Буднi валожынскага кiяскёра…

Общество

Кіёск “Мінаблсаюздрук”, размешчаны на цэнтральнай плошчы Валожына, – адзіны ў раёне. Тут можна купіць газету ці часопіс з 8 гадзін раніцы да 7 вечара.

Ужо 23-і год у павільёне свежую прэсу прадае Таццяна Міхайлаўна АРЦЮКЕВІЧ. Працуе тут не адна, а з напарніцай – Наталляй Станіславаўнай Барадака. Графік пазменны, па паўдня.

Гандлёвая кропка супрацоўнічае з двума пастаўшчыкамі друкаваных СМІ. Частку выданняў для продажу кіяскёр атрымлівае ў раённым аддзяленні РУП “Белпошта”. Газеты, якія раніцай павінны трапіць на прылавак, другі пастаўшчык прывозіць з друкарні познім вечарам і пакідае ў спецыяльна абсталяваным сховішчы. Акрамя прэсы, павільён “Мінаблсаюздруку” распаўсюджвае і тавары дробнарознічнага гандлю: парфумерыя, канцылярыя, посуд, сувеніры і іншае. Цяпер добрым попытам карыстаецца насенне агародніны, кветак.

Унутры кіёска два адсекі з вузкімі праходамі. Першы з іх адкрыты вачам пакупнікоў. Другі “схаваны” за перагародкай і выконвае ролю складзіка.

За шмат гадоў працы Таццяна Міхайлаўна дасканала вывучыла тэматычную накіраванасць рэалізуемых газет і часопісаў. Ведае перавагі і інтарэсы пастаянных пакупнікоў: убачыўшы ў акенцы знаёмы твар, прадаўцу ўжо вядома, якое выданне чалавек папросіць.

У фаварытах – навіны палітыкі, эканомікі і шоу-бізнесу. Папулярнасцю карыстаюцца брашуркі з парадамі для здароўя, выпускі крыжаванак і анекдотаў. Жанчыны цікавяцца рэцэптамі, кветкаводствам і садоўніцтвам, любяць пачытаць жыццёвыя гісторыі, купляюць дзіцячыя часопісы. Мужчыны прыходзяць за газетамі “Дэтэктыў”, “Версія”, часопісам “Гаспадар”. У заўзятых калекцыянераў у модзе нятанныя калекцыйныя часопісы “Ордэны і медалі”, “Манеты і банкноты”. За дзень ля кіёска ў сярэднім 100-150 пакупнікоў. Да абеду іх значна больш, чым вечарам. Заплаціць за пакупку можна не толькі наяўнымі грашамі, але і банкаўскай карткай.

З моманту працы Таццяны Міхайлаўны кіёск тры разы мяняў сваю канструкцыю. Спачатку быў драўляным. Цяпер зроблены з сучасных пластыкавых і металічных матэрыялаў. Аднак сістэмай кандыцыянераў і абагрэву ён па-ранейшаму не абсталяваны. Летам даводзіцца мірыцца са спякотай, зімой прадаўцы ўключаюць абагравальнік, але ад моцнага марозу ён мала ратуе. Кіёск змяняў і адрас “прапіскі”. Зараз размешчаны на пляцоўцы паміж магазінам “Гасцінец” і будынкам раённага Цэнтра культуры.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий