Сталi пераможцамi

Общество

У рэспубліканскім конкурсе сярод арганізацый бытавога абслугоўвання ў намінацыі “Лепшы сельскі комплексны прыёмны пункт” 2-е месца заняў КПП аграгарадка Івянец Валожынскага раённага камбіната бытавога абслугоўвання.

Тут працуюць прыёмшчык заказаў Марына Казіміраўна Прыёмка, цырульнікі Крысціна Анатольеўна Радкевіч і Алена Сяргееўна Шастак, майстар па рамонце абутку і швачка па сумяшчальніцтву Валянціна Іванаўна Бурачэўская.

На Івянецкім КПП забяспечваюцца ўсе асноўныя паказчыкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці. За 2015 год выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў і паслуг склала 634,5 млн руб., у тым ліку аб’ём рэалізацыі бытавых паслуг — 603,2 млн руб., гэта 95,1%. У параўнанні з 2014 годам выручка ўзрасла на 107,8%, а аб’ём рэалізацыі бытавых паслуг – на 104,5%.

На прыёмным пункце можна аформіць заяўку на рамонт СБТ, тэлеапаратуры, мэблі, паслугі пральні, хімчысткі, пракат, абкіданне краёў дываноў, выраб агароджы і інш. Непасрэдна на КПП аказваюцца паслугі цырульні, фота і рытуальныя, тут жа рамантуецца адзенне, абутак, адбываецца індывідуальны пашыў адзення, рэалізоўваюцца швейныя і трыкатажныя вырабы ўласнай вытворчасці. Дадаткова займаюцца рознічным гандлем. У зоне абслугоўвання комплекснага прыёмнага пункта пражывае 4241 чалавек.

У намінацыі “Лепшы сельскі комплексны прыёмны пункт” былі прадстаўлены 15 КПП з усіх абласцей Беларусі. Івянчане набралі 73 балы і не на многа адсталі ад лідара – КПП “Шацк” Пухавіцкага раёна, які набраў 80 балаў. На конкурс пункт бытавога абслугоўвання прадставіў прэзентацыю са здымкамі, рэкламны інфармацыйны стэнд для спажыўцоў, фота памяшкання для прыёму заказаў, выкладкі тавараў, кутка спажыўца, працоўных месцаў парыкмахера, швачкі, памяшкання для рытуальных прылад і інш.

Конкурс праводзіўся для павышэння эфектыўнасці работы арганізацый бытавога абслугоўвання насельніцтва, выяўлення лепшых арганізацый у гэтай сферы. Узнагароджванне пераможцаў прымеркавана да прафесійнага свята – Дня работнікаў бытавога абслугоўвання.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий