З пастарскiм вiзiтам…

Культура

У мінулую суботу Валожынскую Свята-Канстанціна-Аленінскую царкву наведаў Яго Праасвяшчэнства, епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел. 

Уладыка адслужыў набажэнства ў гонар свята знаходжання Святога Крыжа Гасподняга і цвікоў, якімі быў прыбіты да крыжа Ісус Хрыстос, Святой царыцай Аленай у Іерусаліме, а таксама ў імя велікамучаніка Фёдара Цірана, памяць якога ўзгадваецца 19 сакавіка. Ён пацярпеў за веру Хрыстову падчас царствавання бязбожнага Юліяна Адступніка. У пропаведзі да вернікаў Праасвяшчэннейшы Павел адзначыў, што і ў наш час у жыцці кожнага чалавека ёсць месца подзвігу. Трэба ўмець ахвяроўваць сабой дзеля блізкага, бо ў гэтым аснова любві Хрыстовай.

“Ідзе Вялікі пост. Памятайце, што пост – гэта не смутак, пост – гэта ўстрыманне. Пост – гэта радасць падрыхтоўкі да Светлага Хрыстовага Уваскрэсення, выратавання ад сваіх страсцей і грахоў. Апостал Павел кажа: “Хто ўжывае мяса, той ужывае ў імя Божае, а хто не ўжывае, той пасціцца ў імя Божае”. Устрыманне ад скаромнай ежы дапамагае целу змірыцца і саступіць месца малітвам. Таму старайцеся праводзіць пост разумна: не з поснымі тварамі, а з усмешкай і з радасцю ў сэрцы. Гасподзь ведае слабасці і немачы кожнага, і Ён заклікае падчас посту не пасыпаць галаву пеплам, а каяцца ў сваіх грахах са шкадаваннем і смуткам толькі перад Богам”, – падкрэсліў епіскап Павел.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий