Вялікдзень радасць жыцця!

Культура

Падыходзіць да заканчэння Вялікі Пост. Праз некалькі дзён, а менавіта 27 сакавіка, у нядзелю раніцай, мы прыйдзем у касцёл, каб з вялікай радасцю вітаць змёртвыхпаўсталага Сына Божага Езуса Хрыста. 

Праз увесь Вялікі Пост мы падрыхтоўвалі свае сэрцы і душы да гэтай вялікай падзеі. Кожную пятніцу ці суботу разам з Хрыстом ішлі Крыжовай дарогай, кожную нядзелю разам з Маці Божай разважалі над пакутамі Сына Божага, спяваючы малітвы “Песні жальбы”, удзельнічалі ў рэкалекцыях, прыступалі да Святой Споведзі.

Дзеля чаго мы ўсё гэта рабілі? Дзеля таго, каб ачысціць свае душы і штодзённае жыццё ад грахоў, каб выкінуць са свайго жыцця беззаконне, злосць, зайздрасць, нянавісць, п’янства, нецэнзурныя словы і праклёны, каб у Вялікую Нядзелю змёртвыхпаўсталы Сын Божы з радасцю ўбачыў нашы чыстыя душы і сэрцы, каб выслухаў нашы малітвы і дапамог у нашых просьбах.

Навошта і дзеля каго Сын Божы прыняў такія страшныя пакуты і памёр на крыжы? Сын Божы прыняў нашы грахі на сябе і памёр на крыжы дзеля выратавання людзей, дзеля выратавання ад смерці мяне, цябе, дарагі чалавек, памёр, каб адчыніць перад кожным брамы неба.

Бог любіць кожнага чалавека! Дзеля гэтай любові ён і паслаў на зямлю Свайго Сына, каб праз крыжовую смерць і Слаўнае Уваскрэсенне выратаваць нашы душы ад пекла, засцерагчы ад вечнай смерці.

Выводзячы з егіпецкага палону выбраны народ, Бог сказаў, што, калі будзеце Мяне слухаць, выконваць Мае запаведзі, то Я буду благаслаўляць і дапамагаць вам, а калі не, то спаткаюць вас няшчасці і беды.

Вера нам сведчыць, што толькі Бог з’яўляецца сапраўдным Гаспадаром і Валадаром сусвету. Сын Божы гаворыць: “Чалавек, жыві па Божых Запаведзях, і будзеш жыць вечна”. Бог не хоча смерці грэшніка, Бог хоча, каб грэшны, бязбожны чалавек апамятаўся, пакінуў грэшнае жыццё, прыйшоў да Бога, да Святой Споведзі ў касцёл, каб пачаў жыць па Божых Запаведзях і праз гэта выратаваў сваю душу ад вечнай смерці.

Сын Божы памёр на крыжы і ўваскрэс, каб перад кожным чалавекам адчыніць браму жыцця ў небе, у раі. Гора і бяда таму чалавеку, які не прымае гэтай Божай ахвяры, бо ўсё залежыць толькі ад цябе, дарагі мой чалавек.

Хрыстус уваскрэс і перамог смерць, а мы, людзі, павінны перамагаць нашы грахі і ўваскрэснуць да добрага, справядлівага, рэлігійнага жыцця ў веры. Жыццё веруючага чалавека павінна быць напоўнена малітвай, постам, хрысціянскай любоўю да іншага чалавека, дапамогай бедным, сіротам, састарэлым і адзінокім, узаемнай павагай, добрымі словамі, думкамі, жаданнямі.

Касцёл Божы вучыць і паказвае кожнаму жадаючаму дарогу да Бога, да вечнага шчаслівага жыцця.

Уваскрэслы Хрыстус – гэта святло Божае, якое асвятляе ўвесь свет і знішчае цемру пекла і сатаны. Таму і на нашых велікодных святочных сталах абавязкова павінна стаяць запаленая свянцоная свечка. Святло гэтай свечкі – сімвал Уваскрэслага Хрыста, яно асвятляе дом, кватэру, усіх сабраных пры святочным стале, яно не дапускае да гэтай сям’і нячыстай сілы.

Дарагія парафіяне і католікі Валожыншчыны! Віншую вас, вашых дзяцей, унукаў, праўнукаў з радаснымі Велікоднымі Святамі! Няхай Уваскрэслы Сын Божы адорвае вас сваёй любоўю, здароўем, слаўным пабожным жыццём.

Дзялюся святочнай радасцю з нашымі дарагімі братамі і сёстрамі праваслаўнымі, з іншымі хрысціянамі. Няхай заўсёды Уваскрэслы Хрыстус дапамагае вам і вашым сем’ям у здаровым, шчаслівым і спакойным жыцці!

Шаноўныя і паважаныя жыхары Валожына і Валожыншчыны! Віншую вас і зычу, каб Уваскрэслы Хрыстус напоўніў вашы сэрцы радасцю, мірам, а вашы сем’і – шчаслівым, спакойным жыццём. Няхай святло Уваскрэслага Сына Божага асвятляе і беражэ наш горад, Валожыншчыну, нашу Бацькаўшчыну, нашу Беларусь.

Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Уваскрэс!

З хрыстовай любоўю і малітвай за кожнага

з вас – ксёндз-доктар Гэнрык АКАЛАТОВІЧ,

пробашч Валожынскага касцёла Святога Юзафа



Добавить комментарий