ДАРАГІ ЗАКАЗ
Лясныя ўгоддзі Ракаўскага лясніцтва даўно запрыкмеціў жыхар Клецкага раёна. Але прываблівала яго не чыстае паветра і не дары прыроды, а каштоўная драўніна, на якую заўсёды быў попыт і нават паступіў дакладны заказ. Займацца незаконнай высечкай рашыў ноччу, аднак не звярнуў увагі на тое, што гул працуючай бензапілы разносіцца далёка па наваколлі. Гэта акалічнасць і насцярожыла аднаго з жыхароў бліжэйшай вёскі, аб чым, дарэчы, ён не прамарудзіў паведаміць у міліцыю.
У хуткім часе на месца злачынства прыбылі работнікі дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Зламыснік паспеў спілаваць 9 дубоў, 6 елак і 5 арэшын, якія былі ацэнены больш чым у 20 мільёнаў рублёў.
Як высветлілася ў ходзе правядзення следства, 48-гадовы мужчына ўзяўся за колішнюю справу: дагэтуль ён не раз ужо меў праблемы з законам, нідзе не працаваў. Крымінальная справа па факце злачынства з пракуратуры перададзена ў суд.
ПАД УПЛЫВАМ
ЛЮБОЎНАЙ ГАРАЧКІ
Напярэдадні жаночага свята ў дзяжурную часць РАУС паступіла паведамленне ад жыхара вёскі Бабровічы, што ў яго з падворка знік веласіпед. Прапажу знайшлі досыць хутка, а дапамагла пільнасць супрацоўнікаў аддзялення Дэпартамента аховы.
Следчы раённага следчага камітэта Д. В. Мікуліч паведаміла, што 20-гадовы жыхар вёскі Гарадзілава Маладзечанскага раёна не меў на мэце ўкрасці чужую маёмасць. У той дзень ён знаходзіўся ў любоўнай гарачцы: каханая дзяўчына паехала да сяброўкі, якая пражывала ў Бабровічах, і не адказвала на тэлефонныя званкі. Не марудзячы, вырашыў паехаць услед. Аўтастопам дабраўся да вёскі, адшукаў патрэбны дом. Але высветлілася, што са сваёй дзяўчынай ён размінуўся – тая ўжо паспела накіравацца дадому. Блукаючы ў роспачы па незнаёмым наваколлі, убачыў на адным з падворкаў прыпаркаваны веласіпед. Доўга не раздумваючы, усеўся на двухколавага спадарожніка і хутка паспяшаўся назад. Але па вуліцы Пушкіна райцэнтра яго затрымалі міліцыянеры, бо некалькі гадзін таму бачылі гэтага ж маладога хлопца, толькі ішоў ён пешшу.
Цяпер юнак знаходзіцца дома, атрымаўшы падпіску аб нявыездзе. Але за крадзеж яму пагражае да 3 гадоў зняволення.
НЕЧАКАНЫ ПАВАРОТ
12 сакавіка пасля полудня нарад супрацоўнікаў ДАІ ў вёсцы Доры спыніў для праверкі дакументаў вадзіцеля аўтамабіля. Пры аглядзе машыны ў багажніку выявілі 6 пластыкавых ёмістасцей па 5 літраў кожная са спіртаўтрымліваючай вадкасцю. Мужчына патлумачыў, што працуе дальнабойшчыкам, тавар набыў у Расіі, але не памятае, у якім менавіта месцы, на ўласныя патрэбы.
Вадкасць часова забралі і накіравалі на экспертызу. Калі сумненні наконт якасці пацвердзяцца, вінаватага чакае штраф у памеры да 21 мільёна рублёў і канфіскацыя тавару.
ПАКІНУЛІ БЕЗ НАГЛЯДУ
Экскаватар, які знаходзіўся ля меліярацыйнага канала паблізу вёскі Прыбарныя, нячыстыя на руку за ноч паспелі поўнасцю разукамплектаваць: знялі паліўную помпу, стартар, радыятар, 2 акумулятарныя батарэі. ДУП “Валожынскае ПМС”, якому належыць тэхніка, нанесены ўрон амаль на 5 мільёнаў рублёў.
Па словах кіраўніцтва прадпрыемства, крадзеж адбыўся на вялікія выхадныя дні, якія прыпалі на жаночае свята. Да таго ж у сувязі з няпростым эканамічным становішчам калектыў пераведзены на 4-дзённы рабочы тыдзень. Вось па гэтай прычыне і пакінулі без нагляду на некалькі дзён экскаватар, які праводзіў ачыстку меліярацыйных каналаў, спадзеючыся на аддаленасць ад аўтамабільнай дарогі і на сумленне людзей. Хаця горкі вопыт атрымліваюць штогод.
Сяргей ГЕЛДА,
намеснік начальніка РАУС
Алена ЗАЛЕСКАЯ