Праца – багацце адвечнае

Официально

У мінулую пятніцу малады, прыгожы шахцёрскі горад Салігорск шчыра вітаў пераможцаў абласнога конкурсу па прысваенні ганаровага звання “Чалавек года Міншчыны”.

Акцыя ўслаўлення лепшых з лепшых стартавала ў вобласці шэсць гадоў таму. За гэты час 122 прадстаўнікі розных прафесій узышлі на сімвалічны п’едэстал гонару і славы.

Каб стаць уладальнікам прэстыжнага ганаровага тытула “Чалавек года Міншчыны”, трэба адпавядаць многім крытэрыям ацэнкі прафесіяналізму: гэта і высокія вынікі дзейнасці, і рост вытворчых паказчыкаў, і, вядома ж, дзелавыя, маральныя якасці саіскальніка спецыяльнай прэміі аблвыканкама. Пераможцам конкурсу прысвойваецца званне лепшага ў адпаведнай намінацыі, а на абласным свяце ўручаецца Ганаровы дыплом з выплатай грашовага ўзнагароджання. Аб прысваенні тытула лепшага з лепшых у сваёй прафесіі сведчыць і яркая стужка, якая ва ўрачыстай абстаноўцы павязваецца кожнаму пераможцу прэстыжнага штогадовага конкурсу.

У прасторнай зале Салігорскага Палаца культуры ў першых радах у ліку шматлікіх гасцей, вядома ж, сядзелі людзі, якія па выніках мінулага года ўдастоены тытула “Чалавек года Міншчыны”, а таксама члены аблвыканкама на чале са старшынёй Сямёнам Барысавічам Шапіра, прадстаўнікі дзяржаўных органаў кіравання, дэпутаты розных узроўняў, ветэраны працы, заслужаныя людзі цэнтральнага рэгіёну Беларусі.

З кожнага раёна Міншчыны ў той дзень прыехалі працоўныя дэлегацыі. Валожынскую ўзначальваў старшыня райвыканкама Уладзімір Антонавіч Наумовіч.

…Гукі фанфар абвяшчаюць пра пачатак урачыстасці. З вітальным словам да шаноўнай публікі звяртаецца кіраўнік абласной вертыкалі ўлады С. Б. Шапіра. У яго выступленні невыпадкова дамінантай было слова “першы”. Ён адрасаваў добразычлівыя словы пераможцам абласнога конкурсу ў намінацыях “вытворчая”, “невытворчая” сферы і “грамадска-палітычная дзейнасць”. Губернатар прывітаў шматлікіх ганаровых гасцей, прадстаўнікоў дэлегацый рэгіёнаў. У сваім выступленні старшыня аблвыканкама зрабіў аналіз сацыяльна-эканамічнага развіцця цэнтральнага рэгіёну, ахарактарызаваў работу сацыяльнай сферы і інш. І зноў слова “першы” гучала рэфрэнам. Парадуемся нашым агульным поспехам, якія прымнажаюць славу роднай Міншчыны! Сталічная вобласць лідзіруе па вытворчасці валавога рэгіянальнага прадукту ў рэспубліцы. Ён за пяцігодку вырас больш чым на 22 працэнты. Летась Міншчына сабрала і самы важкі каравай: 2 мільёны 177 тысяч тон зерня. Станоўчая дынаміка назіраецца і ў развіцці аховы здароўя, сферы адукацыі, сацыяльнай абароне, прадпрымальніцтве. У цэлым на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы нашай вобласці летась было накіравана 43 трыльёны рублёў інвестыцый. С. Б. Шапіра прывёў прыклады найбольш паспяховага развіцця некаторых раёнаў, назваў маладых кіраўнікоў рэгіянальнай вертыкалі ўлады.

