Трывожнае жыццё

Закон и порядок

У Валожыне ўжо год створана і працуе група ананімных алкаголікаў. Што гэта за рух “А.А.”? Гісторыю ўласнага выратавання з непрабуднай цемры п’янства расказаў адзін з яе членаў.

– Сюды прыходзяць людзі, якія стаміліся і не жадаюць жыць у свеце алкаголю. Напачатку яны становяцца лепшымі сябрамі, а пасля ператвараюць цябе ў раба. Менавіта так і здарылася са мной. У 16 гадоў падумаў, што знайшоў самага вернага і надзейнага сябра. Мне здавалася, што побач з ім я быў мацнейшым, прыгажэйшым, весялейшым і нават вышэй ростам. Але як жа жорстка памыляўся…

Цяпер памятаю толькі разбітыя насы ў юнацтве, гаўптвахту ў арміі, пахаванне сяброў, якія пайшлі з жыцця па п’янцы. Дарэчы, пазнаёміўся з дзяўчынай, а пасля ажаніўся таксама па п’янцы. Жыццё з жонкай і дачкой – як у сне: галоўнае, каб было выпіць, каб пайсці ў госці, каб хутчэй быў святочны дзень календара ці нагода, дзе можна выпіць, не хаваючыся. Майстрам на “Гарызонце” хаваўся ад сваіх рабочых – каб выпіць, на аператыўных нарадах забіваўся ў кут – каб не заўважылі, і г. д. Калі завод “заліхарадзіла” ў перабудову, з радасцю пайшоў на працу ў ДЭУ: там можна было хадзіць з лапатай і піць, не хаваючыся.

Алкаголь забраў усё: павагу людзей, сям’ю, фізічныя і душэўныя сілы. Я ўжо не жыў, а існаваў. Не спаў начамі, грыз сябе – суцэльны адчай адзіноты сярод людзей. Сабутэльнікі не лічацца – яны прадажныя. Дайшоў да мяжы і быў гатовы звесці рахункі з жыццём. Але перад смерцю вырашыў паглядзець: а як жывуць без алкаголю, цвярозыя і нудныя, як мне здавалася, людзі.

Так пераступіў парог групы “А.А.”. Тут ёсць важная рэч – сумленнасць перад самім сабой. Таму вырашыў зразумець, што там адбываецца, як можна не піць год, пяць гадоў! Вось ужо 15 гадоў, як усё ўсвядоміў. Не п’ю нават піва і не кадзіраваўся, бо не хачу ізноў на край той бездані, з якога амаль не саскочыў. Гэта не секта і не палітычная арганізацыя, а лад жыцця свабодных, смелых людзей, гэта – іншае жыццё. Шкадую толькі аб адным, што не ўбачыў яго раней.

Ананімныя алкаголікі – так называецца наша група. Вось ужо 26 гадоў, як рух “А.А.” існуе ў Беларусі. Спадзяюся, што і ў Валожыне знойдуцца смелыя людзі, якія змарыліся змагацца ў адзіночку і прыйдуць да нас. Разам, як паказвае практыка, больш надзейна і вынікова можна перамагчы гэтага каварнага “ворага”.

 Хто жадае даведацца больш пра рух “А.А.”, набярыце ў пошукавіку: Ананімныя Алкаголікі Беларусі ці VESVALO.NET, мой мабільны тэлефон: vel. 8-029 691-33-81 (Васіль).

Вялікае дзякуй тым, хто дапамагае і працягвае нам дапамагаць: раённаму выканаўчаму камітэту, аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама – за разуменне і маральную падтрымку.



Добавить комментарий