Пазаштатныя праваахоўнiкi

Закон и порядок

Памятаю, як нас, першакурснікаў БДУ, не пытаючыся згоды, запісалі ў дабравольную народную дружыну. Сталіцу мы ведалі дрэнна, позна хадзіць па незнаёмым горадзе баяліся, але прызнацца ў гэтым саромеліся. Таму на апорным пункце правапарадку пакорліва павязвалі вышэй за локаць чырвоныя павязкі з белымі літарамі “ДНД” і адпраўляліся па тры асобы на даручаны аб’ект. Зайшоўшы за вугал міліцэйскага будынка, “тройкі” збіваліся ў вялікую кучу, а павязкі запіхваліся ў кішэнь. Калі дазвалялі фінансы, каб правесці дзяжурства, мы беглі ў кіно, часцей жа проста адседжваліся ў якім-небудзь пад’ездзе…

Прызнацца, да нядаўняга часу я лічыла, што “ДНД” даўно канулі ў лету. Але аказалася, што яны існуюць і сёння, а дабравольная дружына аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама пад кіраўніцтвам настаўніка СШ № 1 г. Валожына В. А. Таўгяня па выніках работы прызнана лепшай у раёне. Усяго ж на тэрыторыі Валожыншчыны дзейнічаюць 8 дабравольных дружын. Арганізаваны яны згодна з заканадаўствам, якое рэгулюе дзейнасць пазаштатных супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

У сельскай мясцовасці рады дружыннікаў налічваюць 74 чалавекі. Яны нясуць службу па ахове грамадскага парадку на дыскатэках, у месцах масавага адпачынку, сочаць за дзяржаўнай і кааператыўнай маёмасцю. Для таго, каб служба не насіла фармальны характар, актывістаў з ліку ДД двойчы за мінулы год запрашалі на спецыяльныя заняткі. Ва ўсіх апорных пунктах аховы парадку ёсць журналы ўліку выхаду дружыннікаў на дзяжурства, уся работа вядзецца сумесна з супрацоўнікамі РАУС.

Летась пры непасрэдным удзеле членаў ДД выяўлена 48 правапарушэнняў. Найбольш грамадзяне “грашылі” такімі праступкамі, як знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення – 21 выпадак, яшчэ зарэгістраваны 16 дробных хуліганстваў, 3 факты незаконнага гандлю алкаголем і 9 фактаў знаходжання на праезнай частцы вуліцы ў цёмны час сутак без святлоадбівальных элементаў. Сярод сельскіх пазаштатных праваахоўнікаў выдзяляецца арганізаванасцю і зладжанасцю ў рабоце дружына пры Дорскім сельвыканкаме.

Пры падвядзенні вынікаў службовай дзейнасці пальму першынства атрымалі дружыннікі з Валожына. На іх рахунку 17 затрыманых правапарушальнікаў. Сярэднясутачны выхад у будзённыя дні ў іх складае 4 чалавекі, у выхадныя – 14. Асноўны касцяк дабравольных праваахоўнікаў – педагогі. Рэпутацыю самых надзейных і актыўных, па словах Віктара Анатольевіча Таўгяня, заваявалі Станіслаў Паўлавіч Герштыновіч (СШ № 1 г. Валожына), Аляксандр Антонавіч Кербедзь (гімназія № 1), Іван Антонавіч Гедроіць (СШ № 2 г. Валожына), Іван Іосіфавіч Пашкоўскі (сельскагаспадарчы ліцэй).

 Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий