Больш увагi бяспецы на вадзе

Закон и порядок

Нядаўна прайшоў пленум абласнога савета ТВВОД, на якім былі акрэслены накірункі работы на бягучы год і абмеркаваны гаспадарчыя задачы.

Многія дапаўненні ў сістэму функцыянавання Таварыства прыўнесла пастанова Савета міністраў № 1065. Старшыня раённай арганізацыі “Таварыства выратавання на водах” Юльян Міхайлавіч Балдоўскі акрэсліў асноўныя патрабаванні дакумента. У прыватнасці, гэта абсталяванне пляжаў у адпаведнасці з правіламі аховы жыцця людзей на водах. Да пачатку летняга сезона належыць правесці пашпартызацыю пляжаў, стварыць на гэтых аб’ектах ведамасныя выратавальныя пасты, аснасціць іх і забяспечыць функцыянаванне. Пакуль у раёне разглядаецца магчымасць такі пост стварыць на адным з самых буйных і ажыўленых месцаў адпачынку – Жоўтым Беразе. Абласны агляд-конкурс “Бяспека на вадзе вачамі дзяцей”, “Тыдні бяспекі на водах” плануецца арганізоўваць у працоўных калектывах, установах адукацыі і дашкольнага выхавання, аздараўленчых лагерах.

Згодна са статыстычнымі данымі, наш раён займае 7-е месца ў вобласці па арганізацыі бяспекі на водах. Станоўча ацэнена дзейнасць часовых выратавальнікаў – матросаў Васіля Іванавіча Брылеўскага і Міхаіла Іванавіча Мартуновіча. У купальны сезон яны заступаюць на пастаяннае дзяжурства на пост, размешчаны на вадасховішчы каля вёскі Гардынава. Яны спраўна нясуць вахту і адказна падыходзяць да пастаўленых задач: абодва раней служылі ў раённым аддзеле ўнутраных спраў і не на словах ведаюць, што гарантам чыйгосьці жыцця ў любы момант могуць стаць пільнасць і ўменне рашуча дзейнічаць у нестандартных сітуацыях.

Немалаважным пытаннем падтрымання бяспекі на водах з’яўляецца выраб нагляднай агітацыі. На гэтыя мэты ідуць членскія ўзносы, сабраныя райарганізацыяй ТВВОД. Сёння ў раёне дзейнічаюць 42 пярвічныя арганізацыі, у якіх налічваецца 2315 удзельнікаў. За 2015 год удалося сабраць больш за 13 мільёнаў рублёў. Вялікую падзяку кіраўніцтва арганізацыі адрасуе аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, КУП “Валожынскі жылкамунгас”, філіялу ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, цэнтральнай раённай бальніцы і інш. Іх фінансавы ўклад будзе ўвасоблены ў плакатах, расцяжках, лістоўках, іншых матэрыялах і дапаможа данесці сэнс бяспечных паводзін на вадзе больш шырокаму колу насельніцтва.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий