Курс – на развiццё i паляпшэнне

Молодежный курьер

У Пугачоўскай школе-садзе ўзяты планамерны курс на паляпшэнне ўсіх паказчыкаў дзейнасці – пачынаючы ад паспяховасці вучняў і заканчваючы добраўпарадкаваннем тэрыторыі і самога будынка ўстановы адукацыі.

Такая афіцыйная пазіцыя дырэктара Аксаны Віктараўны САФРОНАВАЙ – кіраўніка маладога, але мудрага і настойлівага. Амбіцыйнага ў лепшым значэнні гэтага слова.

У школу Аксана Віктараўна прыйшла ў 2007 годзе, маючы дыплом Салігорскага педагагічнага каледжа. Завочна адвучылася ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце па спецыяльнасці “нямецкая мова”. Ужо праз два гады пасля ўладкавання яе назначылі намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. А ў 2011-м стала кіраўніком установы адукацыі.

Аксана Віктараўна нарадзілася на Гомельшчыне, але ўсё свядомае дзяцінства і юныя гады правяла ў Выганічах, куды пераехала яе сям’я. Так сталася, што і праца яе аказалася запатрабаванай менавіта на малой радзіме.

Вопыт кіравання калектывам прыйшоў, вядома ж, не адразу. Давялося і панервавацца, і парадавацца, пакуль службовае жыццё не ўвайшло ў звыклую каляіну. За адзін толькі год у структуры даверанай установы адукацыі адбыліся вялікія змены. Да школы быў далучаны дзіцячы сад. Сёння пад наглядам 17-і педагогаў – 68 навучэнцаў і 22 дашкольнікі.

Вялікі пласт работы па падрыхтоўцы школы да новага навучальнага года быў выкананы мінулым летам. Гаспадарчым спосабам правялі рамонт калідора, фае і аднаго з кабінетаў пачатковых класаў. Кошт гэтых работ дасягнуў 195 мільёнаў рублёў. Працэс добраўпарадкавання працягнулі восенню – поўнасцю ўклалі асфальтавую дарожку на стадыёне, замянілі частку адмосткі. Абнавілася і матэрыяльна-тэхнічная база школы-сада: на закупку абсталявання для дашкольнікаў і вучняў пачатковай школы было зрасходавана амаль 53 мільёны рублёў. Аксана Віктараўна ўдзячна Ракаўскаму сельвыканкаму, які аказаў вялікую дапамогу ў вырашэнні гэтых пытанняў. У бліжэйшых планах кіраўніка – адрамантаваць душавы пакой пры спартыўнай зале, абнавіць знешні выгляд некаторых іншых памяшканняў.

Але ж работа маладога кіраўніка складаецца не толькі са спраў бытавых. Усё ж А. В. Сафронава не толькі адміністратар, але і настаўнік па прызванні. Яна выкладае нямецкую мову ў старэйшых класах, курыруе ўсебаковае развіццё талентаў кожнага навучэнца. “У чым сэнс работы настаўніка? Выхаваць дастойнага грамадзяніна і патрыёта. А ў гэтых паняццяў шмат складальнікаў, якія прывіваюцца як у сям’і, так і ў навучальнай установе. Мы, са свайго боку, таксама ўкладаем у малодшае пакаленне часцінку душы. Справа ж не ў тым, каб даць дзіцяці трывалую базу ведаў і на гэтым спыніцца. Мы рыхтуем навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядах, работы нашых выхаванцаў адзначыліся на адборачным туры навукова-практычнай канферэнцыі для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў “Я – даследчык” у намінацыі “Ствараем шэдэўры без пэндзліка”. Каб дзеці ведалі больш пра свой край, рэгулярна праводзім агульнашкольную інфармацыйную гадзіну, дзе расказваем цікавыя факты з жыцця малой радзімы, Валожыншчыны і Міншчыны”.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий