200-гадовы юбiлей Валожынскай святынi

Культура

19 сакавіка 1816 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне новага касцёла ў гонар Святога Юзафа. Акт асвячэння выканаў канонік інфляндскі ксёндз Тадэвуш Навіцкі.

Нагадаем, што першы драўляны касцёл у Валожыне ў імя Святога Юзафа заснаваў у 1492 г. Альбрэхт Гаштольд. У 1681 г. кашталян Віленскі Юзаф Багуслаў Служка заснаваў новы драўляны касцёл і кляштар бернардзінцаў (ліквідаваны ў 1864 г.), дзе пасяліў 16 манахаў, забяспечыўшы іх неабходным утрыманнем. Там мелася вялікая на той час бібліятэка, якая налічвала некалькі соцень кніг. У 1730 г. будынкі касцёла і кляштара былі знішчаны пажарам.

З 1803 па 1939 гг. Валожын становіцца ўласнасцю вядомага роду Тышкевічаў. Графу і яго сыну Міхаілу вернікі-каталікі павінны быць удзячныя за тое, што ў першай чвэрці XIX ст.  пабудаваны новы каменны касцёл. Асноўныя сродкі на гэта выдзеліў граф Юзаф Тышкевіч. 10 сакавіка 1806 г. у блізкай адлегласці ад старога касцёла закладзены першы камень фундамента новай святыні.

Выпадкова ў час амаль поўнага заканчэння будаўніцтва мураванага касцёла 3 мая 1815 г. у Валожыне адбыўся пажар, агнём якога быў знішчаны стары драўляны касцёл, большая частка кляштара з яго архівамі і бібліятэкай, а таксама будынкі школы і багадзельні.

Гэты год стаў апошнім і ў жыцці фундатара касцёла Юзафа Тышкевіча. Будаўніцтва новага касцёла закончана ў 1816 г. яго сынам Міхаілам. За дзесяць гадоў касцёл быў збудаваны і забяспечаны неабходным рыштункам. Былі куплены ў Вільні два званы: дзесяці- і трохпудовы. У храме было пяць алтароў, пабудаваных з каменя і ўпрыгожаных разьбой, ляпнымі аздобамі. З левага боку ля калоны знаходзіўся амбон, а ў інтэр’еры касцёла ўстаноўлены помнік графу Юзафу Тышкевічу. Аздобай касцёла з’яўляліся абразы пэндзаля Вайтовіча: абраз Святога Бенавентуры ў кардынальскім адзенні, Святога Юзафа, Святой Ганны, Святога Юрыя і іншыя.

У падзямеллі касцёла размешчаны тры падвальныя памяшканні. У сярэднім знаходзіўся алтар, дзе ў пэўныя дні адбываліся богаслужэнні. А два бакавыя прызначаліся для пахавання прадстаўнікоў роду Тышкевічаў.

19 сакавіка 1816 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне новага касцёла ў гонар Святога Юзафа. Акт асвячэння выканаў канонік інфляндскі ксёндз Тадэвуш Навіцкі.

У 1829 г. пабудавана мураваная брама-званіца. У гэтым жа годзе на сродкі графа Тышкевіча на валожынскіх могілках  узведзена капліца (у народзе яе называлі касцёлкам). Яна была прыпісана да касцёла Святога Юзафа.

У 1864 г. касцёл закрылі і перадалі праваслаўнай абшчыне. Каштоўныя рэчы былі перададзены Віленскай кафедры, частка маёмасці – Вішнеўскаму касцёлу, а многія іконы, мэбля, метрычныя кнігі і іншыя дакументы пакінуты праваслаўнай царкве. На момант закрыцця касцёла Св. Юзафа яго парафія налічвала 3136 вернікаў. Апошнім светаром перад закрыццём быў ксёндз Якуб Дземідовіч.

У гэтым жа годзе капліцу на валожынскіх могілках  перадалі Свята-Іосіфаўскаму праваслаўнаму прыходу, а намеснік Віленскага Свята-Духава манастыра айцец Варсанофій пераасвяціў яе ў гонар Праабражэння Гасподня.

У пачатку ХХ ст. прыхаджане-католікі актывізавалі свае дзеянні на адкрыццё касцёла ў Валожыне. Разглядалася нават пытанне аб будаўніцтве новага касцёла пры дапамозе сродкаў графа Тышкевіча. Да 1914 г. вернікамі была сабрана вялікая сума грошай на будаўніцтва, аднак дазволу ад улад не атрымалі.

У ліпені 1919 г. касцёл вернуты католікам. На жаль, гэта падзея была азмрочана пажарам, у выніку якога згарэлі дах і трэцяя частка скляпення. Агульнымі намаганнямі парафіян праведзены рамонтныя работы.

У 1921 г. польскія ўлады сталі праводзіць “рэвідыкцыю” царкоўных храмаў і зямель. У выніку яе Спаса-Праабражэнскую капліцу на валожынскіх могілках зноў прыпісалі да касцёла Св. Юзафа.

У час нямецкай акупацыі ксёндз Валожынскага касцёла Антоній Удальскі быў арыштаваны гестапа і расстраляны.

8 кастрычніка 1960 г.  уладамі касцёл быў закрыты. Яго настаяцель ксёндз Ян Германовіч пакінуў парафію і выехаў у Польшчу. Касцельная маёмасць без гаспадара падверглася разбурэнню. Быў знішчаны арган, разбураны ў алтары і амбон, дэкаратыўныя ўпрыгожванні, разбіты фігуры евангелістаў, якія стаялі ў нішах фасада….

Першапачаткова будынак касцёла прыстасавалі пад склад мэблі гандлёвай арганізацыі, а пасля – цэх будаўнічага жалезабетону міжкалгасбуда. А затым тут размясціўся філіял завода “Тэрмапласт”.

Толькі ў 1991 г. вернікі касцёла Св. Юзафа атрымалі магчымасць выкарыстоўваць сваё культавае збудаванне па яго прамым прызначэнні. Пачаліся вялікія рэканструкцыйныя і рамонтныя работы. Амаль поўнасцю адноўлены знешні выгляд і ўнутранае ўбранства, да якога вярнулася яго былое хараство. Гэта вынік старанняў і крапатлівай працы вернікаў і іх духоўнага пастыра ксяндза Томаша Ляха. З 15 верасня 2005 г. пробашчам касцёла Святога Юзафа ў Валожыне стаў ксёндз доктар Генрык Акалатовіч.

Налалля ЛОЎЧАЯ,

дырэктар раённага музея



Добавить комментарий