Новыя перспектывы iвянецкай птушкагадоўлi

Общество

Івянецкая птушкафабрыка за апошнія два гады перажыла некалькі структурных пераўтварэнняў. Ды і зараз працэс ведамаснай рэарганізацыі працягваецца. Перад гэтым калектывам, які зусім нядаўна быў на грані банкруцтва, цяпер адкрываюцца новыя вытворчыя перспектывы. І перш за ўсё, вобразна кажучы, дзякуючы моцнаму плячу, якое падставіла ў гэты няпросты час адкрытае акцыянернае таварыства “Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў” (в. а. дырэктара Валерый Антонавіч Бурдас). 

Гэта прадпрыемства працуе на рынку краіны з 1980 года. Яно займаецца рэалізацыяй збалансаваных камбікармоў, прэміксаў, бялкова-вітамінных і мінеральных дабавак, якія актыўна закупляюць сельгаспрадпрыемствы, птушкафабрыкі рэспублікі, комплексы па вырошчванні свіней і БРЖ…

У канцы 2013 года Івянецкая птушкафабрыка афіцыйна змяніла свой статус: стала філіялам Першай Мінскай птушкафабрыкі, яна і пачала забяспечваць гэты філіял пагалоўем птушак, кармамі. Працавалі тады на прадпрыемстве 60 жыхароў Івянца і бліжэйшых вёсак. У студзені 2015 года Івянецкі філіял узяў у арэнду “Агразабеспячэннекамплект”. А летам мінулага года ў новай гісторыі Івянецкай птушкафабрыкі нечакана адбыўся чарговы паварот. Філіял за даўгі, згодна з пастановай Гаспадарчага суда, быў выстаўлены на таргі. Яны праводзіліся два разы, аднак чакаемых вынікаў, на жаль, так і не далі. І тады ўзяць рэванш вырашыў Пухавіцкі КХП, якому Першая Мінская птушкафабрыка завінаваціла значную суму як пастаяннаму вытворчаму партнёру. У рэшце рэшт Івянецкі філіял стаў уласнасцю пухаўчан. Па акце ў яго падпарадкаванне перайшла вытворчасць № 1, размешчаная па вуліцы 17 Верасня, якая займае плошчу больш чым 19 гектараў. Тут знаходзяцца адміністрацыйны будынак, чатыры вытворчыя памяшканні, склады, машынна-трактарны парк і інш. У перыяд рэарганізацыі колькасць працуючых на Івянецкім філіяле скарацілася да мінімуму: засталіся толькі некалькі чалавек з кіраўніцкага персаналу, а таксама работнікі, якія адносяцца да катэгорыі сацыяльна неабароненых, і тыя, каму на той час заставалася год-два да пенсіі.

Спадчына пухаўчанам дасталася, шчыра скажам, незайздросная. Амаль на працягу 30 гадоў на івянецкім прадпрыемстве не было капітальнай рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытворчасці, не закуплялася сучаснае абсталяванне, не праводзіўся рамонт птушнікаў. Механізацыя вытворчых працэсаў таксама засталася далёка ў мінулым: збор яек работніцы цэха вялі ўручную. Былі і іншыя стрымліваючыя фактары. А на момант продажу на Івянецкім філіяле ўжо ўвогуле не было ніякай вытворчасці. Ацэнены больш чым у 13 мільярдаў рублёў вытворча-адміністрацыйны сектар будынкаў перайшоў у рукі новых гаспадароў…

За некалькі метраў ад асноўных карпусоў на трохгектарнай плошчы па вуліцы 17 Верасня знаходзіцца інкубаторый. Зямельны ўчастак і ўсё размешчанае на ім таксама нядаўна былі выстаўлены на таргі, згодна з рашэннем Гаспадарчага суда. ААТ “Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў” стаў законным уладальнікам і гэтай часткі вытворчасці.

…Асноўны івянецкі птушнік ужо паціху выходзіць з зацяжнога крызісу. У студзені бягучага года тут былі падрыхтаваны памяшканні для запаўнення “крылатай жыўнасцю”. Цяпер абжываюць цэхі 10 тысяч кур яйцаноскай пароды, закупленых на Першай Мінскай птушкафабрыцы. У канцы сакавіка плануецца адгрузіць першую вялікую партыю яек – прадукцыі, такой запатрабаванай на спажывецкім рынку Беларусі. Тут з гонарам заяўляюць, што яйкі івянецкай гандлёвай маркі асаблівыя: яны экалагічна чыстыя, без штучных дабавак, стымулятараў росту і антыбіётыкаў.

З аднаўленнем вытворчасці на Івянецкім участку былой птушкафабрыкі, безумоўна, былі створаны і новыя рабочыя месцы: штат укамплектавалі птушніцай, падменнай, слесарамі і вадзіцелем. Вядома, за кароткі адрэзак часу немагчыма на вытворчасці прывесці ўсё да ідэальных стандартаў, як гэтага патрабуе служба ветэрынарнага нагляду. Але план канкрэтных дзеянняў ёсць і ён па меры магчымасці рэалізуецца.

Пакуль на прадпрыемстве праведзены толькі рамонт эканом-класа. Але з цягам часу тут будуць абсталяваны тыпавыя душавыя, санвузлы, устаноўлены пластыкавыя дзверы ў памяшканнях, выкананы іншыя неабходныя ветэрынарна-санітарныя патрабаванні.

На вытворчай пляцоўцы № 2 ужо прыступілі да газіфікацыі. Адноўлена рэалізацыя праекта па мадэрнізацыі кацельні з заменай катла ў цэху інкубацыі, заменай цеплавых генератараў.

На птушніку летам плануецца ўвесці ў строй памяшканне для адкорму куранят-бролераў, а таксама інкубаторый на 5 мільёнаў інкубацыйных яек у год з наступным павелічэннем вытворчай магутнасці.

Асноўным каардынатарам гэтых станоўчых пераўтварэнняў у калектыве івянецкіх птушкаводаў называюць старшыню Назіральнага савета ААТ “Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў” Анатоля Іванавіча Трухановіча. Дарэчы, ён узначальвае і грамадскае аб’яднанне Беларускага саюза падаткаплацельшчыкаў. Анатоль Іванавіч – паспяховы сталічны бізнесмен. Добра зарэкамендаваў ён сябе і на Століншчыне, дзе стабільна функцыянуе выкупленая ім птушкафабрыка “Заходняя”. Яна пастаўляе на рынак мяса птушкі пад вядомым брэндам “Птушыны двор”.

Хочацца верыць, што перадавы вопыт будзе паспяхова рэалізаваны і на івянецкай спецыялізаванай вытворчасці. А значыць, прадпрыемства па вуліцы 17 Верасня ў гарпасёлку Івянец зноў адродзіць былую добрую славу!

Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий