Кветкi сямейнага дрэва Яблонскiх

Культура

Самае любімае свята сям’і Яблонскіх з Гародзькаў – Вялікдзень. Святкуюць яго і па праваслаўным, і па каталіцкім календары. Так у нашай мясцовасці паступаюць многія, але далёка не ў кожным доме стол сервіруецца, калі не чакаецца гасцей, на восем персон. Побач з мамай Таццянай і татам Генадзем – дзеці: Насця, Мікіта, Лёша, Коля, Ілля, Дар’я.

Ледзь не штогод, пачынаючы з 2007-га, іх дом наведвае бусел, каб прынесці ружовы ці блакітны канверт з немаўляткам. Кожнае дзіця, як адзначае шматдзетная маці Таццяна Фёдараўна, ужо ад нараджэння мае свой характар, свае адметнасці. Нават манерай смактаць мацярынскае малако ніхто не паўтараецца. Усе малыя выхоўваюцца ў аднолькавых умовах, пры аднолькавых патрабаваннях, але розніца з часам становіцца толькі больш прыкметнай. Самы шустры, Ілля, любіць пакамандаваць, атрымаць “верх” у спрэчцы; Мікіта ва ўсім стараецца быць падобным да таты, нават папрасіў уласны трактарчык пабудаваць; Насця – спакойная, лагодная, добра вучыцца ў школе. Аднадумства дзеці прытрымліваюцца толькі ў ежы: усе любяць дранікі са смятанай. І ўсе з ахвотай перад Вялікаднямі ўдзельнічаюць у фарбаванні і ўпрыгожванні яек.

Жаданы госць у доме – медсястра мясцовага ФАПа Галіна Міхайлаўна Пастарнак. Ёй дзеці даруюць нават тое, што яна апранута ў белы халат і зрэдку дае ўколы. Галіна Міхайлаўна ніколі не злуецца, не павышае голасу, умее пажартаваць і не забываецца прынесці салодкі пачастунак. Яшчэ чацвёра братоў і дзве сястры Яблонскія паважаюць і слухаюцца бабулю, Ніну Аляксандраўну, маміну маму.

Са Старынкаў Ніна Аляксандраўна перабралася да дачкі, каб дапамагчы гадаваць дзяцей. Ды і якое мацярынскае сэрца не адгукнецца, калі любая дачушка, не паспеўшы пагуляць, парадавацца дзявоцтву, адразу пасля школы выходзіць замуж? Зяць, праўда, добры папаўся: старэйшы за жонку, разважлівы, працавіты, клапатлівы муж і бацька. Нездарма старыя людзі кажуць: не кайся, рана ўстаўшы і рана замуж выйшаўшы. Таццяне яшчэ і трыццаці няма, а вунь якая яна багатая!

Для матэрыяльнай падтрымкі вялікая сям’я мае прыватную гаспадарку, засявае агарод. Ёсць і карова, праўда, яе цяпер даглядае маці Генадзя Зянонавіча Ірына Іосіфаўна, якая жыве ў Дзямідавічах. Недалёка, на аўтамабілі за паўгадзіны абярнуцца можна. Такім чынам дзеці і забяспечваюцца сырадоем. Акрамя легкавушкі, Яблонскія маюць і іншыя рэчы, прадыктаваныя патрэбамі сучаснага жыцця: пральную машыну-аўтамат, камп’ютар, кухонную бытавую тэхніку. А вось з жыллём клопатаў не пазбеглі. Катэдж атрымалі ад мясцовай гаспадаркі, падалі дакументы на прыватызацыю аж у 2013 годзе, а пытанне ўсё ніяк не вырашаецца. Куды толькі не звярталіся, каб зрушыць праблему з мёртвай кропкі. Усе адказныя асобы, як адна, запэўніваюць, што права ў сям’і набыць будынак ва ўласнасць ёсць. Але афармленне дакументаў буксуе, кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства асцерагаецца, што пасля прыватызацыі добры механізатар развітаецца з працай на зямлі і падасца ў горад, як гэта зрабілі многія жыхары Гародзькаў, штодня чыгункай дабіраючыся ў Маладзечна. Толькі няма ў Таццяны і Генадзя планаў мяняць уклад жыцця. Любяць яны вёску, сялянскую працу. І, як запэўніла Таццяна Фёдараўна, жадаюць, каб і іх дзеці засталіся тут, дзе нарадзіліся і дзе іх карані.

Яблонскія – людзі актыўныя, заўсёды ўдзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах, якія ладзяцца сацыяльнымі службамі ці культработнікамі для шматдзетных сем’яў. Пра іх добра адгукаюцца суседзі, у сельвыканкаме. Быць бацькамі адказна і нялёгка, тым больш для шасцярых дзяцей. Раней устаць, пазней легчы, каб малыя ні ў чым не мелі недахопу і выглядалі не горш за сваіх равеснікаў. Таццяне і Генадзю Яблонскім гэта ўдаецца. Ім дапамагае радня, падтрымлівае дзяржава, а яшчэ – яны аптымістычныя і добразычлівыя, упэўненыя ў тым, што са сваім асабістым шчасцем не размінуліся.

Алена ЗБІРЭНКА
Фота з сямейнага

архіва Яблонскіх

 



Добавить комментарий