Эстафета “Івянецкія пернікі”

Общество

Дабрачынная спартыўная эстафета “Івянецкія пернікі” прайшла нядаўна ў гарадскім пасёлку. Арганізавала яе для выхаванцаў Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната сталічная каманда “Крылы анёлаў” – першы і пакуль адзіны ў Беларусі некамерцыйны спартыўны калектыў, у якім удзельнічаюць як фізічна здаровыя аматары бегу, так і дзеці з цяжкай інваліднасцю.

Той вясновы дзень не парадаваў надвор’ем, аднак прыўнёс у жыццё юных выхаванцаў дома-інтэрната масу прыемных момантаў. Дзевяць “крылаў” – спартсменаў і аматараў бегу з Мінска – прыехалі з групай падтрымкі, роставымі лялькамі і мноствам паветраных шарыкаў.

Не губляючы часу, яны абмундзіраваліся і, пасадзіўшы івянецкіх “анёлаў” – дзяцей з інваліднасцю – у спецыяльныя спартыўныя каляскі, пачалі сумесны 10-кіламетровы забег па гарпасялковых вуліцах… Прысутнічалі на эстафеце і мінчане, чые дзеці трэніруюцца ў камандзе “Крылы анёлаў”.  Яны прыехалі ў Івянец, каб пазнаёміцца з мясцовай дзятвой і падтрымаць спартсменаў.

– Незвычайнасць нашай эстафеты ў тым, што дзеці-калясачнікі, якія да гэтага часу маглі займацца толькі спецыфічным інвалідным спортам, а то і зусім быць толькі гледачамі мерапрыемстваў, змаглі прабегчы ў саставе сапраўднай спартыўнай каманды сапраўдную спартыўную дыстанцыю, апынуўшыся пры гэтым у цэнтры ўвагі, – кажа дырэктар установы «Каманда «Крылы анёлаў», бацька дзяўчынкі з цяжкай інваліднасцю Дзмітрый Цімашкоў. – Яны дасягнулі фінішнай лініі, адчулі радасць пераможцаў, якая раней была для іх недаступная. Мясцовыя жыхары, думаецца, таксама атрымалі новы вопыт ва ўзаемадзеянні з дзецьмі з інваліднасцю, у якім жаль і спачуванне саступілі месца больш пазітыўным эмоцыям. Будзем рады, калі наша дабрачынная эстафета заахвоціць і іншых бацькоў дзяцей з інваліднасцю выходзіць з чатырох сцен і жыць паўнацэнна.

Акрамя бегавой эстафеты, у праграме “Івянецкіх пернікаў” былі бясплатная фотасесія, бяспройгрышная латарэя, сюрпрызы. Усе выручаныя ад латарэі сродкі пойдуць на набыццё танцавальных калясак для выхаванцаў Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната.

Па звестках з Інтэрнэту падрыхтаваў

Сяргей САДОЎСКІ

 



Добавить комментарий