Падарунак…

Культура

Міхась стаяў у задуменні і чакаў, калі пад’едзе таксі. Ужо вечарэла, а ён яшчэ не ўручыў падарунак жонцы на Дзень нараджэння.

Кожны год ён стараецца падарыць нешта карыснае для іх хатняй гаспадаркі. Але такога падарунка, які ён надумаў сёлета, яшчэ не было. Што жонка, убачыўшы яго, павінна проста расцвісці ад шчасця, ён не сумняваўся.

Пад’ехала таксі, Міхась загадаў адпраўляцца ў суседнюю вёску. Падрыхтаваны мех ляжаў на каленях. Разгаварыліся, вадзіцель запытаўся аб мэце паездкі. Калі пасажыр сказаў, што едзе купляць парасят, той рэзка націснуў на тормаз. “Не, парасят я ў таксі не павязу, будуць пасля пасажыры скардзіцца на непрыемны пах”. Доўга прыйшлося нашаму герою яго ўгаворваць, нават дадатковая даплата не дапамагала пераканаць ехаць далей. Толькі пасля таго, як Міхась расказаў, як ён любіць жонку, што хоча зрабіць ёй такі дарагі і патрэбны падарунак да свята, і як яна павінна быць рада, той трохі памякчэў і завёў матор.

І вось мужчына з мехам з двума парасятамі стаіць задаволены на парозе хаты. Ён адчыняе дзверы і кідаецца да жонкі: “Віншую, любая! А вось табе і падарунак!” Міхась выпусціў з меха на падлогу парасят. Жонка ў разгубленасці нават не ведала, што сказаць. Такога падарунка яна сапраўды не чакала…

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *