Рэгiянальныя навiны

Общество

РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ

ад члена Саюза журналістаў Беларусі

Наталлі ШТЭЙНЕР

Тэл. 55679, Velcom 3933728       nshtejner@mail.ru 

Сёлета раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа перадала 40 ваўчараў на 8 чалавек тром сем’ям перасяленцаў з Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. Атабарыліся сем’і ў Кіяўцы Ракаўскага сельсавета, Гародзьках і вёсцы Манькаўшчына.

Прадугледжаная нашай дзяржавай матэрыяльная дапамога на аднаго чалавека складае 1 мільён беларускіх рублёў. Ваўчары выдадзены на люты і сакавік. Прадукты пересяленцы павінны закупляць у валожынскім магазіне “Мінскі край”, з гэтай сумы можна набываць і іншыя рэчы праз “Універмаг” райцэнтра.

 

Работнікі аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і салона “Міласэрнасць” правялі дабрачынную акцыю ў радзільным аддзяленні райбальніцы. Для 11 нованароджаных яны падрыхтавалі падарункі з адзеннем.

А напярэдадні сацыяльныя работнікі разам са старшынёй раённага Савета жанчын З. М. Дубінай аб’ехалі і павіншавалі з вясеннім святам людзей, якія ляжаць на сацыяльных ложках. У Івянецкай пасялковай бальніцы такіх 18 чалавек, у Ракаўскай участковай – 12. Яшчэ 27 жыхароў раёна знаходзяцца ў Пяршайскай бальніцы сястрынскага догляду. Ад Савета жанчын ім былі ўручаны цукеркі і тарты, ад тэрытарыяльнага цэнтра каля дваццаці ўпаковак памперсаў і 300 аднаразовых пялёнак для ляжачых, а таксама аддзенне.

 

 

22-23 сакавіка ў Стоўбцах пройдзе фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці. У ім мае намер браць удзел узорны тэатр лялек “Вандроўка” Івянецкага гарпасялковага Дома культуры.

У гэтыя дні ідуць напружаныя рэпетыцыі. Разам з работнікам Дома культуры Таццянай Задрэйка хлопчыкі і дзяўчынкі рыхтуюць музычны спектакль па казцы Р. Остэра “Клочки по закоулочкам”.

 

 

Прынята рашэнне райвыканкама аб закрыцці з 1 красавіка Каменскага фельчарска-акушэрскага пункта, а з 1 мая – Вайганаўскага. Усяго ў нашым раёне засталося 13 ФАПаў.

Жыхарам з зоны абслугоўвання першага ФАПа будзе аказваць медыцынскую дапамогу Івянецкая паліклініка, з зоны Вайганаўскага – Багданаўская ўрачэбная амбулаторыя.

 

 

У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуюць 11 гурткоў па інтарэсах і 2 майстэрні: “Майстар-кухня” і “Сувенірны вернісаж”.

Самы новы гурток – “Чароўныя ніткі”. Кіраўнік Юлія Гісіч вучыць маладых інвалідаў ткацтву на падрамніках. А падрамнікі для гэтага віду творчасці вырабляюць члены гуртка па дрэваапрацоўцы “Зрабі сам”.

 

 

Прайшоў раённы турнір па рускіх шашках сярод школьнікаў 1998-2002 гадоў нараджэння.

Сярод дзяўчат перамогу святкавала Гражына Амельяновіч з Багданаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа. Другое і трэцяе месцы заваявалі Лізавета Мошка з СШ № 1 райцэнтра і Анастасія Няфёдава з Пяршайскага ВПК. У хлопчыкаў лепшы вынік за шашачнай дошкай паказаў вучань валожынскай СШ № 2 Аляксей Бітэль. Другое і трэцяе месцы на рахунку Яўгенія Сташэўскага з гэтай жа школы і Уладзіслава Менцюка з Пяршайскага ВПК.

 

 

У чытальнай зале раённай бібліятэкі працуе невялікая выстава работ “Рукатворная прыгажосць” чытачкі Юліі Кшталтнай, прадаўца магазіна “Мінскі край” райспажыўтаварыства.

Тут можна ўбачыць яе арыгамі і вышыўку: папяровую сямейку лебедзяў, цукерачніцы, вышываных крыжыкам паўлінаў, макі, царкву. Асабліва прыцягваюць увагу наведвальнікаў работы ў тэхніцы арыгамі. А на другім паверсе бібліятэкі адкрылася выстава работ мастака Канстанціна Матуса, члена народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” пры РЦК. 18 маляўнічых жывапісных пейзажаў адлюстроўваюць хараство прыроды нашай Валожыншчыны.



Добавить комментарий