«Хто ёсць хто ў Рэспублiцы Беларусь»

«Хто ёсць хто ў Рэспублiцы Беларусь»пад такой назвай у выдавецтве “Энцыклапедыкс” выйшла энцыклапедыя, у якой прадстаўлены працоўны, творчы і духоўны патэнцыял Беларусі. Сярод лепшых людзей краіны – 10 прадстаўніц Валожыншчыны, членаў раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”. 

Выпуск чарговай, 25-й па ліку кнігі, прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У даведачнае выданне ўвайшлі біяграфіі, прадстаўленыя Беларускім грамадскім аб’яднаннем ветэранаў, ГА “Белая Русь” і “Беларускі саюз жанчын”. Гэта ветэраны вайны і працы, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі выканаўчай і заканадаўчай улады, кіраўнікі і вядучыя спецыялісты прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, мастацтва і спорту. Іх заслугі адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі і званнямі, павагай працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў, у якіх яны працавалі ці працуюць.

Валожыншчыну прадстаўляюць: Валянціна Францаўна ГІРУЦЬ-РУСАКЕВІЧ – кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі; Надзея Васільеўна ГЛУСКАЯ – загадчыца акушэрска-гінекалагічнага аддзялення Валожынскай ЦРБ, выдатнік аховы здароўя; Ірына Сяргееўна КАВАЛЕНКА – першы сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі, старшыня раённага каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый; Лізавета Станіславаўна ПЯТРОЎСКАЯ – кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву “Гасцінец” Ракаўскага Цэнтра народнай творчасці; Яўгенія Іванаўна ХАРУК – кіраўнік народнага хору ветэранаў “Спяваючыя сэрцы” раённага Цэнтра культуры; Марыя Антонаўна ШАКУН – кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, выдатнік адукацыі, паэтэса, аўтар 2 зборнікаў вершаў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі; Алена Аляксандраўна СТРАЧЫНСКАЯ – аператар машыннага даення КСУП “Пяршаі-2014”; Марыя Пятроўна ФІЛІПОВІЧ – былы дырэктар Івянецкага дзіцячага ясляў-сада “Лесавічок”, член савета дырэктараў гарпасёлка Івянец; Наталля Мікалаеўна ГУРЫНА – удзельніца клуба прыёмных бацькоў “Надзея”, пераможца конкурснай шоу-праграмы “Місіс прыёмная мама”, маці 6-і дзяцей, траіх з іх удачарыла; Святлана Вітольдаўна ФЕДАРАКА – настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 Валожына, “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у 2009 годзе, член савета абласнога клуба педагогаў Мінскай вобласці “Флагман”.

Серыя энцыклапедычных даведнікаў заснавана ў 1999 годзе і выдаецца ў міжнародным фармаце “Who is who”. Ужо пабачылі свет чатырохтомнік пра афіцэраў Узброеных Сіл, двухтомнік пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, асобныя кнігі пра лепшых спартсменаў, архітэктараў, будаўнікоў, прадстаўнікоў дзелавога свету і беларусаў за мяжой.

P.S. Гартаючы старонкі энцыклапедыі, выпадкова знайшла прозвішчы нашых землякоў, якія нарадзіліся і выраслі на Валожынскай зямлі, але вядомымі і паважанымі сталі ў іншым кутку Беларусі. Сярод іх: Уладзімір Уладзіміравіч КАПУСЦІН – ураджэнец Валожына, кандыдат тэхнічных навук, генеральны дырэктар АТ “Беларуская асацыяцыя экспертаў і сюрвейераў на транспарце”; Уладзімір Аляксеевіч БАЦЯН – ураджэнец вёскі Навіны, старшыня ветэранскай арганізацыі ЗАТ “Холдынгавая кампанія “Пінскдрэў”, які да выхаду на заслужаны адпачынак з’яўляўся дырэктарам гэтага прадпрыемства.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars