Тэлефон міліцыі – 102

Закон и порядок

ХТО ПА ШЫБЕ ШЫБАНУЎ?

Разбітая аконная шыба – справа жыццёвая, хоць і непрыемная. Аднак тое, што адбылося ў адной са школ раёна, выклікала ўвагу начальніка аддзела па нагляду за дазнаннем пракуратуры вобласці.

Яшчэ летась дырэктар навучальнай установы заўважыла і паведаміла ў праваахоўныя органы аб пашкоджанні шклопакета з ПВХ на трэцім паверсе: у першым, вонкавым шкле бачна была невялікая круглая адтуліна, а паміж шыбінамі ляжаў металічны асколак. Хто, калі і чаму нашкодзіў – невядома. Не выключаецца версія, што прычынай стаў выпадковы, непрыцэльны стрэл з пнеўматычнай зброі. Зараз пракуратурай вобласці ўзбуджана крымінальная справа па прыкметах саставу злачынства, прадугледжанага ч. 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (хуліганства).

 

ТАВАР НЕ ПРЫНЁС “НАВАР”

Група па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю РАУС сумесна з Інспекцыяй па падатках і зборах па Валожынскім раёне падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у райцэнтры затрымала асоб, якія займаліся прадпрымальніцкай дзейнасцю без рэгістрацыі і дакументаў.

Першай у поле зроку трапіла жанчына-вадзіцель прыпаркаванай на плошчы Свабоды легкавушкі “Таёта”. Як аказалася, жыхарка Магілёва прыехала да нас прадаваць камплекты пасцельнай бялізны. Торг ажыццяўляўся прама з багажніка аўтамабіля. Рэалізаваць усю партыю тавару коштам амаль 12 мільёнаў рублёў жанчыне не ўдалося.

На гарадскім рынку “ўлоў” больш важкі. Тут жыхарка Маладзечанскага раёна спрабавала збыць 149 шапак на суму 43080000 рублёў. Аднак незаконны гандаль пацярпеў фіяска: шапкі канфіскаваны і перададзены ў даход дзяржавы.

 

ХОЧАЦЦА ДАБРА ЗАДАРМА

Пенсіянер з Валожына, не маючы пільнай патрэбы, зімой у свой гараж наведваўся рэдка. Таму ўстанавіць дакладную дату, калі ўчынены крадзеж, і пацярпеламу, і супрацоўнікам міліцыі складана. Вялікіх пажыткаў у гаражы не захоўвалася, але злодзей забраў усё падчыстую: пустыя металічныя ёмістасці, рабочыя інструменты і іншыя гаспадарчыя рэчы, каністры з дызельным палівам.

Аб’ектам нападзення зламыснікаў сталі і дачныя дамы ў Міхалове, Лужанах і Слабадзе. Амаль на 11 мільёнаў ацаніў жыхар Мінска ўкрадзеную маёмасць: шліфавальную машынку, рухавік ад бетонамяшалкі, будматэрыялы. Усё гэта злодзей вынес праз зламаныя папярэдне дзверы.

Не ўратавалі замкі і дачу іншага жыхара сталіцы. Прыехаўшы, каб адсвяткаваць выхадныя на прыродзе, мужчына не знайшоў купленыя загадзя прадукты: 2 кілаграмы свінога фаршу, 2,5 кілаграма мяснога філе, курыцы на 1,5 кілаграма, пяцікілаграмовага шчупака, а таксама гарэлкі і піва. Акрамя гэтага, зніклі і больш каштоўныя рэчы: дзве пілы-балгаркі, бензапіла, шрубавёрт – усё імпартнай вытворчасці.

 

НЯЛЮДСКІЯ АДНОСІНЫ

Жанчына, 1992 года нараджэння, якая зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем, неяк паскардзілася ўчастковаму інспектару міліцыі на сужыцеля, які часта ўчыняе скандалы, пры гэтым абражае яе, распускае рукі і нават пагражае забойствам. За такія дзеянні мужчына быў асуджаны судом Валожынскага раёна і пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічынь. Аднак стыль паводзін ён не змяніў, здзекавацца над сваёй ахвярай не кінуў, а запалоханая ім жанчына доўгі час цярпела і маўчала. Нядаўна яна набралася мужнасці і расказала, што летась, супраць уласнай волі, на нейкі час была пасаджана на жалезны ланцуг.

Супрацьпраўнае, прымусовае пазбаўленне асабістай свабоды каго-небудзь з’яўляецца цяжкім злачынствам і караецца пазбаўленнем волі. Зараз мужчына-садыст затрыманы, узбуджана крымінальная справа.

Сяргей ГЕЛДА,

намеснік начальніка РАУС

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий