Чаму нельга спальваць сухую траву

Закон и порядок

У дзікай прыродзе ўсё прадугледжана так, каб трава, хмызнякі раслі пасля зімы самі. У нашым клімаце трава перагнівае за зіму і не з’яўляецца перашкодай для маладога росту новай расліннасці, акрамя гэтага, галінкі ў траве – незаменны матэрыял для гнездзішчаў птушак.

 Вясной актыўна ажываюць трава, кветкі. Хмызнякі пачынаюць свой актыўны вегетатыўны перыяд, хоць няўзброеным вокам гэтага і не бачна.

Пасля палаў выжывае, першай пускаецца ў рост самая непераборлівая трава і быльнёг, заглушаючы саслабелую і амаль загубленую іншую флору.

Калі спальваць леташнюю траву, то міжволі збядняецца краявідны склад лугавой расліннасці і жывёльнага свету. Гіне насенне раслін і сама трава над паверхняй зямлі і пад зямлёй. Знішчаюцца шматлікія насякомыя, іх лічынкі. У агні гараць усе дробныя жывыя істоты – жужалкі, дажджавыя чарвякі, насякомыя, якія паядаюць розных шкоднікаў садоў і агародаў, удзельнічаюць у паляпшэнні ўрадлівасці глебы. Дажджавыя чарвякі лішнюю сухую траву дружна і хутка перапрацоўваюць, ператвараючы яе ў каштоўнае ўгнаенне, даносячы яго да каранёў раслін. Сухая леташняя трава – не смецце, а неацэннае сілкаванне, яна стварае камфортныя ўмовы для флоры і фаўны, створаныя самай прыродай.

Выпальванне травастою ў веснавую пару губіць птушак, гнездавы перыяд якіх пачынаецца ў пачатку красавіка.

Памятайце, што ў агні гіне ўся карысная мікрафлора, у тым ліку і тая, якая дапамагае раслінам супрацьстаяць хваробам.

Травяныя пажары прыводзяць да прыкметнага зніжэння ўрадлівасці глебы. Спаленыя рэшткі не павялічваюць колькасць мінеральных пажыўных рэчываў у глебе. Пры гэтым губляюцца азотныя злучэнні і мёртвае арганічнае рэчыва глебы. Скарачэнне колькасці мёртвага арганічнага рэчыва ў глебе – галоўны фактар зніжэння ўрадлівасці.

У агні могуць загінуць і дробныя звяркі, вужы, земнаводныя: асабліва народжаныя зайчаняты, вожыкі, жабы і інш. Пры моцным травяным пажары гінуць практычна ўсе жывёлы, якія жывуць у сухой траве і на паверхні глебы. Хтосьці згарае, хтосьці задыхаецца…

Кожны звярок, кожны жучок, матылёк, кожная траўка і кожная кветачка складаюць адзінае цэлае ў прыродзе, у біялагічным ланцужку. Па ацэнках навукоўцаў, у 10-сантыметровым верхнім пласце глебы ўтрымліваецца ці з ім злучана каля 90% разнастайнасці лугавых экасістэм.

Пры вясновым пале могуць пацярпець дрэвы, асабліва іх каранёвая шыйка – вельмі адчувальнае месца прама над зямлёй. Дрэвы могуць згарэць поўнасцю ці пашкодзіцца ад моцнай тэмпературы.

Травяныя пажары наносяць істотную шкоду ўзлескам, нярэдка знішчаюць малады параснік, служаць адной з галоўных прычын пажараў у лясах і на тарфяніках. Нават слабы пажар здольны прывесці да гібелі маладых лясных пасадак, закладзеных для аховы палёў ад усушэння, берагоў – ад эрозіі, дарог – ад снежных і пыльных замецяў і г. д.

 Памятайце: на месцы падпалу звычайнае жыццё раслін і насякомых аднаўляецца толькі праз 5-6 гадоў, а часта не аднаўляецца ніколі… Нездарма такія дзеянні караюцца вялікімі штрафнымі санкцыямі.

Наш кар.



Добавить комментарий