыкам – “Качаняты” і “Асназ”. А пасля ўзяліся за выкананне конкурсных заданняў. Сярод такіх быў бег у галёшах, спаборніцтвы на самае хуткае апрананне баявога абмундзіравання выратавальніка, эстафета, паласа перашкод… Удзельнікам спартландыі выпала абараняць гонар сваіх каманд у 10 відах заданняў.

Пасля завяршэння мерапрыемства кожны ўдзельнік атрымаў ад спонсараў – райкама ГА “БРСМ” і сельгасліцэя – падарункі. Работнікі РАНС далучыліся да віншаванняў, прэзентаваўшы канкурсантам сувенірную агітацыйную прадукцыю. Не лішнім было б адзначыць і саміх ваеннаслужачых, якія ўвесь час падтрымлівалі спартсменаў і ў перапынках між конкурсамі ладзілі для іх і ўсіх астатніх музычныя нумары пад гітару. Лагічным жа завяршэннем спартыўнага свята стаў дружны “салодкі стол”.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий