Спасцiгаючы прафесiйнае майстэрства

Молодежный курьер

Сяргей Уладзіміравіч Очтаў – ураджэнец Крычава, што на Магілёўшчыне. У наш раён ён прыехаў па размеркаванні пасля заканчэння гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Спачатку працаваў выкладчыкам гісторыі ў Івянецкай школе. Маладога настаўніка, які не толькі добра валодае сваім прадметам, але мае арганізатарскія здольнасці, хутка заўважылі на раённым узроўні. У пачатку бягучага вучэбнага года яму паступіла прапанова заняць пасаду намесніка дырэктара па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце ў Дорскай школе. Сяргей Уладзіміравіч, узважыўшы ўсе за і супраць, даў згоду. Зараз старанна спасцігае азы адміністрацыйнай работы.

Характар гэтага маладога чалавека заўсёды вызначаўся няўрымслівасцю, імкненнем ведаць і ўмець як мага больш. Яшчэ ў дзяцінстве, калі сутыкаўся з чымсьці новым, чаго не ведаў раней, задаваўся мэтай дасканала вывучыць тое, што зацікавіла. Пазней зразумеў, што адказы амаль на ўсе пытанні магчыма атрымаць, паглыбіўшыся ў пласты гістарычных эпох. Асабліва вабілі юнака старажытны свет, сярэдневякоўе. Дзесьці з класа сёмага зразумеў, што гісторыя цікавіць настолькі, што будучая прафесія павінна так ці інакш сутыкацца з ёй. Пазней, падчас вучобы ў ВНУ, дапускаў думку, што яго шлях – навука. Але амаль пасля першай практыкі ў школе зразумеў, вось яно – яго прызванне – школьны клас, у якім можна шчодра дзяліцца ведамі, дапамагчы юным асобам у пошуку сябе, запаліць у іх душах агеньчыкі цікаўнасці да любімага прадмета.

Настаўнік працуе ў вясковай школе, жыве на кватэры. Безумоўна, ён спадзяецца з цягам часу набыць уласнае жыллё. А пакуль ён задаволены тым, што ніякія бытавыя праблемы не перашкаджаюць яму ўдасканальваць свае веды як прадметніку, а таксама спасцігаць майстэрства арганізатара і адміністратара.

На пытанне “Чаму засталіся ў раёне?” Сяргей Уладзіміравіч адказвае проста і шчыра: “Цудоўны край, дзе кожны куток – гісторыя. Цікавыя людзі, гаворка, звычаі. Валожыншчына для гісторыка – сапраўдны рай. Вывучэнне адной толькі этнаканфесіянальнай сітуацыі чаго каштуе!”

Малады намеснік дырэктара найбольшае значэнне ў арганізацыі сваёй работы надае выхаванню грамадзяніна-патрыёта. Дарэчы, калектыў настаўнікаў і выхаванцаў Дорскай школы паспяхова рэалізуе праект “Захаванне гістарычнай памяці малой радзімы праз узаемадзеянне суб’ектаў адукацыйнага працэсу і соцыуму”. Сяргей Уладзіміравіч сцвярджае: “Чалавек, які любіць Радзіму, цікавіцца яе жыццём, паважае свой народ і матуліну мову, вывучае гісторыю і робіць з яе пэўныя высновы, – гэта і ёсць сапраўдны патрыёт”. Між іншым, ён упэўнены, што сёння быць настаўнікам і прэстыжна, і модна, і, галоўнае, перспектыўна. Без гэтай няпростай прафесіі немагчыма ні адна іншая. Як чалавек, які ўсё жыццё старанна вывучае змены ў грамадстве, ён ведае, што старонкі гісторыі гартаюцца хутка, змяняючы эканоміку і палітыку, прыносячы дзяржавам то крызісы, то росквіт, але разумнае, добрае, вечнае заўсёды застаецца запатрабаваным у любога народа.

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий