Прагаласуй за свайго кандыдата

Общество

З 17 сакавіка па 10 красавіка на Валожыншчыне выбіраюць птушку раёна.

На сайце грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” http://www.ptushki.org/volozhin-bird.html пачалося анлайн-галасаванне па выбары прыроднага знака Валожынскага раёна. Крылатых кандыдатаў пяць: звычайны зімародак, чорны бусел, пугач, малы падворлік і глушэц. Скульптура і графіці кагосьці з іх у хуткім часе з’явяцца ў райцэнтры. Лідзіруе зімародак.

Усе птушкі, акрамя глушца, занесены ў Чырвоную кнігу. Гэтыя віды сустракаюцца на тэрыторыі раёна і амаль для ўсіх з іх мясцовыя папуляцыі з’яўляюцца значнымі ў нацыянальным і нават міжнародным маштабе. У Налібоцкай пушчы добра развіта рачная сетка. Забалочаныя поймы ў спалучэнні з ляснымі масівамі – любімыя месцы рассялення зімародка і чорнага бусла. Мазаіка лясоў і палёў падыходзіць малому падворліку лепш за ўсё. Пугач – самая буйная сава ў свеце, у Налібоцкай пушчы жыве некалькі пар. Глушэц любіць забалочаныя хваёвыя лясы і ягадныя месцы. Колькасць яго ў раёне моцна скарацілася, таму зараз плануецца развядзенне глушца ў спецыяльным гадавальніку.

Свае птушкі-сімвалы ўжо ёсць у двух раёнаў нашай краіны: “візітнай карткай” Слуцка стаў салавей, а Міёраў – журавель. Выбар птушкі раёна – практыка пакуль новая для Беларусі, але досыць распаўсюджаная ў свеце. Гэта дапамагае не толькі выгадна пазіцыяніраваць рэгіёны на турыстычным рынку, але таксама дае магчымасць згуртавацца мясцовым жыхарам вакол агульнай ідэі – усведамлення прыроднай каштоўнасці месца, у якім жывеш.



Добавить комментарий