На абласным свяце штогод прысутнічае нямала заслужаных людзей. На падобнай урачыстай цырымоніі прысвойваюць і званне “Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці”. Гэтага тытула ўжо ўдастоены 17 чалавек. А сёлета слаўны спіс папоўнілі яшчэ тры чалавекі. Сярод іх Уладзімір Гіляравіч Гаркун, які ў свой час узначальваў Дзяржынскі райкам партыі, а затым працаваў намеснікам прэм’ер-міністра рэспублікі, а таксама на дыпламатычных пасадах і ў адміністрацыйных органах СНД. Ганаровым грамадзянінам Міншчыны названы і вядомы дзяржаўны дзеяч, у былым кіраўнік Мінскай вобласці Сяргей Сцяпанавіч Лінг. Прозвішча хірурга з сусветным іменем, выхадца з горада Барысава, доктара медыцынскіх навук, акадэміка, таленавітага кардыёлага Юрыя Пятровіча Астроўскага таксама ў мінулую пятніцу папоўніла Кнігу ганаровых грамадзян сталічнай вобласці. Гэтага знакамітага хірурга зала шчыра вітала дружнымі апладысментамі. Летась пад яго кіраўніцтвам праведзена больш за 9 тысяч складаных аперацый, 3 тысячы з якіх – на адкрытым сэрцы.

На ўрачыстасці ў Салігорску прысутнічала нямала моладзі, у тым ліку і старшакласнікаў, пераможцаў алімпіяд і конкурсаў рознага ўзроўню. З рук ганаровых грамадзян вобласці і старшыні аблвыканкама старшакласнікі атрымалі ў той дзень свой першы і галоўны дакумент – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Ва ўрачыстай абстаноўцы атрымаў пашпарт і наш зямляк, вучань гімназіі № 1 Павел Гіль.

Дзясяткі людзей, пра якіх з гонарам распавядалася са сцэны ў той дзень, міжволі сталі для маладога пакалення сапраўдным арыенцірам у іх самастойным жыцці.

Галерэю працоўнай славы на абласным свяце ў намінацыі “вытворчая дзейнасць” адкрыла даярка з ААТ “Вясейскі Пакроў” Слуцкага раёна Наталля Беразоўская, якая надаіла ад кожнай каровы па 9,708 кілаграма малака. З гонарам ушаноўвалі ў Салігорску і трактарыстку Таццяну Захожую з Дзяржыншчыны, фермера Уладзіміра Радзевіча са Стаўбцоўшчыны, салігорскага шахцёра Аляксандра Наронскага. Пераможцамі конкурсу сталі таксама паштальён Ніна Карпінская з Капыльшчыны, фельчар Алена Кавэцкая з Дзяржынскага раёна. Маладзечна прадстаўлялі рэдактар газеты Аляксандр Лазоўскі і трэнер ДЮСШ Сяргей Асанаў.

Былі на свяце названы і лепшы пажарны, сацыяльны работнік, следчы, суддзя, міліцыянер, стараста вёскі і іншыя намінанты штогадовага конкурсу.

Словамі “першы”, “лепшы” характарызаваўся ў той знамянальны дзень і рэпертуар святочнага канцэрта. Да гэтай ухвальнай характарыстыкі далучыліся і такія творчыя тытулы лепшых калектываў сталічнай вобласці, як “узорны”, “заслужаны”. Яркі, незабыўны па самабытнасці і выканальніцкім майстэрстве букет канцэртных нумароў падарылі артысты шаноўнай публіцы. Удзячная зала сустракала авацыямі амаль кожнае выступленне.

Не абышлося і без зорак беларускай эстрады. Для пераможцаў абласнога конкурсу, шматлікіх паважаных гасцей спявалі Аляксандр Саладуха і абаяльная Жанэт. Дарэчы, акампаніравала Жанэт у час яе выступлення “Чалавек года Міншчыны” – педагог, кампазітар, выкладчык абласнога каледжа мастацтваў Алена Атрашкевіч. Дададзім і такі важны факт: А. Атрашкевіч з’яўляецца аўтарам музыкі гімна нашай вобласці, якім традыцыйна і завяршаюцца ўсе значныя мерапрыемствы абласнога фармату. Так было і на гэты раз.

…Цырымонія ўшанавання ўжо стала гісторыяй. А 22 пераможцы конкурсу за прэстыжны тытул лепшага ў сваёй прафесіі прадаўжаюць служыць у імя славы і росквіту любімай старонкі – роднай Міншчыны. І нам у чарговы раз ёсць на каго раўняцца!

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *