Вясновыя работы

Культура

Надвор’е вясной зменлівае. Таму час правядзення садовых работ цяжка прымеркаваць да вызначанай даты. Ён залежыць, перш за ўсё, ад умоў надвор’я.

З надыходам цяпла прыбярыце сухое лісце, ветралом, рэшткі апор і іншае садовае смецце. Знішчайце маладое пустазелле. Адмыйце рамы і шкло парніка, прачысціце вадасцёкі, ачысціце пліткі дарожак ад моху. Пераканайцеся, што садовая мэбля гатовая да выкарыстання.

Падкарміце пладовыя і дэкаратыўныя дрэвы і кусты, а таксама шматгадовыя расліны. Выкарыстоўвайце агульнае мінеральнае ўгнаенне ці ўгнаенне з павышаным утрыманнем калію, курыны памёт. Уносьце іх толькі ў добра ўвільготнены грунт.

Пры нізкіх плюсавых тэмпературах можна саджаць і перасаджваць дрэвы і кусты, уключаючы пладовыя і вечназялёныя. Да пачатку новага росту неабходна правесці абрэзку пладовых костачкавых дрэў і некаторых пладовых ягадных кустоў, дэкаратыўных дрэў і кустоў, якія цвітуць летам ці восенню. Не абразайце тыя, што цвітуць вясной ці напачатку лета на атожылках мінулага года, іх трэба абразаць адразу ж пасля цвіцення. У гэты час садаводы праводзяць прышчэпку дрэў.

Першае апырскванне садовых дрэў супраць шкоднікаў і хвароб звычайна праводзяць, калі сярэднясутачная тэмпература паветра дасягае плюс 5 градусаў. Да распускання пупышак неабходна паспець апрацаваць інсектыцыдам супраць яек яблыневай медзяніцы, шчытовак, рознай тлі, пладовых кляшчэй, ліставёртак, гусеніц яблыневай молі, якія зімуюць на кары.

У канцы сакавіка можна пачынаць праветрыванне накрытых на зіму руж і іншых цеплалюбівых раслін. Лепш за ўсё гэта рабіць у сонечныя дні пры плюсавай тэмпературы. Асноўная задача – забяспечыць доступ свежага паветра, не даючы збірацца кандэнсату, і паступова прывучыць расліны да новага тэмпературнага рэжыму.

Пры тэмпературы плюс 5 трава на газоне пачынае расці. Час прыбраць лісце і смецце з яго, адкарэкціраваць межы і правесці вясновую апрацоўку газона. Праводзіцца стрыжка і рамонт жывой агароджы.

На ўчастках, дзе снег сыходзіць хутка, могуць агаліцца градкі з пасаджанымі пад зіму культурамі і шматгадовымі кветкамі. Каб прадухіліць вымярзанне, градкі прысыпце тонкім пластом тарфяной дробкі ці накрыйце плёнкай. Гэтак жа паступаюць і з градкамі, на якіх плануецца пасеяць раннія зяленіўныя культуры: радыску, кроп, салату, пекінскую капусту.



Добавить комментарий