Часу старэць не хапае

Официально

Нядаўна 10-гадовы юбілей адзначыў клуб “Залатая восень”, які існуе пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Гэтых прыгожых, адукаваных, інтэлігентных жанчын час не мяняе. Калісьці яны займалі адказныя пасады, вырашалі складаныя вытворчыя пытанні, многія з іх кіравалі калектывамі. Але і сёння, калі ім трошкі “за”, іх актыўная грамадзянская пазіцыя не дазваляе, назваўшыся бабулямі, засесці за прагляд мыльных опер.

Падобныя фарміраванні існуюць амаль у кожным горадзе. Праўда, часцей за ўсё іх дзейнасць абмяжоўваецца правядзеннем так званых агеньчыкаў. Сабраліся на свята, паспявалі песні, патанчылі… Ужо нядрэнна. Але валожынскія жанчыны, а клуб менавіта жаночы, пайшлі намнога далей. Нашы аматаркі калектыўнай дзейнасці ў плане работы свайго аб’яднання прапісалі турыстычна-краязнаўчую дзейнасць, заняткі фізічнай культурай, дабрачыннасць, узаемадзеянне з такімі грамадскімі аб’яднаннямі, як Савет жанчын, раённымі структурамі Чырвонага Крыжа і Фонду міру. І гэта не на паперы. Нязменны старшыня клуба Ганна Іосіфаўна Трухоўская бясконца можа дзяліцца сваімі ўражаннямі ад паездак, якія члены клуба здзейснілі за апошні час, і тэатральных пастановак, якія наведалі, да праведзеных сацыяльна значных акцый.

На пасяджэнні члены клуба збіраюцца нячаста. Калі нараджаецца новая ідэя, інфармацыя распаўсюджваецца дзякуючы сродкам сувязі, абмяркоўваецца і толькі пасля выносіцца канчатковае рашэнне. Прымаць удзел ва ўсіх мерапрыемствах не абавязкова, але такога не бывае, каб хтосьці адмовіўся ад удзелу ў справах міласэрнасці. Стараюцца жанчыны не прапускаць і агульны збор тры разы ў год, калі “Залатая восень” адзначае Новы год, 8 сакавіка і Дзень маці. У гэтыя дні ладзяцца сапраўдныя святочныя мерапрыемствы. Абавязкі даўно размеркаваліся самі сабой. Усё вельмі проста: кожны робіць тое, што ўмее. Зоя Лукінічна Разанава, напрыклад, майстрыха, якіх пашукаць, таму падарункі, прызы, зробленыя яе рукамі, сяброўкі цэняць і прымаюць з радасцю. Алена Уладзіміраўна Далінкевіч радуе сваім фотамайстэрствам. Марыя Антонаўна Шакун – член саюза пісьменнікаў, а ў клубе свой паэт. Софія Ігнатаўна Кавяза – былы рэдактар раённай газеты – уласны карэспандэнт і аўтар гімна клуба.

Жоўты ліст над горадам кружыць,

На зямлю паціху ападае…

І не будзем моцна мы тужыць,

Што прыходзіць восень залатая…

Сёння ў іх фітнес, заўтра збор сродкаў на дапамогу хворай сяброўцы, паслязаўтра яны ў дарозе (як жа, даўно не былі ў Полацку ці Гродне), пасля высветліцца, што ў цырку новая праграма, і Гуканне вясны ўжо падыходзіць (свята для клуба традыцыйнае, ладзіцца на дачы ў адной з актывістак – Тамары Якаўлеўны Троцкай), а там ужо Дзень Перамогі, і ўзнікае патрэба наведаць знаёмых ветэранаў, аказаць ім хоць невялікую, але такую неабходную дапамогу, ды і дзеці з сацыяльнага прытулку чакаюць у госці…

Таму яны і сапраўды не збіраюцца тужыць, справа ў тым, што на гэта ім проста не хапае часу.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *