Догляд за малiнай

Культура

Вясновы догляд за малінай пачынаецца, калі сыходзіць снег і ўсталёўваюцца плюсавыя тэмпературы, з падвязкі кустоў. Рабіць гэта трэба як мага раней, каб паспець правесці ўсе работы да пачатку актыўнага руху сокаў.

Зямля вясной вельмі мяккая. Сачыце за тым, каб не ўтаптаць яе падчас працы. Занадта шчыльная глеба, асабліва гліністая, перашкаджае нармальнаму росту маліны.

Вясновую абрэзку праводзяць у два этапы. Перш за ўсё трэба выдаліць атожылкі, пашкоджаныя шкоднікамі. Пазбаўляюцца таксама пашкоджаных, моцна падмерзлых і слабых парасткаў. Незалежна ад формы пасадкі маліны праводзяць прарэджванне. Пажадана абразаць маліну так, каб яна расла свабодна, у адваротным выпадку яна атрымлівае мала сонца і харчавання.

Другі раз маліну абразаюць, калі яна кранецца ў рост. Верхавіны парасткаў укарочваюць да першай добра перазімавалай пупышкі. Вызначыць яе нескладана: яна павінна быць звычайнага памеру і колеру і выглядаць настолькі ж саспелай, як і астатнія.

Маліна мае патрэбу ў дадатковых угнаеннях. Самыя важныя для яе – азотныя, калійныя і фосфарныя, але любіць і арганічныя. Азотныя падкормкі звычайна ўносяць менавіта ў вясновы і летні час, паколькі яны змяншаюць марозаўстойлівасць і не падыходзяць для выкарыстання восеню. Недахоп азоту прыводзіць да запаволення росту парасткаў, здрабнення лісця і рэзкага зніжэння ўраджаю. Недахоп фосфару праяўляецца ў паслабленні парасткаў, а дэфіцыт калію не толькі дрэнна ўплывае на ўраджайнасць, але і моцна змяншае зімаўстойлівасць.

Асноўныя шкоднікі маліны – сунічна-малінавы даўганосік, малінавы жук, сцябловая муха і атожылкавая галіца. Каб абараніць маліну ад шкоднікаў, не грэбуйце самымі простымі агратэхнічнымі мерапрыемствамі: абрэзкай, уборкай рэшткаў, своечасовай перакопкай глебы. Даўганосікі, галіцы, лічынкі жукоў зімуюць у пашкоджаных ці адмерлых частках куста і ў глебе. Усе пашкоджаныя атожылкі, выдаленыя пры абрэзцы, неабходна спальваць! Недапушчальна выкарыстоўваць заражаныя часткі раслін для кампосту ці іншых мэт: паразіты маліны разнясуцца па ўсім участку.

Да друку падрыхтавала Таццяна МАРЧЫК



Добавить комментарий